Дзень «Астравецкай праўды» прайшоў у Баранях
У практыку работы нашай рэдакцыі даўно і трывала ўвайшла традыцыя правядзення дзён “Астравецкай праўды”: у розныя часы такія праводзіліся ў Астраўцы, Варнянах, Гервятах, Рытані, Міхалішках. Сёлета ў даўнюю традыцыю вырашана было ўнесці невялікую інавацыю: правесці дзень “раёнкі” не ў аграгарадку, а ў невялікай вёсачцы. Якая, тым не менш, у гэтым годзе, аб’яўленым рашэннем райвыканкама Годам Казіміра Сваяка, стала своеасаблівым гістарычным цэнтрам Астравеччыны. У вёску Барані, дзе 120 гадоў назад нарадзіўся паэт і святар Казімір Сваяк, сёлета вялі шляхі многіх. У мінулую суботу прывялі яны сюды і калектыў рэдакцыі “Астравецкай праўды”.
Нагода для рэдакцыйнага дэсанту была вельмі важкай: сёлета ў рамках правядзення Года Казіміра Сваяка рэдакцыяй “Астравецкай праўды” быў аб’яўлены конкурс на лепшы твор, прысвечаны нашаму слыннаму земляку. Падвесці яго вынікі і ўзнагародзіць пераможцаў было вырашана менавіта ў нядаўна адкрытым доме-музеі Казіміра Сваяка, у хаце, дзе ён нарадзіўся – каб людзі, якія прысвяцілі паэту-святару свае творы, адчулі не толькі духоўную, але і фізічную повязь са сваім героем: дакрануліся да сцен, якія памятаюць першыя крокі і першыя словы маленькага Кастуся, прайшлі па панадворку, дзе ён любіў бавіцца малым, убачылі мясціны, што натхнялі яго на самаадданае служэнне Богу і Радзіме.
Нягледзячы на маланаселенасць Бараняў, імпрэза атрымалася даволі люднай. На сустрэчу прыйшлі не толькі нешматлікія мясцовыя жыхары, але і прыехалі ўсе канкурсанты, настаўнікі і прадстаўнікі мясцовай улады з Падольцаў, Спондаўскага сельсавета. А яшчэ завіталі вучні Быстрыцкай базавай школы, удзельнікі краязнаўчага гуртка ”Астравеччына, край дарагі” разам са сваёй настаўніцай Вандай Міхайлаўнай Вайшнаровіч.
Намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, адкрываючы сустрэчу, нагадаў пра гісторыю стварэння музейнай экспазіцыі ў родным доме Казіміра Сваяка – дзякуй Богу, што, нягледзячы на ўсе праблемы і перашкоды, сёння гэта ўжо гісторыя. І музей не проста адкрыты – ён жыве. Сюды едуць экскурсіі з усяго раёна і з-за яго межаў, людзі цікавяцца літаратурнай і духоўнай спадчынай Казіміра Сваяка, яго асобай. І значыць, надзеі паэта і святара, што пасеянае ім семя беларушчыны дасць усходы, што яго “пісаніна” спатрэбіцца людзям, былі не марнымі.
Пра гэта гаварыла і загадчыца Спондаўскай бібліятэкі Іаланта Францаўна Валуевіч, якая з уласцівай ёй шчырасцю і прафесіяналізмам расказала пра слыннага земляка, пра яго шматпакутнае жыццё і творчасць, пра экспанаты, што змешчаны ў музеі.
Гэта ж пацвердзіў і рэдакцыйны конкурс. Мы не абмяжоўвалі яго ўдзельнікаў нейкімі рамкамі — ні ўзроставымі, ні жанравымі: дзеці і дарослыя стваралі і дасылалі тыя творы, якія прасіла іх душа: вершы, малюнкі, літаратуразнаўчыя і гістарычныя даследаванні, творы прыкладнога мастацтва. І ўсе яны былі адзначаны ў гэты дзень падарункамі – кнігамі выбраных твораў Казіміра Сваяка.
Але конкурс на тое і конкурс, каб у ім былі пераможцы. Рэдакцыя вырашыла вызначыць іх у трох намінацыях.
У галіне даследаванняў самай значнай была прызнана праца загадчыцы Спондаўскай бібліятэкі Іаланты Францаўны Валуевіч, прысвечаная расшыфроўцы пайменнага спісу створанага Казімірам Сваяком “Хаўрусу Сваякоў”.
Сярод вершаў, якія дасылалі на конкурс вучні і настаўнікі, быў адзін, які не мог не прыцягнуць да сябе ўвагі. Яго напісала пажылая жанчына з Пятрашышкаў Ванда Адамаўна Масцяніца: расказала пра жыццё і пакуты ксяндза-пробашча Клюшчанскага касцёла Канстанціна Стэповіча. У літаратурных адносінах гэты твор, магчыма, не самы дасканалы, але ў ім столькі шчырасці, любові, спачування да цяжкага лёсу і жыццёвага подзвігу Казіміра Сваяка, што мы не маглі не адзначыць яго як пераможцу конкурсу.
