«Дзеці Чарнобыля» дзеляцца ўспамінамі пра 1986-ты і іншыя гады
Сёння, у 36-ю гадавіну чарнобыльскай трагедыі, мы друкуем успаміны людзей, якія ў той час былі дзецьмі і жылі ў Хойніках Гомельскай вобласці. Яны ўжо дарослыя, маюць свае сем’і, работу. Большая частка іх жыцця прайшла на Астравеччыне, дзе перасяленцаў даўно перасталі называць «чарнобыльцамі».
І ўсё ж у памяці час ад часу няпрошана ўсплываюць чорна-белыя малюнкі далёкага дзяцінства, якое прайшло пад знакам бяды.
Наталля Сухенка (у дзявоцтве Ярмольчык):
«Ніхто не ведаў, куды нас вязуць, – ні мы, ні бацькі»
– Калі здарылася аварыя ў Чарнобылі, мне было 11 гадоў. Сястра Таня на 4 гады малодшая. Першы ўспамін, звязаны з тымі падзеямі: нас не пусцілі на першамайскую дэманстрацыю. Мы яе так чакалі, рыхтаваліся – а нам сказалі сядзець дома і на вуліцу носа не высоўваць. Вось яшчэ! Бацькам можна – а нам не?! Мы з Таняй прыбраліся і таксама пайшлі на плошчу. У памяць урэзаліся бязлюдныя вуліцы, па якіх крочылі мы з сястрой.
А потым з Хойнікаў сталі эвакуіраваць дзяцей. Нас, усю школу, адвезлі на вакзал, пасадзілі ў цягнікі. Без бацькоў, вядома ж – яны заставаліся ў горадзе, ім трэба было працаваць. Таня сядзіць каля акна, губа трасецца… Мама на пероне сама ледзь стрымліваецца. Але суцяшае: «Танечка, ты не павінна плакаць, ты ужо вялікая дзяўчынка»… А «вялікай дзяўчынцы» на той час яшчэ і сямі гадоў не было…Цягнік крануўся. Ніхто не ведаў, куды нас вязуць. Адзінае, што заспакойвала: мы разам з сястрой!
Але ў Віцебску нас разлучылі. Дзяцей размяркоўвалі па піянерскіх лагерах па ўзросце: мяне адправілі ў адзін, Таню – у другі. І зноў жа – ніхто не ведаў, хто дзе знаходзіцца. Потым ужо нашы настаўнікі наладзілі сувязь, даведаліся, дзе мая сястра, – аказалася, што непадалёк. Я нават час ад часу хадзіла да Тані ў госці – яе, малую, вядома ж, не адпускалі адну.
Яшчэ цяжэй было бацькам – яны ж не ведалі, дзе мы, што з намі. Тэлефонаў тады не было не толькі мабільных – звычайны хатні лічыўся раскошай, у нас дома, да прыкладу, яго не было. Пісалі пісьмы. Магу толькі ўявіць, што давялося перажыць маме, пакуль прыйшло тое пісьмо.
Калі ўвосень трэба было вяртацца дамоў, нас адвезлі ў Волму пад Мінскам, там жылі бацькавы родзічы. У іх сваіх трое дзяцей, ды мы з Таняй, ды жонка мамінага брата з двума дзецьмі... Табар!
І потым мы кожны год некуды ехалі – у санаторыі, піянерскія лагеры – чым далей, тым лепш… Усе стараліся, каб дзеці на забруджанай тэрыторыі знаходзіліся як мага менш. Сёння я нават не ўспомню назвы тых летнікаў і здраўніц, дзе нас прымалі. І хоць там мерапрыемствы розныя прыдумвалі, конкурсы, кожная такая паездка суправаджалася стрэсам. Мы з сястрой – хатнія дзеці, да 1986 года адпачывалі хіба што ў бабулі ў вёсцы.
З кожнай паездкі вярталіся дамоў. І не разумелі: чаму нельга, як раней, есці гародніну са свайго ўчастка, чаму ў нашым садзе салдаты выкарчоўваюць дрэвы, здымаюць урадлівы слой глебы?
У 1990 годзе бацькі пераехалі ў Астравец. Я заканчвала школу, як прынята гаварыць, ішла на медаль. Баяліся, што ў новай школе, у чужым горадзе атрымаць яго будзе цяжка, таму я засталася ў Хойніках. Жыла адна ў нашым доме – паліла паравое, варыла есці, вучылася. Мы тады рана станавіліся самастойнымі… Адзінае, што непрыемна ўражвала: наша вясёлая, прыгожая, дружная вуліца імя Будзёнага, дзе ўсе разам адзначалі святы, з якой толькі ў наш клас хадзіла з дзясятак дзяцей, раптам апусцела – жыхары раз’ехаліся хто куды. Час ад часу мяне наведвала бабуля – паглядзець, як спраўляюся, прадуктаў падкінуць.
