Каго з астравецкіх літаратараў чытаюць жыхары раёна

Ганна Лісоўская, аг. Варняны:
– Вымушана прызнаць, што часу на чытанне не хапае – але імкнуся выдзеліць хоць некалькі гадзін на тыдзень для гэтага. Стараюся сачыць за творчасцю сваёй былой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры і проста ўсебакова развітага і цікавага чалавека Людмілы Іванаўны Кухарэвіч. Дарэчы, менавіта яна ў школьны час адкрыла для ўдзельнікаў «Варнянскай хаткі» прозвішчы Старога Уласа, Рычарда Бялячыца, Часлава Навіцкага і іншых. Па форме і змесце падабаюцца лірычныя замалёўкі, назіранні за светам і яго насельнікамі, Святланы Еўтушэнкі, якая выступае ў друку пад псеўданімам Ніна Міралькова. Таксама даспадобы байкі і вершы Станіслава Курылы.

Вольга Тварагаль, г. Астравец:
– Не толькі па прафесіі, але і па поклічы душы маё жыццё звязана з кнігамі і літаратурай – працую ў бібліятэцы. На Астравеччыне шмат таленавітых і адметных паэтаў і празаікаў. Падабаюцца вершы Людмілы Кухарэвіч і Святланы Бацюлевай: першыя – за меладызм, другія – за яркія вобразы. Люблю прозу Ніны Рыбік і Таісы Сямёнавай. Самабытнасцю вылучаюцца замалёўкі Святланы Еўтушэнка. Цяпер у нас гасцююць унукі – з вялікай ахвотай разам чытаем «Куфэрак бабці Ганці» Інэсы Багдзевіч.

Вольга Каткоўскіс, аг. Варняны:
– Лічу, што любая літаратура павінна кранаць душу, браць за жывое. Не перастаю здзіўляцца пісьменніцкаму таленту былога рэдактара «Астравецкай праўды» Ніны Рыбік. Яна так піша пра людзей і хітраспляценні іх лёсаў, што атрымліваюцца кароткаметражныя фільмы ў кніжным фармаце. Піша іх пранікнёна – душой. Апавяданні Ніны Аляксееўны прымушаюць задумацца над спрадвечнымі пытаннямі дабрыні і зла, кахання і нянавісці, вернасці і здрады.
Я працую ў Гервяцкай СШ, і жыхары гэтага краю з нецярпеннем чакалі кнігу «Вялікая душа маленькай парафіі» аўтарства Ганны Чакур. Кожны, хто прачытае яе, даведаецца ці ўзгадае, якая вялікая душа была ў святара Леаніда Несцюка. Дарэчы, матэрыялы кнігі нашы вучні выкарыстоўвалі ў навукова-даследніцкай рабоце па гісторыі Троіцкага касцёла.

Святлана Лукша, в. Дуда:
– Самыя светлыя, самыя блізкія і самыя моцныя вершы ў светлай памяці Людмілы Фабіянаўны Валадзько. Гэта была настаўніца, жанчына і чалавек ад Бога. Дарэчы, словы гімна нашай Падольскай школы – яе аўтарства. Людміла Фабіянаўна засталася ў сэрцах многіх сваіх вучняў.
