Гісторыя аднаго кахання. Аляксандр і Валянціна Міхайлавы

Мужчыны, калі жэняцца, мараць, каб у іх быў надзейны тыл: месца, дзе, што б ні здарылася «на перадавой», можна адагрэцца душой і целам, дзе цябе заўсёды чакаюць і прымуць – любога: хворага, без грошай, бруднага…
Жанчыны, нават суперэмансіпіраваныя, калі выходзяць замуж, мараць апынуцца за каменнай сцяной: хочуць, каб нехта ўзяў за руку і павёў у шчаслівую будучыню. А яшчэ лепш – аднёс туды на руках…
Нехта скажа, што гэта – казкі і мары, што ў жыцці так не бывае, як не існуе і сапраўднага кахання. 
Тыя ж, хто дакладна ведае, што бывае, не спрачаюцца з «недавяркамі», а, узяўшыся за рукі, яны шчасліва і трохі вінавата ўсміхаюцца: маўляў, ці ж мы вінаватыя ў тым, што шчаслівыя?

FuqEYeDJoBI.jpg

Дзіўнае вяселле
Восьмага сакавіка ў сям’і Міхайлавых – асаблівы дзень. І не толькі таму, што тут, як і ў кожнай хаце, віншуюць са святам сваіх дарагіх і каханых жанчын, найперш – маці, жонку і бабулю Валянціну Іванаўну. 

Але не бывае таго свята, каб нехта не ўспомніў, як менавіта ў гэты выхадны дзень у 1986 го­дзе яны вырашылі: усё, хопіць жыць толькі пісьмамі ды рэдкімі сустрэчамі! Трэба жаніцца. Толькі Сашу са старэйшай сястрой – маці яго да таго часу памерла, бацькі таксама не было, – якія спецыяльна прыехалі ў Альхоўку з Пскоўскай вобласці, каб паставіць усе кропкі над «І», назаўтра трэба было ад’язджаць. І заяву вырашылі падаць менавіта ў выхадны дзень – 8 сакавіка. Сёння, як анекдот, успамінаюць, як шукалі знаёмых, якія б дамовіліся са старшынёй сельсавета, каб той адчыніў дзяржаўную ўстанову. І ён прыняў, пабуркваючы, што іншых дзён ім не хапае,  заяву ў маладых… 
І менш чым праз месяц, 5 красавіка, Аляксандр і Валян­ціна сталі насіць адно прозвішча – Міхайлавы.
А праз два дні пасля вясёлага і шумнага вяселля маладыя зноў раз’ехаліся: Саша – дахаты, у Расію, Валя – у Воранаўскі раён, на практыку.
І толькі пасля таго, як яна здала дзяржаўныя экзамены, Аляксандр прыехаў у Альхоўку назаўсёды – і яны сталі жыць не пісьмамі і спатканнямі, а сям’ёй. 

59521438.jpg

За два гады да таго…
Валянціна дакладна памятае не толькі дату – 8 жніўня 1984 года, але і час іх знаёмства – 01.55.

…Яна толькі што закончыла школу. Хацела штурмаваць інстытут, стаць біёлагам, ды маці пабаялася адпускаць адзіную дачку так далёка і надоўга. Вырашыла, што Лідскі педагагічны тэхнікум, настаўніца пачатковых класаў – самае тое: вучыцца блізка і не вельмі доўга, а дзяцей Валя вунь як любіць – усе малышы ў садку, дзе маці працавала памочнікам выхавацеля, яшчэ да школы ўмелі чытаць і лічыць – Валя навучыла!
…Тым вечарам яны з сяброў­кай пайшлі ў клуб на танцы. Было сумнавата, і Валя прапанавала:
– Хадзем дахаты!
– Яшчэ адзін танец – і пойдзем, – паставіла ўмову сяброўка. 
Загучала музыка – і ў клуб увайшлі два салдацікі. Яны служылі ў Пастаўскай дыві­зіі, прыязджалі сюды «ў камандзі­роўку»: стаялі на балоце паміж Міхалішкамі і Альхоўкай і часам збягалі ў «самаволку» ў кіно і на танцы. Адзін з іх, вышэйшы, спыніўся ў дзвярах, другі запрасіў на танец Валіну сяброўку. 
Калі танец скончыўся, Валя зноў стала прасіцца:
– Ну што, пойдзем? Ты ж абяцала…
– Пачакай, з табой хочуць пазнаёміцца…
…У той вечар яны доўга гулялі па вёсцы, размаўлялі. Потым былі яшчэ «самаволкі» і не вельмі частыя сустрэчы.
А потым прыйшло 1 верасня – і Валя паехала на вучобу,  адтуль, як звычайна, – на бульбу.
– Не ведаю, дзе ён узяў мой адрас, але пісьмы прыходзілі амаль штодня.
І не толькі ў тую першую восень. У Валянціны Іванаўны і сёння захоўваецца вялікі стос пісем Аляксандра – ён, вядома ж, яе лісты зберагчы не змог.
Сённяшнім маладым, якія прывыклі стасавацца ў сацыяльных сетках, у Вайберы і Ватсапе, цяжка зразумець, як гэта – кожны дзень ад рукі пісаць лісты на некалькі старонак, расказваць пра кожны свой пражыты дзень, настрой, пачуцці, думкі. Яны нават не ўсведамляюць, як шмат страцілі!
Аляксандр і Валянціна зразу­мелі, адчулі, пакахалі адзін аднаго, чытаючы і пішучы лісты. У іх раскрываецца душа – і становіцца бачна, што душа гэтая – родная! Нават сто тысяч смайлікаў не заменяць магію слоў, выведзеных знаёмым да кожнай завітушкі почыркам: «Памятай, што цябе тут кахаюць і чакаюць». А рэдкія сустрэчы толькі пацвярджалі гэтае  перакананне.