Пасля школы паступіла ў Гомельскі медыцынскі інстытут – яго ў той год толькі адкрылі. Жыла ў інтэрнаце, прыязджала ў Хойнікі – не толькі і не столькі да бабулі, колькі да каханага: з Вадзімам мы сустракаліся 5 гадоў, яшчэ са школы, пажаніліся пасля чацвёртага курса. А пасля заканчэння інстытута – у нас ужо была Віка – пераехалі ўслед за бацькамі ў чысты і зялёны Астравец.

Вадзім Сухенка:
«Ляцелі верталёты, мы ім махалі»
– Той красавік 1986 года я добра памятаю: мне было 12 гадоў. Жылі мы ў Хойніках, а на тыя выхадныя нас з сястрой адвезлі да бабулі ў вёску Астрагляды Брагінскага раёна.
Цёпла, мы з сябрамі пабеглі на кар’ер, хацелі нават пакупацца, але вада яшчэ была халоднай. Гулялі непадалёк, назіралі, як над намі ляцяць верталёты, рукамі ім махалі. Цікава!
Калі прыбег дамоў перакусіць, там была сплаканая мама. Накінулася на мяне: «Ты дзе носішся? Збірайся, едзем дахаты!» Яна знайшла машыну, каб прыехаць у Астрагляды і забраць нас.
Дома мяне і сястру зачынілі ў кватэры і нікуды не пускалі, нават у школу. Нічога не тлумачылі, толькі бацька пастаянна праціраў усё вільготнай анучкай і распырскваў ваду. Мы не разумелі, што адбываецца, але адчувалі, што нешта нядобрае, трывожнае…
Калі дзяцей сталі эвакуіраваць, мы трапілі ў санаторый «Чонкі» пад Гомелем. Там жылі ўсё лета. А калі трэба было вяртацца, мама адправіла мяне са сваёй знаёмай да яе родзічаў у Чэлябінскую вобласць. Пачаўся навучальны год, дзеці хадзілі ў школу, а я не вучыўся. Усім здавалася, што гэта ненадоўга, што месяц-другі – мы вернемся дахаты і ўсё будзе як раней, да аварыі. Добра не станавілася, але вярнуцца ўсё роўна давялося: не будзеш жа ўсё жыццё туляцца па чужых людзях і жыць у санаторыях!
Здарылася ў мяне ў той час незабыўная паездка. На наш клас выдзелілі некалькі пуцёвак у піянерскі лагер усесаюзнага значэння «Акіян», які знаходзіўся ва Уладзівастоку. Ахвочых паехаць шмат, шчасліўчыкаў вызначалі па жараб’ёўцы. Я чамусьці быў упэўнены, што выцягну запаветны білет, – так і сталася.
Адна дарога ва Уладзівасток стала прыгодай: аўтобусам ехалі да Гомеля, адтуль самалётам – да Масквы, потым другім самалётам – на самы усход вялізнага Савецкага Саюза.
У лагеры нас апранулі ў нябачаную да таго «джынсу»: дзяўчынак – у спаднічкі, хлопцаў – у штаны, усіх – у джынсавыя курткі. Крута!
Там мы жылі цэлую школьную чвэрць, здаецца, трэцюю. Вучыцца было лёгка: хатніх заданняў не задавалі, тое, што тлумачылі на ўроку, мы тут жа пераказвалі. У мяне адзнакі адразу палепшыліся! А пасля ўрокаў вабілі цікавыя гурткі – картынг, авіямадэляванне. Гэты лагер – адзін з самых прыемных успамінаў дзяцінства.
Болей бацькі нас у піянерскія лагеры і санаторыі не адпраўлялі. У мамы ў Сасновым Боры Ленінградскай вобласці жыла сястра – да яе мы і ехалі кожнае лета. Там я даведаўся, што такое белыя ночы. Памятаю, загуляўся і не заўважыў, як вуліца апусцела. Куды, думаю, людзі падзяваліся? Прыходжу дахаты – усе спяць. «Ты дзе, – кажуць, – ходзіш? Спаць кладзіся!» Ды якое спаць, калі на двары светла!
Усё маё дзяцінства прайшло ў Хойніках – бацькі нікуды не выязджалі, не магу сказаць, чаму: не захацелі ці не знайшлі, куды – гэта ж таксама не так проста. У Астравец я прыехаў са сваёй сям’ёй, з жонкай і дачкой, тут у нас нарадзіўся сын – цяпер гэта мой горад.

