Иосиф Пильвинский и Франц Ляхович с войны вернулись в 1945-м
Пра франтавы лёс ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Іосіфа Пільвінскага з Падольцаў і Франца Ляховіча з Ласёў расказалі карэспандэнту «АП» іх родныя.
ШТАБНЫ САКРАТАР
– Урачыстасць да Дня Перамогі штогод праходзіла на фабрыцы «Альхоўка» – свёкар там працаваў. Пачынала свята афіцыйная частка – па заведзенай традыцыі ветэраны сядзелі на сцэне ў прэзідыуме, а потым ладзілі канцэрт мастацкай самадзейнасці, – дзеліцца Таццяна, нявестка ветэрана Франца Ляховіча.
Жанчына расказала, што тэму вайны ў іх сям’і не падымалі – ні свёкры, ні яе бацькі (абое ўдзельнікі Вялікай Айчыннай) не любілі прыгадваць тыя часы.
– Нарадзіўся Франц Францавіч 30 кастрычніка 1914 года ў вёсцы Ласі. У сям’і гадавалася пяцёра дзяцей – свёкар быў малодшым, – паведамляе факты біяграфіі родзіча Таццяна. – На вайну ён пайшоў жанатым. Ваяваў у 6-м пяхотным палку 2-й пяхотнай дывізіі. Усё, што ведаем пра франтавы лёс нашага ветэрана, – гэта з газетнага артыкула, які захоўваем у сямейным архіве. У ім свёкар узгадвае, як з іншымі прызыўнікамі дабіраліся на ўласных фурманках у Вільню, дзе іх размеркавалі ў часовыя падраздзяленні; як перад адпраўкай на вайну святар адпраўляў для салдат набажэнства.
Франц Францавіч трапіў на службу ў штаб палка. Спачатку быў памочнікам сакратара, потым стаў сакратаром. Але гэта не азначала, што ён займаўся толькі канцылярыяй – удзельнічаў і ў ваенных аперацыях, і ў атаку хадзіў… Меў шмат баявых узнагарод.
Дэмабілізавалі Франца ў жніўні 1945-га. Салдат выправіўся на радзіму, дзе яго чакалі жонка і маленькі сын. Пасля вайны ў Ляховічаў нарадзілася дачушка і яшчэ адзін сын.
Пайшоў з жыцця наш зямляк 11 ліпеня 1983 года. Пахаваны ў роднай вёсцы – у Ласях.
РАДАВЫ СТРАЛОК
– Мой прадзед Іосіф Іосіфавіч Пільвінскі меў 39 гадоў, калі прызвалі на фронт, – расказвае праўнук ветэрана Сяргей Чапукойць і працягвае:
– Прадзед родам з Падольцаў. Павестка на фронт яму прыйшла ў лістападзе 1944-га са Свірскага райваенкамата, бо ў той час вёска была ў складзе Свірскага раёна Вілейскай вобласці. 12 лістапада прадзед прыбыў у Вілейскі перасыльны пункт, праз два дні яго накіравалі ў Маладзечанскі, а адтуль – на перадавую.
З вайсковых дакументаў ведаем, што Іосіф Іосіфавіч быў радавым чырвонаармейцам 5-й роты 2-га стралковага батальёна. Дайшоў да Берліна – у яго і медаль за ўзяцце гэтага горада быў. Узнагароджаны ён і медалём
«За адвагу».
Мамін тата расказваў, што пра баі яго бацька ніколі не гаварыў, а вось франтавыя будні ўзгадваў часта: і як мерзлі ў маразы, і як часамі не хапала правіянту – тады радаваліся любой ежы, і як разбіралі з таварышамі забітага каня – бралі ўсё, чым можна было «заправіць» ваду ў паходным кацялку…
Вярнуўся прадзед у Падольцы ў 1945 годзе. Ажаніўся на аднавяскоўцы. У іх нарадзіліся дзве дачкі і сын – гэта мой дзядуля.
Пражыў Іосіф Іосіфавіч 77 гадоў.

