Гости из Слуцка посетили Островец

На мінулым тыдні Астравецкі раён наведала дэлегацыя са Слуцкага раёна Мінскай вобласці.


– Паміж нашымі раёнамі склаліся сяброўскія адносіны. Да нас прыязджалі дэлегацыі дэпутатаў і аграрнікаў, потым нашы настаўнікі ездзілі ў Слуцк. А сёння мы рады вітаць слуцкіх педагогаў на Астравеччыне, – сказаў у прывітальным слове намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла. – Спадзяюся, што такія сустрэчы будуць карыснымі для абодвух бакоў – і кожны ў такім супрацоўніцтве знойдзе для сябе штосьці важнае.


Знаёмства з сістэмай адукацыі Астравецкага раёна пачалося з Гудагайскай сярэдняй школы, вядомай у раёне сваімі кадэцкімі класамі. Аднак не толькі гэта цікавіла прадстаўнікоў Слуцкага раёна. У Гудагаі яны пазнаёміліся з тым, як вядуцца работы гаспадарчым спосабам: трэнажорная зала, харчблок і школьная сталовая, актавая зала, музей, некалькі класных памяшканняў – на прэзентацыі ўсе ўбачылі, «як было і як стала».

Цікавасць у случчан выклікала і СШ №1 – тут таксама праводзяцца рамонтныя работы, на якія ўжо затрачана каля 7 мільярдаў рублёў. Дзякуючы падтрымцы раённага выканаўчага камітэта ўдалося абнавіць санвузлы, адрамантаваць дах, спартыўную залу, музей, майстэрні, інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр, канферэнц-залу і трэці паверх школы.

І канешне, зайздрасць у гасцей выклікала ўбачанае ў новай гімназіі і дзіцячым садку №1 – асабліва эстэтычнае афармленне памяшканняў, новая тэхніка і спартыўныя пляцоўкі.

Цікава прайшла і сустрэча ў інфармацыйным цэнтры Беларускай АЭС. Пасля 40-хвіліннай лекцыі, якую правёў для педагогаў загадчык аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязей РУП «Беларуская атамная электрастанцыя» Эдуард Іванавіч Свірыд, яму давялося адказаць на шмат пытанняў, якія цікавілі прадстаўнікоў дэлегацыі. А потым яны змаглі пабываць на пляцоўцы, дзе вядзецца будаўніцтва першай Беларускай АЭС.

У Гервяцкай школе капітальны рамонт прайшоў у 2005 годзе, калі тут вялося будаўніцтва першага ў нашым раёне аграгарадка. За дзесяць гадоў школа не толькі захавала ўсё, што было зроблена, але і працягвае добраўпарадкаванне: штогод тут з'яўляюцца новыя клумбы, кветкі, дрэвы, а памяшканні набываюць сучасны выгляд.

Экскурсію па Гервяцкім фізкультурна-аздараўленчым комплексе, дзе створаны ўсе ўмовы для заняткаў спортам, правёў Віктар Збігневіч Свіла. І, канешне ж, госці былі ўражаны прыгажосцю Гервяцкага касцёла святой Тройцы і невялікім канцэртам арганнай музыкі.

Знаёмства з навучальнымі ўстановамі раёна закончылася ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі – случчане былі ўражаны тым, як у адной установе можна займацца ўсімі відамі творчасці, а спецыялісты і выхаванцы цэнтра творчасці яшчэ раз пацвердзілі, што яны нездарма з'яўляюцца лепшай установай Гродзенскай вобласці.


Нам усё спадабалася, – падзялілася ўражаннямі ад паездкі намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама Ларыса Генадзьеўна Дабравольская. – Спецыялісты нашага аддзела адукацыі, упэўнена, падгледзелі ў вашых установах новыя ідэі – і ў хуткім часе некаторыя з іх змогуць рэалізаваць у сваіх школах. А экскурсія на пляцоўку будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі стане адным з самых памятных момантаў нашай паездкі.