Ганна Афанасьеўна Цішкова прымала віншаванні з нагоды 95-гадовага юбілею
Светлая знешне і ўнутрана, аптымістычная, бадзёрая, з тонкім пачуццём гумару, Ганна Афанасьеўна Цішкова зусім не змянілася з апошняй нашай сустрэчы, якая адбылася 5 гадоў назад. Гасцей, што прыйшлі павіншаваць жанчыну з 95-гадовым юбілеем, яна з дачкой Наталляй і нявесткай Галінай сустрэла прыязна і сардэчна, як самых родных людзей.
Лёс Ганны Афанасьеўны, як і многіх дзяцей вайны, быў няпростым: голад, непамерная фізічная праца... Але разам з тым у яе заўсёды быў невычарпальны аптымізм, вера ў светлую будучыню і лепшае жыццё. Па ўспамінах жанчыны, школу з-за вайны яна скончыла толькі ў 20 гадоў. Потым паступіла на землеўпарадкавальны факультэт сельскагаспадарчай акадэміі, дзе пазнаёмілася з будучым мужам Іванам. У 1955 годзе маладую сям’ю Цішковых размеркавалі ў Свірскі раён, а праз 4 гады яны пераехалі на Астравеччыну. Больш за 40 гадоў светлай памяці Іван Андрыянавіч прысвяціў раённаму землеўпарадкаванню, а Ганна Афанасьеўна працавала ў райвыканкаме.
Пяць гадоў назад я сустракалася з гэтай сямейнай парай і, памятаю, мяне вельмі здзівіла сваім жыццялюбствам і неверагоднай энергетыкай гэта жанчына. Тады на пытанне, у чым сакрэт даўгалецця, Ганна Афанасьеўна, не задумваючыся, адказала, што чалавек сябе фарміруе на працягу ўсяго жыцця і на схіле гадоў атрымлівае па прынцыпе: што сееш, тое пажынаеш.
І ў свой 95-гадовы дзень нараджэння юбілярша лічыць, што трэба радавацца кожнаму пражытаму дню.
З кветкамі, падарункамі і пажаданнямі здароўя і доўгіх гадоў жыцця да гераіні завіталі старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун, старшыня прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі райвыканкама Святлана Пятніцкая і загадчык аддзялення першаснага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віялета Броўка.
– Дарагая Ганна Афанасьеўна, хачу падзякаваць вам за працу на карысць нашага краю. Вы адна з першых прыехалі ў наш раён і стаялі ля вытокаў стварэння сельскіх выканкамаў. І ў станаўленні, росквіце Астравечыны ёсць і ваш унёсак, – віншуючы, сказала Ірына Баляславаўна. – Здароўя вам і даўгалецця!
– Вельмі ўдзячна ўсім за памяць, віншаванні, увагу. Вось толькі думаю: няўжо я столькі зрабіла? Думаю, абавязкова сустрэнемся яшчэ. Чула, што можна і больш за сто гадоў пражыць, – з усмешкай зазначыла юбілярша.
Як кажуць, вашы слоўцы, Ганна Афанасьеўна, ды Богу ў вушка!
