Хочаце стаць касманаўтам? Званіце!
Хто ў дзяцінстве не марыў стаць касманаўтам? Але мары гэтыя здаваліся такімі ж нязбытнымі, як скажам, знайсці скарб…
Але зараз да яе ажыццяўлення бліжэй, чым калі б то ні было. Як ужо паведамлялі расійскія сродкі масавай інфармацыі, з-за шэрагу ўнутраных праблем там адчуваецца пэўны дэфіцыт жадаючых паступіць у атрад касманаўтаў. Выхад з сітуацыі знайшлі просты – вырашана было пашырыць пошукі кандыдатаў у будучыя касманаўты ў іншых краінах СНД. Найперш – у Беларусі, як самай блізкай да Расіі па духу краіне.
А ў сувязі з тым, што наш зямляк Леанард Тапуць працуе на касмадроме Байканур, адным з першых рэгіёнаў Беларусі для выбару будучых касманаўтаў была абрана Астравеччына.
Тыя з нашых землякоў, хто хоча праз год-другі паляцець у космас, можа падаць заяўку і паспрабаваць прабіцца у атрад касманаўтаў. Заяўку можна падаць у нядзелю, 1 красавіка – у гэты дзень у нашым раёне будзе працаваць прадстаўнік расійскага атрада касманаўтаў. З 9.00 да 17.00 трэба патэлефанаваць па нумары 80293287599 і паведаміць свае анкетныя дадзеныя. Паспрабаваць сваё шчасце могуць мужчыны і жанчыны ва ўзросце ад 22 да 40 гадоў з вышэйшай адукацыяй, якія маюць добрае здароўе – зрэшты, апошняе ў прэтэндэнтаў затым усебакова будзе правяраць кампетэнтная камісія. Прафесія рашаючай ролі не мае.
Такім чынам, калі вы хочаце паглядзець на нашу блакітную планету з касмічных глыбінь і разам з тым – выканаць для ўсяго чалавецтва цікавыя і неабходныя эксперыменты, трэба патэлефанаваць у вызначаны дзень і час і запісацца ў лік прэтэндэнтаў на залічэнне ў атрад касманаўтаў. А затым чакаць свайго зорнага – у прамым сэнсе гэтага слова– часу.
Магчыма, трэцім касманаўтам Беларусі стане менавіта прадстаўнік Астравеччыны. І цалкам верагодна, што гэта будзеце менавіта вы! Паспрабуйце!