Гудогайские школьники-кадеты совершили поездку в Полоцк
У Полацку я была неаднойчы – і, шчыра кажучы, думала, што ведаю яго добра. Калі ж паступіла прапанова наведаць яго разам з вучнямі кадэцкага класа Гудагайскайсярэдняй школы і супрацоўнікамі Астравецкага аддзела ўнутраных спраў, адмовіць не змагла. Шумная чародка дзяцей, якая на вуліцы ніяк не магла супакоіцца, у аўтобусе прыціхла. Ды, па праўдзе кажучы, гаварыць не было калі. Адзін з арганізатараў экскурсіі, супрацоўнік міліцыі Генадзій Альбінавіч Драб, падчас дарогі расказвае цікавыя факты пра розныя вёскі і мястэчкі, што сустракаліся на нашым шляху.
Перш за ўсё ў Полацку мы завіталі ў велічны Сафійскі сабор. Спачатку была экскурсія па ім, а потым і канцэрт арганнай музыкі, які слухалі і дарослыя, і школьнікі: усе трапілі ў палон гісторыі і класічнай музыкі ў цудоўным выкананні Ксеніі Пагарэлай.
Ёсць у Полацку мясціны, якія хочацца наведаць не раз і не два. Прысутнічае ў іх незвычайная энергетыка, якая прыцягвае. Да такіх месцаў можна аднесці Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, дзе захоўваюцца мошчы святой Еўфрасінні Полацкай. А побач, у Спаса-Еўфрасіннеўскай царкве, сёння знаходзіцца адноўлены Крыж Еўфрасінні Полацкай. Нам пашчасціла не проста наведаць манастыр, памаліцца і пакланіцца машчам прападобнай Еўфрасінні, але і пакланіцца Крыжу Еўфрасінні Полацкай – таму самаму, які аднавіўбеларускі майстра Мікалай Кузміч. Дзе, як не тут, можна зразумець сэнс існавання?
Падарожжа па Полацку прадоўжылася наведваннем Музея кнігадрукавання і Музея-бібліятэкі Сімяона Полацкага, якая размешчана ў гэтым жа будынку. Пакуль чакалі экскурсавода, пачалі разам са школьнікамі чытаць інфармацыйныя стэнды. І былі прыемна здзіўлены, убачыўшы знаёмае прозвішча: аказваецца, да стварэння гэтага музея мае дачыненне і наш зямляк – выхадзец з гудагайскай зямлі Адам Мальдзіс.
А вось з прыватнага музея рыцарства выцягнуць не толькі школьнікаў, але і супрацоўнікаў міліцыі было проста немагчыма. Стварыў гэты музей, прысвечаны памяці князя Андрэя Альгердавіча Полацкага, прыватны прадпрымальнік Аляксандр Лукашоў, чалавек апантаны, зацікаўлены гісторыяй Полацкага княства і ведае яе да дробязей. Школьнікі слухалі расповед – а экскурсію праводзіў сам стваральнік музея, ён жа – дырэктар будаўнічай фірмы – у поўнай цішыні. Самае незвычайнае ў гэтым музеі тое, што да любога экспаната можна не толькі дакрануцца, але і прымерыць рыцарскія даспехі. Гэта яшчэ больш падкупіла школьнікаў: кожнаму захацелася хоць на імгненне стаць рыцарам.
А потым школьнікаў чакала яшчэ пешаходная экскурсія па горадзе – мы пабачылі шмат цікавых помнікаў: адзіны ў сваім родзе помнік літары Ў і геаграфічны цэнтр Еўропы, якім вельмі ганарацца палачане; помнікі Францыску Скарыну, Еўфрасінні Полацкай і князю Усяславу Чарадзею. Хоць пачынала цямнець, ніхто не хацеў ад’язджаць дамоў.
Ад імя усіх кадэтаў міліцэйскага класа Гудагайскай школы, іх бацькоў і адміністрацыі Гудагайскай школы хацелася б выказаць удзячнасць кіраўніцтву і ўсім супрацоўнікам раённага аддзела ўнутраных спраў за арганізацыю цікавай і пазнавальнай экскурсіі.
Алена ЯРАШЭВІЧ.
