Эколагі выйшлі на "паляванне"

Гарачыя дзянькі цяпер у эколагаў – штодня мы стараемся спыніць незаконны “бізнес” тых, хто збірае ягады спецыяльнымі забароненымі прыстасаваннямі.


Кожны дзень затрымліваем па 3-4 чалавекі. Складаем акты, канфіскуем прыладу, накладваем штрафы – звычайна ў памеры 1-2 базавых велічынь, хаця маем права на асабліва злосных парушальнікаў накласці санкцыі ў памеры да 20 базавых велічынь.
Шмат вядзецца спрэчак наконт таго, шкодзяць “камбайны” ягадніку ці не. Вядома, зацятыя карыстальнікі гэтых прылад з пенай ля рота даказваюць, што іх цуда-машынкі шкоды чарнічніку не прыносяць. Але калі ідзеш па слядах, дзе яны “папрацавалі”, глядзіш на абкарнаныя кусты ягадніку, міжволі ўзнікаюць сумненні ў праваце іх доказаў.
Зрэшты, калі ў краіне існуе закон аб забароне карыстання спецыяльнымі прыстасаваннямі пры зборы ягад, мы павінны яго выконваць. І не здзіўляцца, калі за яго парушэнне  спасцігне заслужанае пакаранне.


Брунен ТУМКО, інспектар райінспекцыі па ахове навакольнага асяроддзя.