Дзе купіць вогнетушыцель?
Мне ў хуткім часе трэба праходзіць тэхагляд машыны, а тэрмін прыгоднасці вогнетушыцеля ў аўтамабіле скончыўся. Калі купіць аптэчку можна ў любой аптэцы, то знайсці вогнетушыцель складаней. Хацеў бы даведацца, дзе ў Астраўцы можна набыць аўтамабільны вогнетушыцель.
Каб знайсці адказ на гэта пытанне, мы звярнуліся да начальніка дзяржаўнай аўтаінспекцыі Уладзіміра Александровіча.
– Вогнетушыцелі для аўтамабіляў у нашым раёне раней можна было набыць ва ўсіх магазінах аўтазапчастак. А зараз гэта спецыялізаваная паслуга і для аказання яе неабходна мець адпаведныя дакументы.
Так, права і адпаведнага дазволу прадаваць вогнетушыцелі для аўтамабіляў у нашым раёне ні ў кога няма.
Гэтае ж пытанне было накіравана людзям, якія непасрэдна займаюцца тушэннем пажараў. На яго адказаў інспектар групы прапаганды і навучання Эдуард Малышка:
– У нашай пажарна-выратавальнай службе набыць вогнетушыцель таксама немагчыма, бо наш аддзел па надзвычайных сітуацыях не валодае правам на гандаль першаснымі сродкамі пажаратушэння. Такое права дадзена толькі нашым суседзям-ашмянцам. Звяртайцеся ў Ашмянскі вытворчы ўчастак, звязацца з якім кожны жадаючы можа па тэлефоне 8-01593-2-17-67.
Ля тэлефона дзяжурыў Антон Мальшэўскі.