Дзедаўская прылада – мухалоўка

У адным з выпускаў тэле­візійнай гульні «Што? Дзе? Калі?» знатакам паказалі нашу сённяшнюю конкурсную прыладу – і яны не змаглі адказаць, што гэта і для чаго прызначалася. А вось нашы чытачы ўсе да аднаго далі правільны адказ: гэта шкляная мухалоўка. 

Шкляная мухалоўка

Тыя з канкурсантаў, хто сябруе з ін­тэрнэтам, дакладна распісалі гісторыю стварэння і прынцып дзеяння гэтага няхітрага, але эфектыўнага і да таго ж элегантнага – не сорам паставіць у гасцёўні самага арыстакратычнага дома – прыставання для барацьбы з мухамі, пераносчыкамі небяспечных хвароб і проста надакучлівымі, непрыемнымі і шкоднымі насякомымі. Крыніца іх ведаў відавочная, бо многія «рэфераты» розных аўтараў напісаны нібы адной рукой. Але мы не настаўнікі і зніжаць адзнаку за гэта не будзем. Тым больш, што ўмовы конкурсу не абмяжоўваюць пошук крыніц інфармацыі. Ды і дзе, скажыце, маладыя людзі маглі пабачыць тую мухалоўку? Я, да прыкладу, хоць даўно не адношуся да гэтай узроставай катэгорыі, упершыню «пазнаёмілася» з ёй у музеі Гудагайскай СШ. А прага ма­ладых да ведання розных момантаў жыцця нашых продкаў заслугоўвае не толькі адпаведных балаў у конкурсе, але захаплення і ўдзячнасці.

Дзякуючы дапытлівасці нашых кан­курсантаў даведалася,  што шкляная мухалоўка (на думку Генрыха Калтана, незаслужана забыты прадмет старажытнага побыту) адлічвае сваю гісторыю яшчэ з XVII стагоддзя. Выпуск іх асвоілі на Ізмайлаўскім заводзе і прызначаліся яны для палацаў і багатых дамоў. Ужо ў XIX стагоддзі мухалоўкі «пайшлі ў масы» і з’явіліся не толькі ў дамах, але і ў корчмах і прадуктовых лаўках. А ў другой палове ХХ стагоддзя яны зніклі – спачатку з продажу, а потым, як рэч далікатная і нядоўгавечная, – і з ужытку. 

– Я бачыў такую прыладу «палявання» на мух у дзеянні ў раннім дзяцінстве ў дзядулі з бабуляй. Вось толькі куды яна падзелася потым? Шукаў, але, відаць, позна заняўся. А запытацца, на жаль, ужо не было ў каго, – піша Генрых Калтан.

Мухалоўка ўяўляла сабой шарападобную шкляную колбу на невысокіх, 1,25 сантыметра, ножках, з кароткім вузкім горлачкам і лейкападобнай адтулінай у дне. Унутры колбы вакол гэтай адтуліны праходзіў жолаб шырынёй і глыбінёй прыкладна 2 сантыметры. У яго налівалі сіроп, квас, сыроватку ці іншую прынаду, якая прываблівала мух. Рыльца закрывалі коркам. Мухі залазілі ў мухалоўку праз адтуліну знізу, а назад выбрацца не маглі і валіліся ў вадкасць.

– Такую прыладу я нядаўна бачыў у музеі ў Копылі, – расказаў Генрых Лукашэвіч. – І адразу ўспомніў, што ў гады майго дзяцінства была такая і ў нашай хаце. Маці прывезла яе з Вільнюса і, калі не памыляюся, набыла яе ў аптэцы. 

Генрых Генрыхавіч не памыляецца: мухалоўкі насамрэч прадавалі ў аптэках і, як сцвярджае Аляксандра Працута, яна да гэтага часу ёсць у аптэцы-музеі ў Гродне. Подпіс сцвярджае, што прадавалася гэтая прылада для барацьбы з пераносчыкамі хвароб менавіта ў аптэках.

– Наша хата стаяла непадалёк ад канюшні і мухі былі сапраўдным бедствам, – успамінае Генрых Лукашэвіч. – Мухалоўка паспяхова змагалася з імі: за дзень насякомых туды набівалася – аж чорна. Яна стаяла на стале і абыходзіліся з ёй беражліва, каб, крый божа, не пабіць: рэч далікатная. Абавязкам старэйшай сястры было сачыць за чысцінёй мухалоўкі, хоць з-за яе канструкцыі і адсутнасці ў наш час сучасных мыючых сродкаў і прыстасаванняў гэта было не так і проста. Прынаду разам з мухамі штодня вылівалі ў свінячае вядро – у сялянскай гаспадарцы нішто не прападала, а затым сястра вымывала мухалоўку і зноў ставіла яе на стол.

– Раней на кожным падвор’і трымалі жывёлу і мух было шмат, – расказала Ларыса Га­ваноўская, – Купіць такую муха­лоўку не кожны мог сабе даз­воліць. Таму рабілі свае: у па­судзіну з вузкім горлачкам на­лі­валі салодкую ваду ці сыроват­ку, Мухі туды залазілі і не маглі вылезці.

Ларыса Дзмітрыеўна паве­даміла, што яшчэ гады два ці тры таму з дапамогай прыстасаванай мухалоўкі яны лавілі восаў.

Лайфхакам падзялілася і Марыя Янчэўская:

– Жыву я ў Газе. Па вясковай звычцы трымаем жывёлу і мухі – праблема. Я сама нарабіла мухаловак: абразаю пластыкавую бутэльку, зрэзаны верх апускаю горлачкам уніз, наліваю прынаду для мух і развешваю ў хлявах і ў кашарах для жывёлы. Насякомых набіваецца мноства!

Анастасія Пяткевіч дала параду:

У барацьбе з мош­камі, якія звычайна з’яўляюцца на кухні ад садавіны ці гародніны, некаторыя выкарыстоўваюць падобную муха- ці мошкалоўку. З аркуша паперы робяць конус з невялікай адтулінай, вострым бокам устаўляюць яго ў сасуд з прынадай. Мошкі залятаюць унутр, а выбрацца не могуць.

І як тут не пагадзіцца з Аляксандрай Працутай: шкада, што мухалоўкі больш не выпускаюць. Старадаўняе прыставанне вельмі добра ўпісалася б у сучасны інтэр’ер і гэта было б куды лепшым вырашэннем праблемы барацьбы са шкоднымі насякомымі, чым развешаныя пад столлю клейкія стужкі.

На гэтым этапе конкурсу па 5 балаў набіраюць Аляксандра Працута і Таццяна Бразевіч, па 4 – Анастасія Пяткевіч, Ірына Яновіч, Наталля Шумарава, Генрых Лукашэвіч, Наталля Блахіна, па 3 – Марыя Янчэўская, Ларыса Гаваноўская, Генрых Калтан, Леанарда Якель, 2 – Рэгіна Дрэма, па адным – Алена Качан і Аляксандр Сінкевіч.

Текст: Нина Рыбик