Государственный флаг на частном подворье Хотяновичей
…Назіраючы, як нясмела, нібы баючыся ці саромеючыся, спявалі ўдзельнікі мітынгу, прысвечанага Дню Перамогі, падчас якога адзначаўся і Дзень дзяржаўнага Герба і Сцяга, наш беларускі гімн, я, з аднаго боку, парадавалася: спяваюць жа – значыць, «лёд крануўся»! А з другога – узгадала, як спартсмены і цэлыя каманды з іншых краін падчас узнагароджання на самых прэстыжных спаборніцтвах, паклаўшы руку на сэрца, са слязамі на вачах паўтараюць, як клятву, як малітву, словы галоўнай песні сваёй краіны, якая для іх – нашмат больш, чым верш, пакладзены на музыку…Аднойчы была ў Германіі ў час, калі праходзіў чэмпіянат свету па футболе з удзелам нямецкай нацыянальнай зборнай. Памаўчу пра тое, як «фанацелі» балельшчыкі ад кожнай перамогі ці паражэння роднай каманды. Больш уразіла мяне, што на кожным кроку – на машынах, балконах, у дварах прыватных дамоў, на плячах брутальных барадатых мужчын, якія сядзелі ў кафэ і рэстаранах, і юных бязвусых хлапчукоў у скверах – я бачыла вялікія і маленькія чорна-чырвона-жоўтыя палотнішчы, прамавугольнічкі, касынкі нямецкага сцяга. Яны лепш усялякіх слоў сведчылі пра еднасць нацыі.
На жаль, у Беларусі дзяржаўная сімволіка пакуль не стала неаддымным атрыбутам асабістага жыцця кожнага чалавека. Так, усе прывыклі, што ў дні дзяржаўных святаў над установамі і арганізацыямі вывешваецца дзяржаўны сцяг, што кожнае важнае дзяржаўнае мерапрыемства пачынаецца з выканання дзяржаўнага гімна, – але не больш таго.
Аднак ёсць прыемныя выключэнні! Не так даўно, заблукаўшы па сваіх справах у прыватны сектар Астраўца, на вуліцу Янкі Купалы, не без здзіўлення ўбачыла ў двары аднаго з дамоў спецыяльна ўсталяваны флагшток, на якім пад цёплымі павевамі майскага ветру горда развяваўся беларускі дзяржаўны сцяг!
І яшчэ большым было маё здзіўленне, калі даведалася, што ў гэтым самым патрыятычным доме нашага горада, як я яго тут жа ахрысціла, жыве супрацоўніца «Астравецкай праўды» Вольга Хацяновіч.
Вольга шчыра прызналася, што ідэя са сцягам – не яе, а мужа Сяргея, яна толькі «прашарсціла» інтэрнэт, каб даведацца, як яе рэалізаваць правільна, у адпаведнасці з усімі нормамі. Ну і маральна падтрымала, канешне!
– Калі Сяргей заліў фундамент і ўстанавіў флагшток, суседзі доўга не маглі зразумець: навошта нам у двары гэтая палка? – з усмешкай расказвае Вольга. – Цяпер ужо ўсе прывыклі: калі ў нас на флагштоку развяваецца беларускі сцяг – значыць, у краіне ці ў сям’і Хацяновіч – свята!
Абавязковы атрыбут у гардэробе Хацяновічаў, ад таты Сяргея да сына Алега, – адзенне з нацыянальнай сімволікай: збіраючы сына ў школу, бацькі не забываюцца прыкупіць яму, ды і сабе таксама, некалькі адпаведных футболак: усім яны надзвычай падабаюцца!
– Хацелі набыць яшчэ сцяг Астраўца, каб вывешваць яго на дзень нараджэння горада і на іншыя гарадскія святы, але праблема: няма нідзе! – гаворыць Вольга.
Гэта сапраўды праблема: дзяржаўнай сімволікі, не кажучы ўжо пра сваю, астравецкую, у нашым гандлі днём з агнём не адшукаць. І калі дзяржаўны сцяг ці футболку ў колерах беларускага сцяга можна купіць у Мінску, то астравецкіх сцягоў і там няма…
…На Дзень Перамогі ў двары Хацяновічаў, як і кожны год, лунаў беларускі дзяржаўны сцяг і гучалі на ўсю вуліцу песні ваенных гадоў. 11-гадовы Алег прыйшоў на мітынг з мамай: яму даверылі несці партрэт аднаго з ветэранаў – былых супрацоўнікаў рэдакцыі «Астравецкай праўды», і хлопчык з гонарам выканаў пачэсную місію.
…Упэўнена, што Алег з дзяцінства ўсведамляе сябе беларусам, грамадзянінам сваёй краіны, і якія б шляхі-дарогі не павялі яго па жыцці і куды б ні завялі, гэтае ўнутранае перакананне не знікне, не растворыцца, не затопчацца.
І менавіта такі патрыятызм, выхаваны ў сям’і, а не «вывучаны» на ўроках у школе, – сапраўдны. І менавіта на ім будуецца любоў да Радзімы і дзяржаўная незалежнасць.
