Вёска Масцяны адна з найбольш аддаленых у нашым раёне. Некалі тут быў цэнтр калгаса, мелася ўся вытворчая і сацыяльная інфраструктура. Цяпер застаўся толькі адзін сацыяльны аб’ект – магазін. Яго загадчыца Ірына Стамкоўская імкнецца, каб яе аднавяскоўцы не адчувалі сябе абдзеленымі. Хоць не ўсё залежыць ад яе старання, хіба што прыемная ўсмешка ды ветлівае абслугоўванне, на якія Ірына Іванаўна не скупіцца.
– Дванаццаць гадоў стаю за прылаўкам, – гаворыць Ірына Іванаўна. – Да гэтага працавала ў дзіцячым садку, бухгалтарам у калгасе імя 50-годдзя ВЛДКСМ. Некалі прыйшла сюды замуж – так і засталася на ўсё жыццё. Шкада нашу вёску: памірае на вачах. У зоне абслугоўвання магазіна лічыцца 70 чалавек, рэальна – менш. Тым не менш, стараюся, каб вяскоўцы маглі купіць усё неабходнае.