Дзмітрый Карвэцкі: адкрыты ўрок з Прэзідэнтам варта зрабіць традыцыйным
– Мне падаецца, такі фармат узаемадзеяння Прэзідэнта і моладзі, як адкрыты ўрок, – цікавы, інтэрактыўны, ён абавязкова павінен мець працяг ці ўвогуле стаць традыцыйным.
Абмеркаваць важныя пытанні з кіраўніком краіны ў Палацы Незалежнасці сабраліся юнакі і дзяўчаты з розных куточкаў Беларусі і навучальных устаноў. У іх была цудоўная магчымасць падзяліцца на роўных з супрацоўнікамі Акадэміі навук і ўніверсітэтаў сваім бачаннем гістарычнага мінулага і будучага нашай краіны.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў статусе настаўніка апошні раз выступаў роўна 19 гадоў назад у БДУ. Многія пытанні, якія тады былі ўзняты, актуальныя і цяпер, таму тэмы гістарычнай памяці, сувязі са сваім мінулым набылі асаблівае значэнне.
Прэзідэнт закрануў усе сферы жыцця: пачынаючы ад аграпрамысловага комплексу і заканчваючы распрацоўкай сучаснага камп’ютара. Сучасны малады чалавек павінен быць не толькі шырокаадукаваным, але і ведаць гісторыю сваёй Айчыны, цаніць подзвіг прадзедаў і сваімі вучобай, захапленнямі, жыццём рабіць унёсак у развіццё нашай краіны.
Імпануе, што ва ўсіх школах нашага раёна, у тым ліку Варнянскай, вялася прамая трансляцыя ўрока з Прэзідэнтам. Аляксандр Лукашэнка ўдзельнікам сустрэчы задаваў важныя пытанні. Чым нам варта ганарыцца ў нашай гісторыі? Хто мы і адкуль? Навошта беларусам захоўваць гістарычную памяць? На гэтыя, на першы погляд, простыя, але глыбока філасофскія пытанні мы шукалі адказы разам з маімі вучнямі паралельна са спікерамі. Парадавала, што шэсць гадоў майго класнага кіраўніцтва прайшлі недарма. Мае хлопцы і дзяўчаты любяць сваю краіну і дом, цэняць справядлівасць і сяброўства. Веру, што кожны з іх стане сапраўдным Чалавекам.

