Дзедаўская прылада: вілы для сена

Загадка пра чарговую дзедаўскую прыладу не выклікала цяжкасцей у нашых канкурсантаў: усе правільна адказалі, што на здымку – вілы для сена.

А вось называлі іх у розных мясцінах па-рознаму. Генрых Лукашэвіч сцвярджае, што на Астравеччыне, прынамсі, у яго роднай вёсцы, – вілэц. Алена Качан успомніла, што на яе роднай Валожыншчыне яны зваліся рагацінай, хоць на мядзведзя з імі ніхто не хадзіў. Леанарда Якель, якая родам з Ашмяншчыны, узгадала, што ў яе дзяцінстве іх называлі рагачы. Таццяна Бразевіч прыгадала назву «ражнецы». 

Але як там у прыказцы? Называйце хоць гаршчком… Сутнасці прылады гэта не мяняе: такія драўляныя вілы былі вельмі зручнай прыладай, каб кідаць сена ці салому.

Жалезныя вілы былі цяжкія і на іх шмат сена не возьмеш, – растлумачыў Генрых Лукашэвіч. – Таму імі толькі зграбалі сена ў кучкі, для гэтага яны былі больш прыдатныя, чым рэдкія двухзубыя драўляныя. А вось калі трэба закінуць вялікі абярэмак наверх, то найбольш падыходзілі такія, як на здымку: лёгкія, гладкія, узяць на іх можна шмат, а саслізгвала сена з іх лёгка. Памятаю, як з дапамогай такіх вілцаў загружалі сена ў пуні. Яны былі падзелены на тарпы: у кожным захоўвалася нешта адно: сена першага ўкосу, атава, салома яравая, азімая… Загружалі тарпы пад самы верх з дапамогай такіх вось вілаў: дарослыя падавалі, а мы, дзеці, наверсе раскладвалі і прытоптвалі, каб болей змясцілася…

Прыгадалі, як дапамагалі бацькам раскладваць сена ў пунях, на гарышчы, на вышках Алена Качан, Леанарда Якель, Марыя Янчэўская, Ілья Сымановіч ды іншыя нашы канкурсанты.

Аматары ва ўсім дакапацца да самай сутнасці Аляксандра Працута, Таццяна Бразевіч, Ірына Яновіч расказалі, што драўляныя вілы былі не толькі двухзубыя, але і трох-, і нават чатырохзубыя. Рабіліся яны з цэльнага кавалка дрэва: па меркаванні адных – з галінастай галлі бярозы ці вярбы, іншыя сцвярджаюць, што з ядлаўцу. Даўжыня ручкі вар’іравалася не толькі ад росту гаспадара, але і ад задачы: калі трэба было скласці сена ў капу ці закінуць на воз, то яна магла быць і не вельмі доўгай, а калі скласці высокі стог (гэта было цэлае мастацтва, якім валодаў далёка не кожны) ці закінуць сена на вышкі, то рабілі доўгія, 2-х і 3-хмятровыя. 

Але не толькі для сена і саломы вы­карыстоўвалі зручныя і лёгкія драўляныя вілы. Ілья Сымановіч успамінае, што ў час, калі жыта жалі сярпом і звязвалі ў снапы, з іх дапамогай было вельмі зручна грузіць іх на воз. 

– Дужыя мужчыны нават па два снапы за раз падымалі, – расказвае Ілья.

А Леанарда Якель, якая семнаццаці­гадовай дзяўчынай у калгасе сама спрытна ўпраўлялася з сярпом, узгадала, якія высачэнныя вазы снапоў накладвалі хлопцы, нават дадатковыя драбіны ставілі, каб перавезці за адзін раз як мага больш збожжа ў гумно.

Прыгадалі канкурсанты і яшчэ адно прызначэнне такіх вілаў: імі сяляне пратыкалі зямлю, каб насыціць яе кіслародам. 

А часам такая дзедаўская прылада станавілася зброяй. І не толькі ў даўніну падчас сялянскіх бунтаў. Генрых Лукашэвіч успамінае бойкі «вёска на вёску» 70-х гадоў, калі адчайныя галовы хапаліся за падобныя рагаціны і яны станавіліся вельмі небяспечнымі. 

Адзнакі на гэтым этапе конкурсу такія: Аляксандра Працута – 6 балаў, Генрых Калтан, Генрых Лукашэвіч, Таццяна Бразевіч – па 4, Леанарда Якель, Ірына Яновіч, Рэгіна Дрэма, Наталля Блахіна, Алена Качан, Ілья Сымановіч – па 3, Анастасія Пяткевіч і Марыя Янчэўская – па 2.  

Текст: Нина Рыбик