Финалистки конкурса "Хозяйка усадьбы - хозяйка страны" встретились в "Каралінскім фальварку Тызенгауза"

Сапраўднае свята арганізавалі члены прэзідыума абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” для фіналістак абласнога конкурсу “Гаспадыня сядзібы – гаспадыня краіны”, які сёлета па ініцыятыве жаночай арганізацыі праводзіўся ўжо ў другі раз.
Фіналістак абласнога конкурсу прымалі гаспадары сядзібы “Каралінскі фальварак Тызенгауза”, якая размешчана ў сямі кіламетрах ад Гродна, побач з забаўляльным комплекасам “Каробчыцы”.


Каралінская сядзіба Тызенгауза – яркая, але да нядаўняга часу амаль забытая старонка нашай гісторыі. І нават у сваім закінутым выглядзе рэшткі сядзібных пабудоў, малыя архітэктурныя формы, гаспадарчыя пабудовы рознага прызначэння, рэчка, парк з наборам рэдкіх дрэў і раслін прыйшліся даспадобы сапраўдным энтузіястам, якія вырашылі адрадзіць і ажывіць вялікі фальварак графа Тызенгауза – і гэта ў іх атрымалася. У гэтым змаглі ўпэўніцца лепшыя гаспадыні сядзіб, якіх запрасілі ў Караліно на падвядзенне вынікаў абласнога конкурсу “Гаспадыня сядзібы – гаспадыня краіны”.
Каля каменнай агароджы старажытнага фальварка жанчын з розных куткоў Гродзенскай вобласці сустракалі члены прэзідыума абласной жаночай арганізацыі і супрацоўнікі Каралінскай сядзібы, якія правялі пазнавальную і цікавую экскурсію па фамільным маёнтку Тызенгауза, які, дарэчы, сваімі каранямі спускаецца ажно да 15 стагоддзя.
Тады землямі, на якіх цяпер знаходзіцца сядзіба, валодалі замежныя татарскія роды. Менавіта яны атрымалі прывілей на іх валоданне ад каралевы Рэчы Паспалітай Бонны. Ад іх засталася і назва невялікай рачулкі Татаркі. Пазней маёнтак належаў князю М. Глінскаму, але асабліва яркую старонку ў яго гісторыю ўпісаў граф Антоній Тызенгауз. Менавіта па яго ініцыятыве тут быў створаны знакаміты палацава-паркавы комплекс, закладзены парк, узведзены жылыя і гаспадарчыя пабудовы.
Пасля Тызенгауза маёнтак пераходзіў з рук у рукі – і ўжо ў пачатку 20 стагоддзя сядзіба прыйшла ў заняпад. Адраджэнне яе пачалося ў 2003 годзе групай энтузіястаў. За дзевяць гадоў працы яны змаглі падняць з руін большую частку пабудоў і зрабіць добраўпарадкаванне тэрыторыі.
Ужо сёння тут узведзены сядзібны храм-капліца – з удзелам святара тут можна адпраўляць рэлігійныя абрады, праводзіць вянчанні і хрэсьбіны. У будынках ёсць камінная і каралеўская залы, у якіх праводзяцца мерапрыемствы рознага ўзроўню. Памяшканні абуладкаваны ўсім неабходным для правядзення канферэнцый. Любы жадаючы можа наведаць сучасны лазневы комплекс, а таксама пакатацца на веласіпедзе і квадрацыкле. На тэрыторыі комплексу ёсць зона барбекю, альтанкі, спартыўныя пляцоўкі і шмат чаго іншага і цікавага.
А планаў – яшчэ больш. Гэта і стварэнне экалагічнай сцежкі, арганізацыя горна-лыжнага комплексу, афармленне прылеглай тэрыторыі.
Дарэчы, кожная з пабудоў, размешчаных на тэрыторыі фальварка, мае сваю назву, звязаную з гісторыяй. Падвядзенне вынікаў абласнога конкурсу праходзіла на сядзібе “Дубы” – у двухпавярховым доме мансарднага тыпу. На першым паверсе дома ў гасцінай нас сустрэў Стары дзед, выразаны з велічнага дуба, які шмат гадоў рос на сядзібе. Дубовы дзед – добры, і па легендзе, якая ўжо некалькі гадоў існуе ў фальварку, яго трэба памацаць за нос, каб па жыцці спадарожнічала шчасце. Зрабіць гэта не зусім проста – трэба добра пацягнуцца ці ўстаць на дыбачкі.
А пасля вулічнага холаду, было так прыемна зайсці ў цёплы дом, працягнуць рукі да каміна – і адразу ж цяпло пачало разлівацца па ўсім целе…
Падвядзенне вынікаў конкурсу адбывалася ў канферэнц-зале. Тут сабраліся жанчыны, якім, па меркаванні членаў журы, неабыякавы лёс нашай краіны, і якія сваімі рукамі ствараюць прыгажосць вакол сябе і свайго дома.
– Прыемна, што ў апошні час у гэтым не трэба нікога ўпэўніваць, – сказала старшыня абласной арганізацыі “Беларускага саюза жанчын” Марыя Міхайлаўна Бірукова. – Гаспадыні, якія трапілі ў фінал конкурсу, не проста думаюць пра парадак – яны ствараюць сапраўдную прыгажосць. Адны – на сваім падворку, другія – каля шматпавярховых дамоў, трэція – на вясковай вуліцы. Ёсць сярод фіналістак і такія, хто вырашыў адкрыць уласную справу і стварыў аграсядзібу. Словам, кожная заслугоўвае права называцца лепшай.
Але, як потым прызнаваліся ўдзельніцы конкурсу, працавалі яны не дзеля ўзнагарод, а для душы і клапаціліся ў першую чаргу аб прыгажосці роднай зямлі.
Ушаноўванне трынаццаці фіналістаў абласнога конкурсу прайшло ва ўрачыстай абстаноўцы. У адрас кожнай былі выказаны цёплыя словы. І кожная атрымала дыплом і падарункі, спонсарамі якіх выступілі абласное аддзяленне Беларускага фонду міру, абласная арганізацыя РГА “Белая Русь” і Чырвоны Крыж. А абласны “Зеленбуд” падарыў кожнай гаспадыні па туі.


----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.



АД РЭДАКЦЫІ:

Нам вельмі прыемна паведаміць, што лаурэатам абласнога конкурсу “Гаспадыня сядзібы – гаспадыня краіны” стала і аўтар гэтага артыкула, намеснік галоўнага рэдактара газеты “Астравецкая праўда” Алена Генрыхаўна Ярашэвіч.
Алена – чалавек працавіты і нераўнадушны, яна ўсюды і ўсё паспявае, і ўсё робіць, як толькі і ўмее – на “пяцёрку” (прабачце, зараз ужо на “дзясятку”). І не толькі на працы – Алена вядзе вялікую грамадскую работу, з’яўляючыся сакратаром раённай арганізацыі “Беларускага саюза жанчын”. А дома яна – не толькі клапатлівая маці, жонка і дачка, але і цудоўная майстрыха – рукадзельніца, якая ўмее з нічога зрабіць сапраўдны цуд. А яшчэ – адмысловы кветкавод… Словам, сапраўдная гаспадыня, і не толькі сваёй сядзібы…
Так што атрыманая ў абласным конкурсе перамога Алены Генрыхаўны – цалкам заслужаная, і мы, калегі, шчыра радуемся за яе, ад душы віншуем і жадаем новых дасягненняў і новых перамог!