Как платить за телефон?
Жыхарка вёскі Міхалішкі, пастаянная чытачка нашай «раёнкі» Алена Іванаўна Сямашка цікавілася, чаму раённы вузел электрычнай сувязі не публікуе ў раённай газеце тарыфы па аплаце за тэлефон, і прасіла расказаць, як налічваецца абаненцкая плата за карыстанне сувяззю.За адказам на пытанне мы звярнуліся да начальніка вузла электрычнай сувязі Сяргея Міхайлавіча Хіневіча:
– Кампанія «Белтэлекам» прытрымліваецца пазіцыі максімальна магчымага стрымлівання росту цэн. Аднак пастаяннае развіццё тэлекамунікацыйных тэхналогій і забеспячэнне гарантаванай высокай якасці паслуг немагчыма без мадэрнізацыі сеткі, набыцця сучаснага абсталявання, распрацоўкі новых тэхнічных рашэнняў і паслуг.
Менавіта таму ў рамках праграмы па давядзенні рэгулюемых тарыфаў да ўзроўню аплаты сабекошту ў адпаведнасці з пастановай Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь №68 ад 10.12.2015 з 20 снежня павысіліся рэгулюемыя тарыфы на паслугі электрасувязі.
З 25 снежня Белтэлекам унёс змяненні ў кошт некаторых паслуг электрасувязі. Так, міжнародныя тэлефонныя злучэнні падаражалі на 6%, паслугі інтэрактыўнага тэлебачання Zala на 3%, пакеты паслуг
электрасувязі – да 2% і іншыя.
На сёння абанементная плата за карыстанне тэлефонам для жыхароў раёна складае 27 000 рублёў. Пагадзінная аплата за кожную поўную і няпоўную хвіліну каштуе 57 рублёў. Калі вы збіраецеся тэлефанаваць родзічам ці знаёмым у гарады і вёскі нашай краіны, давядзецца заплаціць 130 рублёў за хвіліну, прычым да гэтай сумы неабходна будзе дадаць 57 рублёў пагадзіннай аплаты і суму ў памеры 5% ад усяго кошту размовы.
Існуюць і зніжкі. Так, калі вы будзеце тэлефанаваць у краіны далёкага замежжа з 11 гадзін вечара да 6 гадзін раніцы ў любы дзень тыдня, то для вас будуць дзейнічаць зніжаныя тарыфы.
Што датычыцца пытання аб публікацыі ў раённай газеце змяненняў па аплаце за тэлефон, то згодна з дагаворам, які арганізацыя заключае з насельніцтвам, Белтэлекам мае права інфармаваць насельніцтва праз сайт нашай арганізацыі ці праз сродкі масавай інфармацыі, таму ўсю падрабязную інфармацыю аб змяненнях мы прадстаўляем у адпаведных раздзелах сайтаў www.beltelecom.by, а таксама па тэлефоне 130.
-----------------------
Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ.
