Дзе прыпаркаваць машыну?

У рэдакцыю газеты звярнулася жанчына, якая скардзілася, што некаторыя “дальнабойшчыкі” ў Гудагаі паркуюць велікагрузныя машыны на вузкіх вуліцах пасёлка. Гэта стварае небяспечную сітуацыю. Аднойчы гэтая жанчына ледзьве не збіла дзіця, якое раптам выскачыла на праезджую частку з-за «фуры». Вуліца была не асветлена, бачнасць – нулявая. Жанчына хацела праз газету звярнуць увагу супрацоўнікаў ДАІ на гэтую сітуацыю.


Пісьмо было накіравана ў Астравецкі аддзел унутраных спраў. Адказ на пытанне даў часова выконваючы абавязкі начальніка РАУС М.Я. Халецкі:
– У аддзяленне ДАІ нашага РАУС скаргаў і зваротаў ад жыхароў пасёлка Гудагай па пытаннях несанкцыянаваных стаянак велікагрузных аўтамабіляў на вуліцах пасёлка не паступала. У адпаведнасці з п.145.2 Правілаў дарожнага руху забараняецца стаянка (прыпынак дазволены) транспартных сродкаў з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай звыш 3,5 тон па-за межамі адведзеных месцаў, абазначаных дарожным знакам “Месца стаянкі”.
На тэрыторыі пасёлка Гудагай спецыяльна адведзеных месцаў для стаянкі грузавых аўтамабіляў не абсталявана. Бліжэйшая стаянка размяшчаецца ў г.п. Астравец на тэрыторыі “Аўтапарка №4”.
У 2011 годзе за парушэнне правілаў стаянкі ў пасёлку Гудагай да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты тры вадзіцелі. Нагадваем, што адміністрацыйная адказнасць за гэтае парушэнне, здзейсненае вадзіцелем грузавога аўтамабіля, у адпаведнасці з часткай 3 артыкула 18.22 КоАП прадугледжвае штраф у памеры 175000 рублёў. Правапарушэнне, якое здзяйсняецца паўторна на працягу аднаго года пасля прыняцця мер адміністрацыйнага ўздзеяння, прадугледжвае штраф у памеры 350000 рублёў.
Дарэчы, пад стварэннем аварыйнай сітуацыі маюцца на ўвазе дзеянні ўдзельнікаў дарожнага руху, якія вымусілі іншых яго ўдзельнікаў змяняць хуткасць, накірунак руху ці прымаць іншыя меры па забеспячэнні ўласнай бяспекі ці бяспекі іншых асоб. Парушэнне правілаў стаянкі не з’яўляецца стварэннем аварыйнай абстаноўкі. У выпадку адсутнасці вулічнага асвятлення на вуліцы грамадзяне маюць права звярнуцца ў сельскі выканаўчы камітэт.
Аб любым факце парушэнняў Правілаў дарожнага руху (у тым ліку і парушэнняў правілаў стаянкі) грамадзяне могуць паведаміць у міліцыю па тэлефоне 102 ці 23-3-48, іх зварот будзе зарэгістраваны і затым ім будзе накіравана пісьмовае паведамленне аб прынятых мерах рэагавання.


Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ.