Дню пожилых людей было посвящено мероприятие в киноконцертном зале "Островец"

У кінаканцэртнай зале “Астравец” прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню пажылых людзей. Святочная праграма сабрала ветэранаў працы, пенсіянераў і прадстаўнікоў раённых арганізацый і прадпрыемстваў – вольнае месца для тых, хто прыйшоў пазней, ужо было не знайсці.

Аказаліся ў выйгрышы тыя, хто прыйшоў загадзя.
У фае кінаканцэртнай залы цэнтральная раённая бібліятэка падрыхтавала тэматычную выставу часопісаў, кніг і газет “Гадоў да ста расці – жыць без старасці!”.
У рамках прафілактычнай акцыі “Крыніца здароўя” кожны жадаючы мог пакаштаваць гарачы і духмяны фітачай: імунны – для прафілактыкі прастудных захворванняў, заспакаяльны – для захавання станоўчага эмацыйнага стану, грудны – для добрай работы дыхальных органаў. З сабой можна было ўзяць і рэцэпт чайнага збору, які асабліва спадабаўся. А дома, доўгім вечарам ці з самага ранку, самастойна прыгатаваць карысны для здароўя напой. Ролю “чайнай” гаспадыні выконвала старшая медсястра аддзялення рэабілітацыі цэнтральнай раённай бальніцы Лілія Мар’янаўна Мікліс.
Для таго, каб у гэты дзень трапіць на прыём да ўрача, не трэба было ісці ў паліклініку і доўга чакаць у чарзе. Медыцынскім кансультаваннем у “рэжыме рэальнага часу” займаўся ўрач- тэрапеўт ЦРБ Дзяніс Пупейка. Малады ўрач не толькі даваў парады людзям старэйшага пакалення, але і мераў ціск кожнаму жадаючаму.
Раённы Дом рамёстваў таксама падрыхтаваўся да свята: шыкоўная выстава вырабаў з саломкі была прадстаўлена ў фае кінаканцэртнай залы. А тых гледачоў і ўдзельнікаў урачыстага мерапрыемства, хто не пашкадаваў 10 тысяч рублёў і набыў білет у “Бяспройгрышнай латарэі” чакаў прыемны падарунак.
Аляксандр Аркадзевіч Якіменка прывітаў усіх прысутных “Гімнам ветэранаў”. Ад Астравецкай раённай арганізацыі “Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў” выступіў яе старшыня, Расціслаў Арсенцьевіч Герт. Ён расказаў, што старэйшае пакаленне прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна і ў выхаванні падрастаючага пакалення. Расціслаў Арсеньевіч пажадаў ветэранам здароўя і даўгалецця, заставацца жыццярадаснымі і праз год, і праз дзесяць.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Мікалаеўна Іванова і дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віктар Іосіфавіч Ждановіч таксама павіншавалі пажылых людзей са святам і пажадалі ім поспехаў, здароўя і доўгіх гадоў жыцця.
Хор польскай песні “Польскае рэха Астраўца” пад кіраўніцтвам Алены Такарчук захапіў зал у музычны палон з першых акордаў. Песні на беларускай, польскай, украінскай мове нікога не пакінулі раўнадушным.
Народны ансамбль народнай песні Варнянскага СДК “Світанак” (кіраўнік Наталля Літвін) адразу прыбавіў бадзёрасці і добрага настрою гледачам: многія падтанцоўвалі ў крэслах.
Байка Таццяны Раткевіч прымусіла не толькі ўсміхнуцца, але і задумацца над спрадвечнымі ісцінамі.
Народны хор ветэранаў працы раённага Дома культуры (кіраўнік Данута Папеня) уразіў сваім выступленнем: такой зладжанасці, такой моцы, такога магнетызму даўно ўжо не бачыла сцэна кінаканцэртнай залы “Астравец”. З песняй “Серая лошадка” саліраваў Віктар Невяроўскі. Ганна Варэйкацудоўна выканала “Прекрасную даму”, а Ірына Тумко ў песні расказала гісторыю адносін нявесткі і свекрыві.
Заслужаныя работнікі, ветэраны працы і пенсіянеры пасля заканчэння ўрачыстай праграмы доўга не разыходзіліся. Гэты дзень стаў нагодай для сустрэчы, цёплых слоў і пажаданняў. А таксама даў магчымасць ў каторы ўжо раз паказаць, што ветэраны працы могуць даць фору маладому пакаленню.


Алена ГАНУЛІЧ.