Дзедаўская прылада: ручны тачыльны станок
Да таго ж даўно вядома: пытанне, якое аднаму здаецца лёгкім, для іншага – «з зорачкай». Не ўсе працавалі з ручным тачыльным станком, не кожны і бачыў яго. Напрыклад, Наталля Блахіна шчыра прызналася, што «чарговае пытанне паставіла мяне ў тупік. Такога прыставання у маіх бабулі з дзядулем не было. Магу толькі меркаваць, што гэта тачыльны станок, які прыводзіўся ў дзеянне з дапамогай ручкі і кола».
Не знаёмы асабіста з гэтай дзедаўскай прыладай, але, уважліва вывучыўшы здымак і ўключыўшы логіку, здагадаліся, што гэта, як і для чаго выкарыстоўвалася, Сяргей Місюкевіч і Алена Качан.
Успомніла, як у дзяцінстве насіла ў кузню тачыць матычкі перад тым, як ісці палоць дзялку кукурузы – імі надзялялі нават дзяцей – Леанарда Якель.
А Марыя Янчэўская захапляецца працавітасцю нашых людзей, бо тачыць нажы, сякеры, розны інструмент – нялёгкая справа.
Тым не менш, у свой час існавала нават прафесія такая – тачыльшчык, Аляксандра Працута падрабязна расказала пра яе прадстаўнікоў і нават рэпрадукцыяй карціны Аляксандра Марозава праілюстравала. Былі людзі, якія адмыслова ёй валодалі. Тачыльшчыкі хадзілі са сваім інструментам, нечым падобным на самапрадку, з вёскі ў вёску, з горада ў горад, з двара ў двор.
– Каму тачыць! Нажы, нажніцы, сякеры! – гучна крычаў чалавек на вуліцы – і да яго збягаліся гаспадыні: хто з інструментам, а хто і проста пагаварыць. За невялікую плату, 5-15 капеек у залежнасці ад даўжыні ляза, тачыльшчык надаваў вастрыню ўжо напалову сточаным нажам і нажніцам, правіў сякеры і адначасова расказваў свае навіны і гісторыі і слухаў чужыя, каб панесці іх далей. Як тачыла было папярэднікам сённяшніх электрычных тачыльных станкоў, так тачыльшчыкі сталі прататыпам сучасных сродкаў масавай інфармацыі. А ў цяжкія ваенныя і пасляваенныя гады, як расказалі Аляксандры Працуце яе родзічы, тачыльшчыкамі станавіліся і жанчыны: тачылі нажы і сякеры за кавалак хлеба, шклянку малака, пару цыбулін…
Пра тое, як дзейнічае тачыла, ці наждак, з мужчынскай дакладнасцю расказаў Генрых Калтан:
– Вялікая, вядучая шасцярэнька прыводзіць у рух малую, злучаную з наждачным каменем. Адзін абарот вядучай шэсцярэнькі роўны як мінімум дзесяці абаротам малой, гэта дазваляе дасягнуць вялікай хуткасці кручэння наждачнага кола.
– Ручны тачыльны станок – простае і незаменнае прыстасаванне для заточкі і праўкі рэжучага краю розных інструментаў, якое застаецца запатрабаваным нават у час электрычных прыбораў. Ён цэніцца за аўтаномнасць, дакладнасць і магчымасць працаваць нават пры адсутнасці электраэнергіі ці немагчымасці падключыцца да яе крыніцы, – дадае Генрых Генрыхавіч.
Таццяна Бразевіч паведаміла, што слова «наждак» паходзіць ад турэцкага nadžak і азначае «дубіна». Прыродны камень наждак вядомы са старажытнай Грэцыі і цаніўся вельмі высока, яго выкарыстоўвалі як абразіў для вырабу тачыльных кругоў на працягу многіх стагоддзяў.
Па ўсіх гэтых стагоддзях падрабязна і з навуковай дакладнасцю прайшлася Аляксандра Працута. Яна ж прыгадала мастацкія творы, дзе фігуруе тачыла і тачыльшчыкі.
Ірына Яновіч узгадала прыказкі і прымаўкі па гэтай тэме, а Генрых Калтан, паглядзеўшы камедыю «За запалкамі», нагадаў, што тачыла можна выкарыстоўваць і ў іншай якасці – для высякання агню.
На гэтым этапе конкурсу 6 балаў атрымлівае Аляксандра Працута, па 5 – Генрых Калтан і Таццяна Бразевіч, па 4 – Ірына Яновіч і Генрых Лукашэвіч, па 3 – Анастасія Пяткевіч і Леанарда Якель, па 2 – Сяргей Місюкевіч, Рэгіна Дрэма, Наталля Блахіна, Марыя Янчэўская, па адным – Уладзімір Лукойць і Алена Качан.
