Дзеці на элекрасамакатах: да бяды – адзін крок
Паступова дэфіцыт стаў змяншацца, затым – знікаць. І ў дзяцей сталі з’яўляцца ўсё больш модныя і дарагія цацкі: ролікавыя канькі (у маіх сына і дачкі, дзякаваць богу, да таго часу былі ўжо іншыя інтарэсы), пазней – скейты, гіраскутары, самакаты…
Я ўжо маўчу пра веласіпеды, якія трэба мяняць кожныя 2-3 гады, па меры вырастання «чада». «Я некалі вучыўся ездзіць на бацькавым веліку з-пад рамы – на раме не даставаў да педаляў. А мой 12-гадовы сын просіць новы, бо са старога ўжо вырас, а да майго яшчэ не дарос. Давядзецца купляць: абяцаў, калі школу на «выдатна» закончыць. Гэта будзе ўжо пяты», – падзяліўся нядаўна знаёмы.
А не так даўно з’явілася новая фішка: электрасамакаты!
Рэч, што і казаць, зручная, асабліва ў істотна разросшымся за апошні час Астраўцы. Многія, у тым ліку і людзі паважанага ўзросту, і нават тыя, хто мае ўласны аўтамабіль, прыдбалі сабе зручны, танны ў абслугоўванні мабільны транспарт – і забыліся пра аўтобусы, таксі і «каго б папрасіць падвезці», прынамсі, з ранняй вясны і да позняй восені.
Але дарослыя – ва ўсякім выпадку, большасць з іх – выкарыстоўваюць электрасамакаты як сродак перамяшчэння. А падлеткі – як крутую цацку.
…Пачаліся доўгачаканыя летнія канікулы – дзеці высыпалі на вуліцу. І пешаходам, асабліва немаладым, па тратуарах цяпер трэба хадзіць вельмі асцярожна: перш чым зрабіць нейкі манеўр, абавязкова азірнуцца і ацаніць «транспартную абстаноўку». Бо цалкам магчыма, што ў той момант, калі вы намерыцеся змяніць траекторыю руху, ззаду на вас будзе імчаць на вялікай хуткасці электрасамакат, малалетні вадзіцель якога нічога не ведае і ведаць не хоча пра вашы намеры. У яго іншыя планы: ён марыць праскочыць, як вецер, паміж дзвюмя цёткамі з сумкамі і, захапляючыся іх перапалохам, са смехам паімчаць далей. А калі такіх «парываў ветру» не адзін, а некалькі і яны імчаць навыперадкі, маючы даволі прыблізнае ўяўленне пра правілы дарожнага руху і не збіраючыся выконваць нават тое, што ведаюць? Ды яшчэ калі ўлічыць, што электрасамакат, у адрозненне ад таго ж скейта ці ролікаў, рухаецца амаль бясшумна, то да бяды – адзін неасцярожны крок. Мне неаднаразова даводзілася дзякаваць богу, што не паспела зрабіць той крок. І неаднойчы была сведкай сітуацыі, калі чароды малалетніх самакатчыкаў, часта па двое на адным, імчаць па тратуары, па-заліхвацку лавіруючы паміж пешаходамі, амаль што наязджаючы ім на пяты.
…Напэўна, гэта добра, што сёння ў бацькоў ёсць магчымасць купляць сваім сынам і дачушкам такія дарагія «цацкі». Але кожнай падобнай «цацкай», асабліва калі дзіця, «гуляючыся» з ёй, становіцца ўдзельнікам дарожнага руху, трэба перш навучыць карыстацца. І пасля пільна прасачыць, ці добра засвоена навука. Бо пацярпець ад падобных электрагонак навыперадкі з ветрам могуць не толькі не вельмі асцярожныя пешаходы, а і самі гоншчыкі.
І каго ў такім выпадку вінаваціць?
