Добра спрацавалі раённыя эколагі

Паспяховасць работы раённых эколагаў вымяраецца колькасцю штрафаў і прадпісанняў, выдадзеных імі ў адносінах да парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства. Мяркуючы па выніках, у 2011 годзе спецыялісты раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя не спалі “ў шапку”.


За год да 19 службовых асобаў былі прыменены штрафныя санкцыі на суму 2,15 мільёна рублёў. Яны былі пакараны за няправільнае стаўленне да пытання складзіравання адходаў вытворчасці. Яшчэ 75 грамадзян, у лік якіх уваходзяць і прыватныя прадпрымальнікі, былі аштрафаваны на агульную суму 5,7 мільёна рублёў. Іх парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства тычыліся рыбнай лоўлі (сеткамі, бучамі, мярэжамі і інш. недазволенымі прыстасаваннямі); паркоўкі аўтамабіляў у прыбярэжнай зоне вадасховішчаў; збору ягад з дапамогай “камбайнаў” (чатырнаццаць выпадкаў) або ў забаронены тэрмін; забруджанне наваколля бытавымі адходамі і інш. Яшчэ на агульныя 8,2 мільёна рублёў аштрафаваны 20 юрыдычных асоб, якія выкідамі сваіх адходаў забруджвалі ваду або паветра.
У ходзе рэйдавых мерапрыемстваў канфіскавана 21 незаконнае прыстасаванне для лоўлі рыбы. Адна справа перададзена ў суд, па трох – былі прад’яўлены прэтэнзіі і іскі.
Калі прымененыя санкцыі раздзяліць па відах парушэнняў, то іх градацыя будзе выглядаць наступным чынам: 22 выпадкі забруджвання атмасфернага паветра (у большасці – выхлапнымі газамі аўтамабіляў); 17 – водных рэсурсаў (мыйка машын ля рэк і азёр, сцёкі вытворчасці); 4 – парушэння правіл аховы зямель і нетраў (парушэнне правіл зняцця ўрадлівага слою зямлі, засмечанасць і ігнараванне абкашвання); 1 – карыстання і аховы лесу (несанкцыянаваная вырубка); 34 – расліннага свету (парушэнні заканадаўства падчас збору ягад, нарыхтоўкі лекавай сыравіны і г.д.); 8 – жывёльнага свету, вядзення паляўнічай і рыбалоўнай гаспадаркі (рыбалка і паляванне); 23 – у галіне складзіравання адходаў; 2 – у галіне захавання рэжыму аховы і выкарыстання асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый.


Ганна ЧАКУР.