Использованные батарейки и аккумуляторы приносите в магазин "Микс"
Штодзённа мы карыстаемся прыладамі і прыборамі, якія сілкуюцца ад батарэек і акумулятараў: фотаапаратам, пультам ад тэлевізара… Дзіцячыя цацкі са складанымі механізмамі могуць хадзіць ці спяваць, дзякуючы батарэйкам, нават насценны гадзіннік сілкуецца ад гэтых элементаў. Яны трывала ўвайшлі ў нашае жыццё. Але многія людзі не ведаюць, што батарэйку нельга выкідваць са звычайным смеццем пасля таго, як яна зрасходуе свой зарад.– Нядаўна скардзілася знаёмая дзяўчына, якая працуе ў магазіне, што людзі часам проста пад ногі выкідваюць батарэйкі, – гаворыць Рыгорый Палын, агранізатар і каардынатар маладзёжнага экалагічнага руху “Эка-край”. Трэба ведаць, што адна “пальчыкавая” батарэйка забруджвае цяжкімі металамі каля 20 квадратных метраў зямлі ці 400 літраў вады. Гэта адбываецца таму, што ў склад батарэек уваходзяць цяжкія металы – цынк, марганец, кадмій, ртуць. Яны нават у невялікай колькасці могуць нанесці шкоду здароўю чалавека, таму што кругазварот рэчываў у прыродзе заканчваецца якраз чалавекам.
Юнака вельмі хвалявала праблема адсутнасці прыёмнага пункту адпрацаваных элементаў сілкавання ў Астраўцы і таму ён накіраваў запыт у Цэнтр экалагічных рашэнняў. Хутка на электронную пошту Рыгору прыйшоў адказ, з якога вынікала, што Астравец знаходзіцца ў канцы спіска гарадоў, дзе ў бліжэйшы час плануецца адкрыццё пунктаў прыёму небяспечных элементаў. Можна было б, як і ўсім, махнуць рукой: ай, што ад нас залежыць. Але юнак разам са сваімі сябрамі-аднадумцамі арганізаваў аднайменную групу ў сацыяльнай сетцы “Укантакце”.
Актывісты “Эка-краю” з дапамогай лістовак інфармуюць насельніцтва аб шкодзе, якую могуць нанесці адпрацаваныя элементы сілкавання. Дзякуючы намаганням Рыгора і каманды маладзёжнага экалагічнага руху, з нядаўняга часу ў Астраўцы пачаў працаваць пункт прыёму адпрацаваных батарэек і акумулятараў у магазіне “Мікс”.
– У Еўропе на высокім узроўні наладжана сістэма па зборы і ўтылізацыі непатрэбных элементаў сілкавання. Напрыклад, у Германіі чалавеку, які прынёс адпрацаваныя батарэйкі, гарантаваны скідкі на набыццё новых; існуе практыка пакарання ў выглядзе штрафаў для тых, хто выкідвае адпрацаваныя батарэйкі, – распавядае малады чалавек. – На Украіне працуе завод па пераапрацоўцы элементаў сілкавання, куды з 10 прыёмных пунктаў прывозяць непатрэбны матэрыял. На жаль, ён працуе не на поўную магутнасць. Пагэтаму мы з сябрамі планавалі: батарэйкі, якія будуць пастаянна збірацца, перадаваць у пункты прыёму, размешчаныя ў буйных гарадах. Але астраўчане чамусьці не праяўляюць імпэту. Нягледзячы на тое, што кантэйнер аранжавага колеру стаіць у магазіне нядаўна, адпрацаваных батарэек – невялікая колькасць, – з жалем гаворыць юнак…
Цешыць, што ёсць такія маладыя людзі, як актывісты МЭР “Эка-край”, якім не абыякавы лёс навакольнай прыроды і якія на грамадскіх пачатках клапоцяцца пра экалогію.
Калі вы жадаеце дапамагчы маладзёжнаму экалагічнаму руху – прыносьце выкарыстаныя батарэйкі ў магазін “Мікс”. Гэтым вы паклапоціцеся пра экалогію нашага горада, роднага краю – і пра здаровую будучыню сваіх нашчадкаў.
----------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
Фота з сайта govorim.by.