Гаспадаркі Астравеччыны прыступілі да пасадкі бульбы

Мінулагоднія попыт і закупачная цана на “другі хлеб” прымусілі земляробаў, так бы мовіць, “перапрасіць” гэтую культуру, плошча вырошвання якой у раёне ў апошнія гады значна скарацілася. Сёлета раённае бульбянішча “падрасло” адразу на 49 гектараў – план пасадкі клубняў складае ў 2011 годзе роўна 200 гектараў.


Грунтоўных змяненняў у сартавой палітыцы вырошчвання самай беларускай з наяўных сельскагаспадарчых культур не назіраецца. Па-ранейшаму, у фаворы два сарты: “скарб” і “журавінка”. На непараўнальна меншай плошчы вырошчваецца бульба сартоў “брыз”, “адысей”, “зарніца”.
Навінку раздабылі ў гэтым годзе бульбаводы СВК “Гервяты” – у Галандыі яны закупілі 20 тон клубняў сорту “сантана”. Як патлумачылі спецыялісты раённай насеннай інспекцыі, гэты сорт пакуль не змешчаны ў каталог раянаваных у рэспубліцы, але вучоныя лічаць яго перспектыўным, толькі таму гервятцы змаглі завезці пасадачны матэрыял у сваю гаспадарку.
–Пакуль апісанне сорту ў беларускіх крыніцах знайсці не ўдалося, – сказалі насенняводы. – Але мяркуючы па высокай крухмалістасці клубняў “сантаны”, яна адносіцца да позніх сартоў бульбы. У суправаджальнай дакументацыі пазначана, што пасадачны матэрыял адносіцца да І рэпрадукцыі, але гэта па галандскіх мерках – у нас бульба такога года размнажэння лічыцца элітай. Калі “сантана” добра зарэкамендуе сябе на гервяцкіх палетках, можна будзе запусціць яе ў масавае вырошчванне.
Між тым, гаспадаркі раёна ўжо прыступілі да пасадкі бульбы. Першым на свае бульбянішчы выйшаў СВК “Гудагай” – па стану на 29 красавіка тут ужо на 32 гектарах клубні трапілі ў глебу. Літаральна ўчора да гудагайскіх земляробаў далучыліся іх калегі з СВК “Варняны”, а сёння распачалі пасадку бульбы і ў СВК “Гервяты”. Праз дзень-два возьмуцца за справу аматары вырошчвання “другога хлеба” з СВК “Міхалішкі”, імя Гашкевіча, а таксама з саўгаса “Падольскі”. Расці, бульбачка, буйная і крухмалістая!


На пустым полі грунтоўнага ўраджаю не сабраць – у СВК “Гудагай” гэта ведаюць дакладна. Таму да перадпасадачнай падрыхтоўкі глебы ставяцца самым сур’ёзным чынам: для барацьбы з пырнікам яшчэ ў жніўні апырскваюць будучае бульбянішча гліфасатнымі гербіцыдамі, пад ворыва ўносяць грунтоўную колькасць арганічных і мінеральных угнаенняў, праводзіцца культывацыя, а потым – нарэзка барознаў, у якія, пасля таго, як яны прагрэюцца на сонцы, запраўляюць клубні.
Іван Рамуальдавіч Герасім – механізатар шырокага профілю. Летам ён завіхаецца на збожжакамбайне, восенню ўбірае на адпаведнай тэхніцы цукровыя буракі, а вясной – пры бульбе. Спачатку наразае барозны, а потым іх даглядае – з дапамогай спецыяльных акучнікаў па 2-3 разы апрацоўвае ўсе калгасныя бульбянішчы.
План выпрацоўкі Іван Рамуальдавіч перавыконвае ў 1,5-2 разы.


Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.