Імпрэза ў гонар Сваяка адбылася ў Баранях
Па добрай традыцыі, якая зарадзілася больш за 10 гадоў назад, двойчы на год памяць пра нашага слыннага земляка, святара, паэта Казіміра Сваяка ўшаноўваецца двойчы на год: у лютым, калі нарадзіўся Канстанцін Стэповіч, – у Камаях, у маі, калі яго не стала, – на Астравеччыне. Сёлетні год не стаў выключэннем: сваіх духоўных сыноў і дачок з розных куточкаў Беларусі Сваяк сабраў у Баранях.

Планавалася, што сваякоўская сустрэча распачнецца з імшы ў клюшчанскай капліцы і працягнецца ў доме-музеі братоў Стэповічаў. Але праліўныя дажджы ў апошні момант унеслі карэктывы ў планы “хаўрусаўцаў”… З раніцы суботы неба апранулася ў свінцовыя набраклыя ад празмернай вільгаці хмары – дождж не спыняўся: суправаджаў нас з Варнян да Бараняў, якія, на дзіва, сустракалі яркім сонцам, легкакрылым ветрам і насычанай зялёнай травой. Забягаючы наперад, скажу, што да канца імпрэзы неба не прараніла ніводнай слязінкі – дождж “злавіў” толькі на зваротным шляху… Ці не цуд! Але не варта дзівавацца: незвычаныя з’явы пастаянна здараюцца падчас сваякоўскіх сустрэч. Аднойчы патухла, а потым ізноў загарэлася свечка без чыёйсьці дапамогі; другі раз напачатку імшы ў клюшчанскі касцёл Святога Яўхіма – гэта было да трагедыі, калі святыня цалкам загінула ў агні , – заляцела ластаўка: нібыта сам Казімір Сваяк праз птушачку даў знак, што ён усё бачыць і чуе…

…Барані – дагледжаная невялікая вёсачка, у якой засталося ўсяго 11 жыхароў. Парослыя мяккай травой сцяжынкі памятаюць дотык босых ног маленькага Кастуся і яго смех. Узгадаць Казіміра Сваяка, падыхаць гаючым паветрам яго малой радзімы, сустрэцца з аднадумцамі – шмат людзей адгукнулася на запрашэнне пробашча парафіі Арханёла Міхала ў Міхалішках Анатоля Захарэўскага. З парафіянамі і міністрантамі з Камаяў прыехаў ксёндз Яцэк Хутман, які напярэдадні імпрэзы прывёз у дом-музей алтар, каб можна было правесці службу пад адкрытым небам. Далучыўся да сваякоўскіх сустрэч і родны брат ксяндза Анатоля ксёндз Віктар Захарэўскі (Варняны) і пробашч з Лынтупаў Аляксандр Баран. Са святароў, якія нясуць душпастырства на Астравеччыне, прысутнічалі пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Быстрыцы ксёндз Казімір Ляховіч і айцец-кармеліт з мястэчка Гудагай Юрый Находка. Каб выканаць усе меры засцярогі ў сувязі з каронавіруснай інфекцыяй імшу было выраша праводзіць на вуліцы.
– У гэтым прыгожым месцы мы сёння ўзгадваем Казіміра Сваяка, – распачаў казанне айцец Юрый Находка. – Ён меў паэтычны талент, які праяўляўся і ў духоўным жыцці , – яно брала пачатак з моманту хросту. Ксёндз Кастанцін быў святаром, цэлебраваў імшу – яднаў чалавека з Богам, гэта вынікала з яго асабістай лучнасці з Усявышнім.
Святар у казанні разважаў пра мукі Хрыста і апосталаў, пра вернасць і здраду, і правёў паралель паміж выпрабаваннямі, якія годна перажыў Езус, і выклікамі часу, якія ўзнікаюць перад святарамі. У свой час Казімір Сваяк, нягледзячы на пераследы, цяжкасці, урэшце – смяротную хваробу – не выракся Бога і сябе: звяртаўся з амбоны да людзей па-беларуску, адкрываў школы, апекаваўся вяскоўцамі.
Пасля імшы, на якой вернікі шчыра маліліся за Сваяка, распачалася імпрэза. Яе вядоўца, краязнаўца Алесь Юркойць нагадаў, што сёлета ў 15-ты раз сваякоўскія сустрэчы збіраюць сяброў.

– Мінула 95 гадоў з таго дня, калі не стала Казіміра Сваяка. У такі ж прыгожы, вясенні дзень сумная вестка прыляцела ў бацькоўскі дом у Баранях: сэрца святара-паэта перастала біцца, – адзначыў Алесь.
Ніводная сваякоўская сустрэча на Астравеччыне не абыходзіцца без вернікаў з Камаяў. Слова ад сваёй дэлегацыі ўзяла настаўніца Генаефа Дубіловіч. Яе лірычнае эсэ “Сэрца святара” стала падарункам для прысутных ксяндзоў.

У гэты дзень узгадвалі тых людзей, якія захоўвалі памяць пра Сваяка, але адышлі ў лепшы свет. Яська Драўніцкі, напрыклад, адшукаў ў Ленінскай бібліятэцы прыжыццёвы зборнік Казіміра Сваяка “Мая ліра”, уручную перапісаў яго і некалькі гадоў назад перадаў рукапіс дому-музею братоў Стэповічаў. Паэт Аркадзь Нафрановіч прысвячаў Канстанціну Стэповічу вершы… Пранікнёна і шчыра прагучалі паэтычныя творы Віктара Шніпа і Януша Малеца ў выканні нястомнай Іаланты Валуевіч.
Летась да 130-годдзя з дня нараджэння паэта-святара газета “Астравецкая праўда” зладзіла конкурс для літаратараў, мастакоў і фатографаў – яго вынікі былі падведзены напачатку гэтага года. Адзінагалосна перамогу ў намінацыі “жывапіс” рэдакцыя аддала таленавітай мастачцы з Дайлідак Тарэсе Варановіч. Жанчына ахвяравала палатно, на якім на фоне касцёла Святога Яўхіма на камені сядзіць задуменны Казімір Сваяк, ключшанскай парафіі. На жаль, Тарэса Іосіфаўна не змагла прысутнічаць на імпрэзе – карціну ксяндзу Анатолю перадала паэтэса з Варнян Людміла Кухарэвіч. А таксама прачытала верш Казіміра Сваяка і акапэльна, вельмі тонка і душэўна, выканала ўласную песню пра Маці Божую. На гэтым прыемнасці не скончыліся: ад рэдакцыі аўтар гэтых радкоў перадала Дыпломы пераможцаў ў намінацыі “проза” і “фотаздымак” Іаланце Валуевіч і Зофіі Шапель.

Мастак-ілюстратар Галіна Хінка-Янушкевіч падарыла камайскім дзецям два выданні з уласнымі ілюстрацыямі: кнігу з вершамі ксяндза Яна Твардоўскага і зборнік Мар’яна Дуксы.
…Яшчэ доўга над наваколлем разносіліся песні “Вёсачка Барані”, “Дробна драбніца” і лілася жывая гамонка аднадумцаў, якіх на сваёй малой радзіме сабраў святар з душой паэта.


Фота аўтара і Таццяны КУЧЭЎСКАЙ.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.