Ганна Карвель: “Галоўнае – добразычлівыя адносіны да людзей”
Згадзіўшыся аднойчы на прапанову папрацаваць сакратаром Міхалішкаўскага сельскага Савета, Ганна Карвель знайшла сваё месца. І не здраджвае яму ўжо 38 гадоў.
– Мне падабаецца мая работа, – паціскаючы плячыма, тлумачыць цяперашні кіраўнік спраў. – І параўнаць ёсць з чым: да сельсавета была бухгалтарам, эканамістам у калгасе «Запаветы Ільіча». Пасля яго рэарганізацыі збіралася ісці ў бухгалтэрыю калгаса імя Чапаева. Ды толькі, на шчасце, сустрэўся на шляху тагачасны старшыня сельсавета Міхаіл Крупіца, у якога якраз звальняўся сакратар, ён прапанаваў: «А можа, да мяне пойдзеце?» Параілася з мужам і згадзілася. І да гэтага часу ўдзячна Міхаілу Іванавічу, што так своечасова перахапіў мяне.
Работы ў кіраўніка спраў – так цяпер называецца колішняя пасада сакратара – хапае: падрыхтоўка праектаў сесій і выканкамаў, пастаноўка грамадзян на чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў, рэгістрацыя нованароджаных, работа ў савеце прафілактыкі, выдача даведак – абавязкі можна пералічваць доўга.
– Добра памятаю першы дзень, – усміхаючыся, расказвае жанчына. – Дапамагала Марыя Федаровіч. Яна была інспектарам, шмат гадоў працавала ў сельсавеце, таму ўсё ведала. І вось у гэты ж дзень прыйшоў мой аднакласнік рэгістраваць дзіця. А мне боязна: раптам памылюся ці няправільна штосьці напішу – сорам жа які! Я да Марыі Іосіфаўны: можа, вы лепш зробіце? Але яна далікатна адмовілася, адзначыўшы, што ў мяне і самой добра атрымаецца. Так усё і пачалося. Колькі за гэты час дзетак зарэгістравала – не злічыць.
А ў мінулым яшчэ і маладых жаніла. Ганна Станіславаўна з настальгіяй успамінае, як кожную суботу яны ў клубе ўрачыста рэгістравалі па 5-6 шлюбаў. Як хваляваліся і радаваліся за маладажонаў. Як аднойчы больш за 8 гадзін чакалі на цырымонію маладых, бо ў іх зламаўся па дарозе аўтобус.
Успамінаў за 38 гадоў шмат і галоўная роля ў іх адведзена, вядома ж, людзям.
– За стасункі і люблю сваю работу, – прызнаецца кіраўнік спраў. – Падабаецца падказаць, параіць, дапамагчы… Нездарма кажуць: як ты да людзей, так і яны да цябе. Так яно і ёсць. А ў рабоце лічу галоўным добразычлівыя адносіны. Тады і праца будзе падабацца, і адчуваць сябе будзеш на сваім месцы.
