Дзедаўскі ліхтар і сёння служыць Рэгіне Дрэме
Я нарадзiлася i расла на хутары, пра электрычнасць тады ніхто і не думаў, мы нават не ведалi, што такі цуд існуе. У нас былі газавыя лямпы, вялiкiя i малыя (газа, калі хто не ведае, – беларуская назва керасіну). У школе ў класах таксама стаялі газавыя лямпы, пры іх цьмяным святле мы вучыліся чытаць і пісаць.
Тым больш ніхто нават не марыў пра вулічнае асвятленне, пра слупы, на якіх будуць гарэць электрычныя лямпы. З такім вось ліхтаром хадзiлi ў хлеў да жывёлы. А я брала яго, калі ўвечары ішла да сябровак у вёску. Вяртаюся позна дахаты, ліхтар запалю – светла! Праўда, бацька сварыўся, што газу без справы выпальваю, а яна грошай каштуе.
Цяпер ён вiсiць на вугле нашай хаты. Замест газы ў ім гарыць электрычная лямпачка: муж падвёў правады. I старадаўні ліхтар усё гэтак жа выкончвае сваё прызначэнне: асвятляе ганак. А яшчэ нагадвае час, калі мы былі малымі, дрэвы – вялікімі, бацькі – жывымі. І сяброўкі чакалі ў вёсцы мяне з ліхтаром…
Ад рэдакцыі:
Рэгіна Дрэма прапаноўвала здымак пераабсталяванага на сучасны лад дзедаўскага ліхтара для ўдзелу ў конкурсе, ды нам падалося, што заданне гэтае будзе занадта простым: і больш складаныя нашы ўдзельнікі шчоўкаюць як арэхі.Але мы з задавальненнем друкуем яе ўспаміны пра дзедаўскую прыладу. Магчыма, і іншыя чытачы могуць расказаць гісторыі, сур’ёзныя ці кур’ёзныя, пра рэчы і прылады, якімі карысталіся нашы продкі. Бо ў межах конкурсу мы, вядома ж, не зможам паказаць і расказаць пра ўсё – гэта проста немагчыма. А жывая повязь часоў цікавая і пажылым, якія ўспамінаюць сваё мінулае, і маладым, якія больш даведваюцца пра тое, як жылі іх продкі.
Пішыце!