pismo-lubimoj-s-armii-600x402.jpg

Яны былі сапраўды рэдкімі. Пасля дэмабілізацыі Саша, перш чым ехаць дахаты, «завярнуў» у Альхоўку на тры дні – Валя дзеля сустрэчы з ім адпрасілася з заняткаў. Потым прыехаў на зімовыя канікулы і сказаў: усё, застаюся! Ды запрацівілася маці. Як гэта: нявеста – там, жаніх – тут? Што людзі скажуць? Для вясковых людзей гэты аргумент у той час быў галоўным і, па праўдзе кажучы, паламаў ён не адзін лёс…
Аляксандр зноў вярнуўся дахаты, а Валянціна паехала на вучобу.
Трэба сказаць, што маці – у адрозненне ад бацькі, які адразу падтрымаў Валю, – была катэгарычна супраць з ніадкуль ўзніклага даччынога кахання: баялася, што расійскі зяць звязе яе адзіную дачушку за тры-дзевяць зямель. Яна і пагражала дачцэ, што вяселля не зробіць, і папярэджвала, што «ў яго там, мусіць, цэлы тузін такіх, як ты», і на самалюбства яе ціснула – «Ты ж у мяне прыгажуня – лепшага знойдзеш». 
Нездарма кажуць, што вада камень точыць. У нейкі момант Валя вырашыла, што і сапраўды – колькі можна жыць аднымі толькі пісьмамі? І напісала Сашу, што будучыні ў іх няма і таму лепш развітацца…
А праз некалькі дзён атрымала тэлеграму: «Прыязджаем 7 сакавіка». Яны прыехалі са старэйшай сястрой, якая пасля смерці маці была ў сям’і за галоўную. 
А 8-га Аляксандр і Валянціна падалі заяву…

 …І 33 гады пасля
– Ведаеце, я ніколі, ні разочку не пашкадавала, што лёс звёў мяне з Сашам, – прызнаецца Валянціна Іванаўна. 

IMG_9258.jpg

– Неяк гады з два таму ён сур’ёзна захварэў, і я не на жарт спалохалася: калі, крый Божа, з ім нешта здарыцца – як я буду? – працягвае жанчына. – Я не магу без яго жыць! І ён без мяне, я ведаю, – таксама. Мы за ўсе гады нават не пасварыліся сур’ёзна ні разу! Бывае, калі «чорная котка прабяжыць» між намі – дык Сашу варта толькі выйсці на вуліцу пакурыць – праз пяць хвілін ён вяртаецца і ўсміхаецца. А я таксама злавацца не магу, калі яго ўсмешку бачу. Так і мірымся. Хоць, калі па праўдзе, то ён заўсёды першы прабачэння просіць…
У Міхайлавых двое дзяцей. Калі нарадзілася дачка, Валян­ціна назвала яе Сашкай, Аляксандрай – як мужа. Але ў сям’і, каб не блытацца, дзяўчынку сталі зваць Шурачкай…
Сына, які нарадзіўся праз два гады, бацька хацеў назваць у гонар жонкі – Валянцінам, ды тая не дазволіла.
– Я нараджала – я і імя даваць буду! Хачу, каб сына Ігарам звалі – мне заўсёды гэтае імя падабалася
– Шурачка ў нас таткавай дачушкай была, – узгадвае Валян­ціна Іванаўна. – Саша ў калгасе працаваў, вяртаўся позна, стомлены. Але праверыць у дачушкі ўрокі было яго святым абавязкам. І пасакрэтнічаць яна хутчэй да таткі бегла, чым да мяне.
А вось Ігар рос ужо матуліным сыночкам – тым больш, што і вучыла яго ў школе маці. Шкадаваў яе. Бабуля навучала: «Ты павінен сябе добра паводзіць у школе, а то на цябе гледзячы ўсе дурэць пачнуць, а мама стане перажываць – і захварэе». І Ігар стараўся маці не засмучаць...
–  Цяпер у дзяцей ужо свае сям’і, – расказвае Валянціна Іва­наўна. – У нас чацвёра ўнукаў. Гэта самая вялікая наша радасць і ўцеха! Калі прыязджаюць, то што толькі з дзедам не вытвараюць! Любяць з ім бавіцца.
А Аляксандр Рыгоравіч лі­чыць, што ў любым узросце трэба паважаць дзіця, яго думку – яно, хоць маленькае, а ўжо  чалавек.  
– Я за сваім мужам – як за каменнай сцяной! – прызнаецца Валянціна. – Неяк захварэла, дык ён усю Расію падняў, каб мне патрэбнае лякарства дастаць, за адну ноч за мяжу з’ездзіў, каб прывезці яго хутчэй. Вельмі хачу, каб і нашы дзеці жыццё сваё пражылі так, як мы з Сашам. І нас вельмі цешыць, што яны ў сваіх сем’ях стараюцца пераймаць нашы звычкі, традыцыі, імкнуцца паходзіць на нас… 
Ці ж гэта не найвышэйшае жаночае шчасце?
Текст: Нина Рыбик