Дзіцячае свавольства з агнём стала прычынай пажару ў Варнянскім сельсавеце

Першы пажар у Астравецкім раёне ў мінулым годзе здарыўся 3 студзеня. Роўна праз год у гэты ж дзень сёлета на тэрыторыі нашага раёна таксама адбыўся першы пажар.


У 18.48 у цэнтр аператыўнага ўпраўлення Астравецкага аддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб загаранні хлева ў вёсцы Газа Варнянскага сельсавета.
Да месца выкліку былі накіраваны 4 пажарныя аўтацыстэрны, аварыйная газавая служба, машыны хуткай медыцынскай дапамогі, РЭС, РАУС.
Па прыбыцці было ўстаноўлена, што дах хлява, які належыць 56-гадоваму вадзіцелю, цалкам ахоплены агнём.
Як паказала следства, прычынай пажару стала дзіцячае свавольства з агнём. Каля 16 гадзін вечара 12-гадовы пляменнік гаспадара хлява ўзяў запалкі, пайшоў у дашчатую прыбудову да хлява і развёў там вогнішча. Калі загарэлася драўляная сцяна, хлопчык паспрабаваў патушыць яе вадой, але не змог справіцца з агнём і, спалохаўшыся, пабег дадому. Дома ён нікому нічога не сказаў. Пажар пазней заўважыла суседка, якая і выклікала выратавальнікаў.
У выніку здарэння пашкоджаны дах і перакрыццё хлява, агнём знішчана дашчатая прыбудова.


За апошні час гэта ўжо другі выпадак свавольства дзяцей з запалкамі, які прывёў да пажару. 25 верасня 2011 года ў Варнянах па гэтай жа прычыне загарэўся стог саломы, які належаў СВК «Варняны». 25 кастрычніка мінулага года супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з педагогамі ўстановы адукацыі «Навучальна-педагагічны комплекс Варнянскі яслі-сад-сярэдняя школа» правялі гутаркі з вучнямі на прадмет папярэджання пажараў ад свавольства дзяцей з агнём і паказалі адпаведныя відэафільмы. Але, як бачна ўрок засвоілі не ўсе – некаторыя любяць вучыцца на сваіх памылках, а не на чужых.
Таму яшчэ раз варта нагадаць бацькам: не пакідайце без нагляду сваіх дзяцей і навучыце іх галоўнаму правілу бяспекі: запалкі – не цацка для дзіцяці.


Эдуард Малышка.