Эдуард Свірыд пра службу на Балтыйскім флоце

1 Калі і дзе вы служылі? З якім настроем ішлі ў армію, хто вас праводзіў і чакаў?
2 Што было самым цяжкім у арміі? Ці была ў вас так званая дзедаўшчына?
3 Ці ёсць у вас дэмбельскі альбом і іншыя рэчы, якія вы захоўваеце як памяць пра армію?
4 Чаму вас навучыла армія?
5 Што б вы хацелі параіць маладым хлопцам, якія з дня на дзень чакаюць павестку ў ваенкамат?


Эдуард Свірыд, начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязей Беларус­кай АЭС, служыў у 1985-1988 гадах на Балтыйскім флоце.

56.jpg



1 Мая служба пачалася 4 мая 1985 года. На той момант мне было 18 гадоў: я толькі што скончыў школу, у інстытут не паступіў, крыху папрацаваў настаўнікам фізкультуры ў Завельцаўскай школе – і быў прызваны на службу. 
У Астраўцы ў ваенкамаце мне сказалі, што буду служыць у арты­лерыі. Не скажу, што настрой быў прыўзняты, але суцяшаў сябе, што адслужу два гады – і вярнуся дахаты. 
А ў абласным ваенкамаце мяне «ўзрадавалі», што служыць давядзецца не два, а тры гады: мяне прызываюць у ваенна-марскі флот. Сказаць, што гэта быў шок – нічога не сказаць. Але потым аказалася, што час гэты прайшоў даволі хутка і нічога страшнага  не сталася – наадварот, было цікава і карысна.
Спачатку была так званая вучэбка: паўгода ў Ленінградскай вобласці, горад Ламаносаў. А потым мяне размеркавалі ў Кранштадт. Можна сказаць, пашанцавала: з нашых больш як тысячы курсантаў толькі 6 чалавек накіравалі служыць у Атлантычную экспедыцыю, на так званыя белыя караблі, якія займаліся даследаваннем сусветнага акіяну, хадзілі па ўсім свеце, заходзілі ў тым ліку і ў замежныя порты. Цяпер гэтым нікога не здзівіш, а на той час пабываць у розных краінах, у тым ліку і закрытых капіталістычных, – было проста неверагодна!
Пачалася зусім іншая служба. За два з паловай гады я быў у трох акіянскіх паходах, у Ірландыі, Марока, Мазамбіку, на востраве Маўрыкій, у Бразіліі, Гвінеі. Удзельнічаў у шасцімесячным паходзе да берагоў Антарктыды. 
А дома чакалі бацькі, найперш, вядома ж, мама: яна моцна за мяне перажывала, хоць, здавалася, не было з-за чаго. Але пачалася перабудова, галоснасць, сталі публікаваць праўду пра катастрофы, крушэнні караблёў і самалётаў… На жаль, мая служба, ці, правільней будзе сказаць, перажыванні з-за мяне значна скарацілі маміна жыццё… 

2 Самае цяжкае – гэта, вядома ж, адарванасць ад сям’і, ад радзімы. 
А што тычыцца дзедаўшчыны, як прынята гаварыць, нестатутных ад­­но­сін, то яны ж бываць розныя. Зда­раец­ца, што здзекуюцца з маладых, прыні­­жаюць іх чалавечую годнасць, абражаюць, прымушаць мыць шкарпэткі ці бялізну – такога ў нас не бы­ло.
Але тое, што «гадкі» патрабавалі ад нас, «карасёў», вучыць карабель – гэта было, і, як разумею зараз,  гэта правільна! Бо калі прыходзіш на карабель, то нібы трапляеш на іншую планету, дзе кожная рэч мае сваю наз­ву, якая паходзіць  яшчэ з пятроўскіх часоў, – і ўсё трэба ведаць, бо ўсё гэта – бяспека карабля: калі раптам нешта здарыцца, ты павінен разумець, куды бегчы, што рабіць, якія каманды і як выконваць. Так што нас, маладых, кожны дзень па вечарах экзаменавалі  на гэты конт. За кожны няправільны адказ мы атрымлівалі не «двойкі», а шчалбаны – і гэта, скажу я вам, было даволі балюча!
Затое ў першы Новы год на караблі адзначаўся дзень карася: на суткі «карасі» станавіліся «гадкамі» і наадварот – і «гадкі» нас папярэджвалі: калі будзеце дрэнна нас «выхоўваць», то другога студзеня моцна пашкадуеце!
І вось 1 студзеня яны мылі падлогу, дзяжурылі на кухні, бегалі для нас за цыгарэтамі – а мы сядзелі, разваліўшыся, і глядзелі тэлевізар…

3 Дэмбельскі альбом – гэта свя­тое! Яго пачыналі рыхтаваць прыкладна за год, гэта  была своеасаблівая працэдура, я б сказаў – рытуал. 
Канешне ж, дэмбельскі альбом у мяне ёсць. Больш таго: перыядычна ён адкрываецца, праглядваецца, часам – з роднымі і знаёмымі. Добра, што неўзабаве падпісаў усе фотаздымкі ў альбоме, бо памяць не вельмі трывалая крыніца інфармацыі.
Дарэчы, у гэтым годзе будзе 30 гадоў, як я звольніўся ў запас. Дзякуючы сацыяльным сеткам, мы з аднапалчанамі, ці, як гавораць на флоце, брацішкамі, падтрымліваем даволі цесныя сувязі. 
Што тычыцца іншых памятных рэчаў, то ў савецкія часы была традыцыя: салдат, вярнуўшыся дахаты, дарыў суседскім хлапчукам армейскі рэмень, значкі. Вось і я практычна ўсё раздарыў, акрамя значка «За дальні паход»: для кожнага марака гэта самая дарагая ўзнагарода.
Ну і форма, у якую я даўно не ўлажу, засталася…

  4 Я служыў у сувязі. За тры гады засвоіў усе сродкі сувязі, што ёсць на караблі – радыёсувязь, тэлеграф, азбука морзэ. З таго часу засталося ўменне працаваць на клавіятуры ўсімі дзесяццю пальцамі, і нават усляпую – ці мала што можа здарыцца: аварыя, электрычнасць прападзе… 
Што тычыцца маральных якасцей, то служба навучыла адносінам да лю­дзей, сапраўднай мужчынскай дружбе, разуменню, што нельга быць эгаістам.
Думаю, любы мужчына пацвер­дзіць: той, якім ён быў да службы і якім стаў пасля яе – гэта два розныя чалавекі.

  5 Праблему непадрыхтаванасці сённяшніх юнакоў да ваеннай службы я бачу ў жаночым выхаванні: у школах працуюць пераважна жанчыны, шмат няпоўных сямей, дзе сыноў выхоўваюць матулі, канешне ж, яны шкадуюць, песцяць сваіх сыноў, якія застаюцца дзецьмі і ў 18, і ў 20 гадоў. І калі такое дзіцятка трапляе ў ваенны асяродак, які, вядома ж, мае свае асаблівасці, законы, рамкі, ён не падрыхтаваны, у яго шок, ломка: «Мамачка, забяры мяне адсюль, мне тут дрэнна…»  Калі ў сям’і нармальны бацька – ён выхоўвае мужчыну.
Так што заўтрашнім прызыўнікам я пажадаў бы нічога не баяцца – але быць гатовым да цяжкасцей: гэта я і сыну свайму гаварыў, калі яго тры месяцы назад прызвалі ў армію. Трэба ісці, годна выканаць свой абавязак – і вяртацца дамоў з цёплымі ўспамінамі пра гады службы.
Текст: Нина Рыбик