Экалагічны велапрабег прайшоў у Астраўцы
Штогадовая Міжнародная акцыя “Дзень без аўтамабіля”, якая праходзіла 22 верасня па ўсёй Беларусі, адбылася і ў Астраўцы. Аддзел ідэалагічнай работы райвыканкама сумесна з Дзяржаўтаінспекцыяй вырашылі прыцягнуць і акцэнтаваць увагу насельніцтва на гэтым мерапрыемстве, і арганізавалі ў гэты дзень агітацыйны велапрабег.
У велапрабегу ўдзельнічалі вучні гімназіі і СШ №1 Астраўца, якія распачалі свой шлях ад помніка воінам-выратавальнікам і праехалі на веласіпедах да аўтавакзала. Суправаджаў школьнікаў аўтамабіль Дзяржаўтаінспекцыі.
Гэтым велапрабегам арганізатары і ўдзельнікі хацелі прадэманстраваць усім, што не трэба забываць пра экалогію і хоць бы час ад часу хадзіць пехатою ці мяняць прывычную “баранку” свайго аўтамабіля на менш хуткі, але непараўнальна больш карысны для навакольнага асяроддзя і для здароўя руль веласіпеда.
Марына МАЦКЕВІЧ.