А ў намінацыі “Малюнак” званне пераможцы конкурсу атрымала вучаніца Варонскай базавай школы Марыя Багдановіч – дзяўчынка даслала на конкурс не толькі свой верш, прысвечаны Казіміру Сваяку, але і яго графічны партрэт, які быў прызнаны лепшым з усіх выяўленчых работ.
Пераможцы конкурсу атрымалі ад рэдакцыі дыпломы і грашовыя прэміі.
Але госці не толькі атрымлівалі ў гэты дзень падарункі – многія з іх таксама прыйшлі ў Сваякоўскі дом не з пустымі рукамі. Да прыкладу, вядомы краязнаўца, удзельнік рэдакцыйнага конкурсу Іван Пятровіч Драўніцкі расказаў, што ўпершыню пачуў імя Канстанціна Стэповіча ад свайго бацькі – святар быў яго настаўнікам. І калі Іван Пятровіч, тады яшчэ малады педагог, даведаўся, што ў Казіміра Сваяка ў свой час выйшла кніга вершаў “Мая ліра”, то паставіў сабе за мэту адшукаць яе. І пасля доўгіх намаганняў знайшоў выданне ў чытальнай зале Вільнюскай бібліятэкі. А паколькі ксераксаў і іншай капіравальнай тэхнікі тады не было, то апантаны настаўнік і краязнаўца, седзячы ў чытальнай зале, ад рукі перапісаў увесь зборнік. Пасля да гэтага сшытка дадаліся фотаздымкі са сваякоўскіх мясцін, дзе бываў Іван Пятровіч са сваімі вучнямі, расповеды пра гэтыя вандроўкі – і вось гэты рукапісны “самвыдатаўскі” зборнік Казіміра Сваяка Іван Пятровіч Драўніцкі перадаў у музей. А таксама – ноты твораў Альбіна Стэповіча, брата Казіміра Сваяка.
У музейную экспазіцыю быў перададзены і фотаздымак прафесара Адама Мальдзіса падчас сустрэчы яго з Папам Рымскім Іаанам Паўлам ІІ, калі вучоны ўпершыню ўзняў пытанне аб беатыфікацыі Канстанціна Стэповіча. Яшчэ адна ўдзельніца конкурсу – Людміла Іванаўна Кухарэвіч паабяцала перадаць у музей старадаўні медны самавар 18 стагоддзя.
Жыхарка Бараняў Рэгіна Іванаўна Буйко, ці прасцей – пані Рэня, як яе тут усе завуць, лічыць, што ойчанька і з таго свету спрыяе роднай вёсцы: “Вось як у нас цяпер стала вясёла – і ўсё дзякуючы Сваяку! Бачыце, як вёсачку нашу падладзілі – я ўжо думала, перад той нядзеляй, як меліся адкрываць музей, што сам Хрыстус да нас у вёску сойдзе! А зараз – такія харошыя людзі ўсё ідуць і едуць да нас”. І, пачуўшы пра падарункі музею, пані Рэня ўзгадала, што ў яе дома ёсць старадаўняя калыска-зыбка – такая ж, у якой, пэўна ж, калыхалі некалі маленькага Кастуся. І таксама паабяцала перадаць гэты каштоўны экспанат у дар музею.
У доме-музеі ў той дзень гучалі вершы Казіміра Сваяка, песні на яго словы – раманс “Не чаруй” цудоўна, пранікнёна выканала Людміла Кухарэвіч. Свае вершы чыталі ўдзельнікі конкурсу. Атмасфера панавала цёплая і шчырая — нібы сабраліся ў адным пакоі на бяседу даўнія і добрыя сябры ці сваякі. Не адчувалася холаду позняга асенняга дня, які да таго ж таксама вырашыў зрабіць падарунак усім удзельнікам імпрэзы і расшчодрыўся хай сабе на не вельмі гарачае, але ласкава-пяшчотнае сонейка.
І тая ж шчырасць і сардэчнасць аўтаматычна перайшлі на другую частку імпрэзы, калі размова зайшла непасрэдна пра раённую газету і людзей, што ў ёй працуюць, многія з якіх – Алена Ярашэвіч, Таіса Сямёнава, Эдуард Свірыд, Антон Мальшэўскі, Вольга Шоўкун, Андрэй Памецька — прыехалі ў той дзень у Барані на сустрэчу з нашымі чытачамі. Што шукаюць людзі на старонках “Астравецкай праўды”, якія матэрыялы іх задавальняюць, а якія – не, і чаму, што б хацелася бачыць у газеце яшчэ… Не было трыбуны і прамоў — была адкрытая размова аб тым, якой павінна быць газета.
А закончылася ўсё на прыемнай ноце: розыгрышы прызоў ад “Астравецкай праўды”, шчаслівымі ўладальнікамі якіх сталі многія з прысутных.
Ніна РЫБІК.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.




