Гудогайская школа встречала гостей
Фестываль беларускай народнай песні прайшоў у Гудагайскай сярэдняй школе напрыканцы мінулага тыдня. Народная мудрасць гаворыць: “Няма будучыні ў народа, які не памятае свайго мінулага”. Менавіта гэтыя мудрыя словы ляглі ў аснову свята, што сабрала ў Гудагайскай школе не толькі школьнікаў, але і людзей з вялікім жыццёвым вопытам – іх бабуль і прабабуль. Арганізатарамі свята выступілі настаўнікі беларускай мовы.
Да сустрэчы з гасцямі школа рыхтавалася з раніцы. Актавая зала пераўтварылася ў гасцёўню, прыбраную ў народным стылі: саматканыя дываны, ручнікі і ходнікі ўпрыгожылі сцены і падлогу. Рознакаляровыя, розныя па памерах і тканіне, але зробленыя працавітымі рукамі мясцовых умельцаў – чыіхсьці матуль і бабуль. Адны з гэтых вырабаў беражліва захоўваюцца ў фондах школьнага музея, іншыя дзеці прынеслі ў школу толькі на адзін дзень – пасля свята яны зноў вярнуліся на свае звычайныя месцы.
Утульная актавая зала Гудагайскай школы была запоўнена поўнасцю. І ад гэтага сустрэча стала яшчэ больш цёплай і запамінальнай.
А ў госці да рабят завіталі мясцовыя пявунні – Станіслава Іванаўна Антановіч, Генуэфа Баляславаўна Казадой, Соф’я Фёдараўна Шаблоўская, Юзэфа Іосіфаўна Шафран, Вера Браніславаўна Ярашэвіч і Ядвіга Францаўна Пілецкая.
Яны не толькі расказалі школьнікам пра сваё, часам нялёгкае, жыццё, але і прынеслі з сабой, бадай што, самыя дарагія падарункі – народныя песні. Тыя, якія некалі спявалі іх маці і бабулі, і якія, як добрую памяць, яны захавалі да сённяшняга дня.
Падчас імпрэзы гучалі песні – добра вядомыя і сённяшняму пакаленню, і тыя, якія школьнікі пачулі ўпершыню. Вучні ўспаміналі прыказкі і прымаўкі і адгадвалі загадкі, звязаныя з жыццём і побытам беларусаў.
Дзве гадзіны праляцелі,як адно імгненне. За гэты час госці і школьнікі не толькі даведаліся шмат цікавых фактаў пра народныя традыцыі і песні, але і вырашылі зноў сустрэцца, каб запісаць народныя песні і захаваць іх для будучых пакаленняў.
--------------------------
Алена СВЕТЛАЯ.
