Гісторыя з жыцця: у бядзе сябра не пакінуў
Цяжка сказаць, што звязвала гэтых дваіх. Адзін – пад 2 метры ростам, 45-ты памер абутку, шырыня плячэй прымушала заходзіць у стандартныя дзверы бокам. Другі – паўтара метры з шапкай, маленькі, плюгавенькі…
Але сябравалі!
Ну як там сябравалі – працавалі разам. Абодва круцілі баранку, падмянялі адзін аднаго, калі што, зрэдку на рыбалку выбіраліся. Ну і “дзень шафёра” кожную пятніцу традыцыйна адзначалі – гэта было святое. А потым шыракаплечы Янук нёс на плячах “стомленага” Сержука дахаты, прыгаворваючы: “Эх, малаватая ў цябе тара, хлапец… У маю яшчэ б столькі ўлезла, а ты ўжо скапыціўся….”

У тую пятніцу яны выйшлі з магазіна, прыселі тут жа, пад разгалістым дрэвам. Разлажылі на газетцы недаедзеныя ў абед “тармазкі”, адкаркавалі бутэльку, прылажыліся па чарзе, прыкусілі…
І толькі пайшла ў сяброў душэўная размова “за жыццё”, як міліцэйскі УАЗік побач прытармазіў.
– Ну што, парушаем? – падышлі да іх двое ў форме.
– Якое там “парушаем”? – запярэчыў Янук. – Сядзім сабе ціха-мірна, нікога не чапаем…
– Ага, у грамадскім месцы, на вачах ва ўсіх – прыклад для пераймання.
–Хоць бы схаваліся, -- падтрымаў таварыша другі міліцыянер. –Зусім ужо сумленне страцілі.
Можа, усё і абышлося б ушчуваннямі – але Сяржук, які ўжо “паплыў”, вырашыў пакачаць правы:
– Хто вы такія, каб нам указваць? Дзе хочам, там і сядзім – права маем!
Ахоўнікі парадку пераглянуліся.
– Ну пайшлі, растлумачым табе пра правы і абавязкі, – прапанаваў першы.
Міліцыянеры падхапілі п’янтоса пад рукі і павялі да машыны.
Янук азірнуцца не паспеў – думаць у яго атрымлівалася не так хутка, як бегаць, а машына з сябрам ужо ад’ехала.
– Гэй, вы куды? А я? – крыкнуў ён. І, пакінуўшы накрыты “стол”, кінуўся наўздагон.
Трэба сказаць, што Янук, калі вучыўся ў школе, быў чэмпіёнам усіх магчымых спаборніцтваў. І пакуль машына, дзе прытармазіўшы, павярнуўшы, дзе аб’ехаўшы, пад’ехала да будынка РАУС, хлапец сустракаў іх на паркоўцы – нават задыхацца не паспеў.
– Куды гэта вы майго сябра забіраеце? Мы з ім не дагаварылі! – грозна спытаў ён міліцыянераў.
Тыя здзіўлена пераглядваліся: няўжо гэта той самы чалавек, якога яны пакінулі пад дрэвам? Адкуль узяўся?
А Янук, не доўга думаючы, ускінуў сябра, нібы мех з бульбай, на плячо, і подбегам рвануў ад небяспечнага будынка. Пакуль міліцыянеры ачомаліся, сяброў і след прастыў.
Праўда, пад дрэвам, калі міліцыянеры вярнуліся, іх таксама не было – толькі бадзялы сабака даядаў закуску. А бутэлька некуды знікла...
Тамара РАБІНКІНА.
