Гудогайские школьники выбирают чистый воздух

За чыстае паветра і здароўе!
Менавіта гэты дэвіз выбралі сабе вучні і педагогі Гудагайскай школы, калі вырашылі ў суботні дзень адмовіцца ад асабістага і грамадскага транспарту і перасесці на веласіпеды.


Школьнікі, якім споўнілася 14 гадоў, пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце І.М. Жалток і класнага кіраўніка 9 “А” класа Г.У. Клімянок вырашылі пазмагацца за чысціню паветра і палепшыць сваё здароўе – і ў Дзень без аўтамабіля, які якраз і адзначаўся ва ўсім свеце 22 верасня, арганізавалі велапрабег па маршруце “Гудагай-Лазоўка-Слабодка-Астравец-Гудагай”.
Нават моцны туман, які ў той дзень ахінуў пасёлак з усіх бакоў, не прымусіў школьнікаў адмовіцца ад сваёй ідэі. На дапамогу ім прыйшоў начальнік дзяржаўтаінспекцыі У.І. Александровіч, які ўзначаліў калону школьнікаў і сачыў за тым, каб ні вадзіцелі, ні юныя веласіпедысты не парушалі правілы дарожнага руху.
За гадзіну школьнікі пераадолелі 20 кіламетраў. Па дарозе яны спыняліся і раздавалі сустрэчным буклеты “Ад чаго залежыць здароўе чалавека”. І ўсе вярнуліся ў школу з добрым настроем і здароўем і пазітыўнымі эмоцыямі.
А пакуль старэйшыя школьнікі такім спосабам змагаліся за чысціню паветра, вучні сярэдніх і малодшых класаў праводзілі прафілактычную работу. Яны сустракаліся з жыхарамі пасёлка Гудагай і расказвалі, якую карысць даюць людзям прагулкі пешшу і язда на веласіпедзе.


----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.