Играли в шашки не ради призов
У парафіяльным доме касцёла Адшукання святога Крыжа ў Астраўцы прайшоў шашачны турнір.Адзінаццаць пар ігракоў рознага ўзросту, ад шасці да сямідзесяці гадоў, змагаліся за права лічыцца лепшым шашыстам парафіі. Паядынкі паміж удзельнікамі праходзілі ў розных узроставых катэгорыях. За тым, як праходзілі шашачныя баталіі, назірала кампетэнтнае журы ў складзе прадстаўнікоў касцельнага камітэта У. Барысевіча і А. Ярмака.
З вялікім задавальненнем і радасцю вызначалі сапернікаў самыя маленькія балельшчыкі, якія па чарзе выцягвалі нумаркі і хлопалі ў далонькі, калі ігракі займалі свае месцы за сталом.Па-рознаму праходзілі паядынкі: хтосьці хутка і ўпэўнена “забіраў” перамогу, камусьці прыходзілася добра папацець, каб яшчэ на крок прыблізіцца да п'едэсталу.
У выніку напружаных “баёў” перамогу ў групе дарослых святкавала Ірына Клепусевіч, сярод моладзі перамог Максім Ярмак.
– Прыняць удзел у турніры па шашках маглі не толькі жыхары нашай парафіі, але і ўсе жадаючыя, – гаворыць ксёндз Андрэй Горбач. – Вельмі прыемна, што людзей на нашу прапанову адгукнулася шмат. І для ўсіх, хто збіраецца на нашы мерапрыемствы, не прыз з'яўляецца галоўнай мэтай. Найбольш для нас важныя стасункі і магчымасць зрабіць сваё жыццё больш насычаным і цікавым. Асабліва мы рады таму, што можам збірацца разам у гэтым прыхадскім доме, які з задавальненнем абжываем. Дзякую ўсім людзям, якія дапамаглі ў яго ўзвядзенні, а таксама нашым парафіянам.
– Свет чалавека прыгожы тады, калі ён сам яго “малюе”, калі прыкладае намаганні, каб зрабіць яго цікавейшым, прыгажэйшым і шчаслівейшым, – працягвае ксёндз Андрэй. – Увогуле ў нас шмат планаў і мы запрашаем усіх, каму гэта патрэбна і цікава, удзельнічаць у нашых мерапрыемствах, гульнях, акцыях і з задавальненнем самі адгукнёмся на цікавыя прапановы.
--------------------------------
Вольга ХАЦЯНОВІЧ, фота аўтара.