Ірына Садоўская: па адукацыі аграном, па прызванні – меліяратар


Нягледзячы на дождж і спёку гэтыя людзі працуюць літаральна круглы год на ўлонні прыроды. Іх называюць рэаніматарамі зямлі і галоўнымі памочнікамі аграрыяў. Дзякуючы ім сельгасугоддзі Астравеччыны штогод прырастаюць сенажацямі і пашай, адпаведна павялічваюцца і малочныя рэкі…

Майстар будаўніча-мантажных работ

Ірына Садоўская

Імклівая, як вада, хуткая, як вецер, энергічная, як сонца, –  гэта ўсё пра Ірыну Садоўскую. Яна не баіцца  спёкі, яе не спалохаеш дажджом ці холадам – працаваць у палявых умовах для жанчыны справа звыклая і больш таго, любімая.

– Маё месца на аб’екце. У канторы за кам’ютарам я не выседзела б і паўдня. Не ведаю, як трываюць пяць дзён на тыдзень людзі ў офісах? – задалася пытаннем мая суразмоўца. – У нашым адміністрацыйным будынку, канешне, бываю, часцей за ўсё -- на планёрках.

За кожным майстрам будаўніча-мантажных работ замацавана вытворчае звяно. Цяпер Ірына штодзень “наразае” фронт работ, і сочачы за іх выкананнем, для двух машыністаў, якія працуюць на бульдозеры і экскаватары на тэрыторыі Рытанскага сельсавета.

– З мужчынамі працаваць прасцей, чым з жанчынамі, – за гады работы ў тым упэўнілася, – працягвае Ірына. – На гэтым аб’екце шмат работы зроблена, але яшчэ многае трэба выканаць. Выкапалі канал і вялізную сажалку, засыпалі ўсе нізіны, зраўняем поле – і міласці просім аграрыяў!

Жанчына з такім імпэтам і цікавасцю расказвала пра сваю работу, што я не магла не пацікавіцца, якімі сцежкамі яна прыйшла ў раённую меліярацыю.

– Тата штогод убіраў хлеб у мясцовым калгасе і з маленства браў мяне з сабой. Таму, відаць, любоў да зямлі ў мяне ад бацькі, –  расказала Ірына. – Па адукацыі я аграном, а па прызванні – меліяратар. Пасля 8 класа паступіла ў Віцебскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Пасля яго  заканчэння вярнулася на Астравеччыну. Тагачасны аграном упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай Мікалаевіч Верамейчык параіў паспрабаваць свае сілы ў меліярацыі. У красавіку споўнілася 26 гадоў як у гэтым прадпрыемстве…

– У мяне тры дачушкі. Сярэдняя, Каця, пайшла па маіх слядах – яна таксама майстар будаўніча-мантажных работ, праўда, цяпер у дэкрэтным адпачынку. Відаць, на генетычным узроўні дачцэ ад мяне перадалася любоў да прыроды: я ж цяжарная па палях і па палях, – мая суразмоўца крыху прызадумалася. – Хто ведае, магчыма нашу справу працягне хтосьці з маіх ўнукаў і на Астравеччыне з’явіцца дынастыя меліяратараў. 


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич