Фестиваль молодых педагогов прошёл в Островце

Як падросшае дзіцятка робіць першыя крокі, так і малады чалавек,калі ўпершыню прыходзіць на працу, спачатку нясмела, а потым ужо больш актыўна робіць свае крокі ў прафесію.

Менавіта такія маладыя, ініцыятыўныя, творчыя і крыху сарамлівыя – хлопцы і дзяўчаты сабраліся ў гімназіі №1: тут прайшоў фестываль маладых педагогаў.

Аднак не толькі маладыя спецыялісты сталі героямі свята – сваім вопытам і напрацоўкамі дзяліліся з імі педагогі, якія даўно працуюць у школах раёна, і ветэраны педагагічнай працы, што знаходзяцца на заслужаным адпачынку.

– Для маладых спецыялістаў сёння створаны ўсе ўмовы. Вакол іх працуюць вопытныя педагогі, а ў інтэрнэце можна знайсці любую інфармацыю. Але нішто не заменіць жывое слова настаўніка, якое і сёння, нягледзячы ні на што, гатовы пачуць дзеці, – падзялілася сваімі думкамі настаўніца матэматыкі гімназіі №1 Галіна Мікалаеўна Ражко. – У школе я працую больш за 40 гадоў. І за гэты час ні разу не пашкадавала пра выбар, бо сваё прадаўжэнне я бачу ў вучнях, многія з якіх таксама сталі настаўнікамі.

Ганарыцца выбарам, які яна зрабіла шмат гадоў назад, і ветэран-педагог Святлана Пятроўна Бацюлева. Агульны педагагічны стаж яе сям'і складае 220 гадоў.

– Я нарадзілася ў сям'і педагогаў і была ўпэўнена, што пра школу і дзяцей ведаю ўсё. І ўсё магу. Але дзеці думалі інакш, – з усмешкай расказвае Святлана Пятроўна. – Не раз яны выпрабоўвалі мяне, аднак я не паддалася на іх правакацыі: гаварыла спакойным голасам і ўсміхалася. І гэта была першая перамога над сабой і маімі вучнямі. А калі пасля хваробы я прыйшла ў школу, то ўбачыла, што дзеці сустракалі мяне з радасцю. Менавіта тады я зразумела, што таксама рада, што працую ў школе.

Ні разу не пашкадавала пра выбар педагагічнай прафесіі і Ядвіга Каятанаўна Шаблінская, якая больш за 40 гадоў выкладала беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе №1. З лёгкай рукі гэтага педагога і яе маленькіх зорачак «разгарэўся» алімпіядны рух на Астравеччыне – менавіта выхаванцы Ядвігі Каятанаўны сталі першымі пераможцамі абласных, а потым і рэспубліканскіх алімпіяд па беларускай мове.

Трэба было чуць і бачыць, з якой любоўю і хваляваннем, быццам пра ўласных дзяцей, расказвалі пра маладых спецыялістаў іх настаўнікі Таццяна Баляславаўна Максімюк, Алена Мар'янаўна Кармаза, Галіна Андрэеўна Восарава, Наталля Іванаўна Хвясечка.

Але і маладым спецыялістам было што расказаць і прадэманстраваць.

Маладая настаўніца Кямелішкаўскага НПК Ганна Віктараўна Аўсюкевіч з дзяцінства любіла бачыць вынік сваёй працы. І сёння яна ганарыцца не толькі тым, што знайшла агульную мову з вучнямі, але і сваімі публікацыямі ў прадметных часопісах і матэрыяламі шматлікіх навуковых канферэнцый.

Педагог Міхалішкаўскай сярэдняй школы Алена Анатольеўна Мешкель прадэманстравала сваім калегам дзеннік пачынаючага педагога, дзе кожны дзень распісаны літаральна па хвілінах.

Ажыццявіла сваю мару настаўніца англійскай мовы Рытанскага НПК Анастасія Аляксееўна Мінькоўская: яна ўпэўнена, што любы малады  педагог, трапіўшы ў дружны, аб'яднаны адной ідэяй калектыў, можа многае.

У тым, што кожнае дзіця – асоба, упэўнена дэфектолаг карэкцыйнага цэнтра Анжаліка Раманаўна Пашкевіч, якая выбрала педагагічную сцежку дзякуючы маме. Сёння Анжаліка Раманаўна не толькі аказвае карэкцыйна-педагагічную дапамогу дзецям з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, але і з задавальненнем дзеліцца сваімі напрацоўкамі з педагогамі з іншых школ раёна.

Намеснік дырэктара гімназіі №1 Анастасія Яўгенаўна Валошык упэўнена, што вучыць дзяцей трэба на асабістым прыкладзе – і гэта ў яе атрымліваецца вельмі добра.

Ініцыятыўных, таленавітых, старанных маладых педагогаў прывіталі намеснік начальніка аддзела адукацыі Наталля Вікенцьеўна Баніцэвіч і метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Ларыса Леанідаўна Кетрыс, якая і стала арганізатарам фестывалю маладых спецыялістаў.

Менавіта Наталля Вікенцьеўна і Ларыса Леанідаўна ўручылі маладым педагогам, якія зрабілі першыя крокі ў прафесію, пасведчанні аб праходжанні стажорскай практыкі.