Алена Станкевіч (у дзявоцтве Гапоненка):
«Я памятаю прысмак радыяцыі»
– Кажуць, радыяцыя не мае ні смаку, ні паху. Няпраўда! Я падчас службы ў пагранічных войсках дзяжурыла на пункце пропуску, праходзіла ля аўтамабільнай рэнтгенаўскай устаноўкі, якая «прасвечвае» фуры. І раптам адчула ў роце непрыемны металічны прысмак.
Памяць нібы высвеціла: Хойнікі, я іду ў дзіцячы садок – і адчуваю той жа прысмак металу…
У красавіку 1986-га мне было 6 гадоў, малодшаму брату – паўгода. Я лічылася вялікай, бо ўжо хадзіла ў падрыхтоўчы клас – тады ён называўся нулявым і размяшчаўся ў дзіцячым садку. Як магла, дапамагала маме. Яна часта адпраўляла мяне па шчаўе. Нарву па-дзіцячы, з травою, а яна затым перабірае і навучае: чысценька трэба збіраць, толькі лісцікі. У той дзень я пастаралася – у шчаўі не было ніводнай травінкі. Задаволеная сабой, аддала маме і чакала пахвалы, а яна ўсё выкінула. Тады я ўпершыню пачула незразумелае слова «радыяцыя». Памятаю, паехалі ў вёску да бабулі. Хочацца на вуліцы пагуляць, а яна не пускае. Ды дзе ж ты ўседзіш у хаце, калі такая цяплынь?! І верталёты лятаюць над вёскай нізка-нізка. Цікава! Адзін прызямліўся ў агародзе. Выйшлі людзі, зачэрпнулі ваду ў бабуліным калодзежы, затым – у суседскім. Пазней у суседзяў калодзеж забілі, а наш – не: відаць, тут вада была лепшай.
Пасля 1 мая, калі дзяцей сталі эвакуіраваць, дзед адвёз нас да свайго брата на Віцебшчыну: мы з мамай і братам і дзве яе сястры з дзецьмі – 8 чалавек! Як мы месціліся ў двухпакаёвай кватэры, не магу зразумець. Мама да гэтага часу з удзячнасцю ўспамінае дзядзьку і яго жонку, якія прытулілі нас у той цяжкі час.
А потым усіх забралі ў абласную бальніцу: дзецям стала дрэнна, асабліва стрыечнаму брату. І Сашка наш маленькі моцна хварэў. Бедная наша матуля, колькі яна напакутвалася!
Запомнілася, як нас прыходзілі праведваць дзеці з горада: цацкі прыносілі, гасцінцы, вершыкі чыталі. Мы не маглі зразумець, чаму нам такая ўвага, але было прыемна.
З бальніцы перавялі ў санаторый, там жылі, пакуль не дазволі вярнуцца дамоў. Усе так узрадаваліся!
А потым пачалася бясконцая чарада санаторыяў і пінерскіх лагераў. Бацькі выкарыстоўвалі любую магчымасць, каб вывезці нас у чыстую зону. Як я не любіла гэтыя паездкі! Разам з мамай і братам яшчэ нічога, а калі адну адпраўлялі, то сапраўдная пакута. Я хатняя па натуры, мне складана з незнаёмымі людзьмі…
І ўсё ж найцяжэй было, калі пераехалі ў Астравец. Так сталася, што з перасяленцаў я ў класе – адна. Мясцовыя мяне не прынялі, ніхто не хацеў са мной сябраваць. Аднакласніцы пыталі: «Ты навошта сюды прыехала, радыяцыю нам сваю прывезла?» Ды што там дзеці – ім уласціва быць жорсткімі. Некаторыя настаўнікі адносіліся гэтак жа. Памятаю, аднойчы на ўроку разбіралі твор, у якім адно дрэва засохла, а другое зелянела. Настаўніца падышла да мяне, паклала руку на плячо і звярнулася да класа: «Ведаеце, дзеці, чаму тое дрэва засохла? Бо яно радзіму сваю пакінула». Як я тады плакала! Як хацела, каб бацькі вярнуліся назад… Толькі гады праз два, недзе ў восьмым класе, мяне прызналі сваёй.
Затое якія сяброўкі ў мяне ў двары з’явіліся! Наташа Бандарэнка, Таня Малочка, Марына Шаўчэнка, Аксана Бандарэнка – мы і сёння разам.
Астравец даўно стаў мне родным: тут мой дом, мая сям’я, мае блізкія. А Хойнікі і наша «чарнобыльскае» дзяцінства засталіся ва ўспамінах…
Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.
Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.
