Детский писатель Валерий Квилория встретился с юными островчанами
19 лютага для рабят нашага горада была арганізавана сустрэча з папулярным дзіцячым пісьменнікам Валерыем Квілорыя. Мерапрыемства адбылося ў дзіцячай школе мастацтваў і сабрала поўную залу гасцей.Валерый Квілорыя не толькі пісьменнік, ён таксама з’яўляецца выдаўцом сваіх кніг і твораў іншых пісьменнікаў. Кнігі Валерыя Квілорыя карыстаюцца попытам у юных чытачоў. “Трынаццаты карась”, “Снежны боршч”, “Бунт у талерцы”, “Няправільнае дрэўца” – гэтыя і іншыя яго творы вельмі любяць чытаць рабяты, бо яны расказваюць пра цікавыя, вясёлыя прыгоды. Героямі многіх гісторый з’яўляюцца хлопчыкі Шурка і Лерка, блізкія чытачам і па духу, і па ўзросту.
У пачатку сустрэчы пісьменніку ўдалося завалодаць увагай прысутных. Ён хутка знайшоў кантакт з рабятамі, цікава распавядаў пра прыгоды сваіх герояў, цытаваў урыўкі з твораў. У зале на працягу ўсёй сустрэчы панаваў добры настрой, гучаў вясёлы смех. Рабяты задавалі пісьменніку шмат пытанняў пра стварэнне твораў, пра любімыя кнігі, пра яго захапленні і іншае. Аўтар нават правёў сярод рабят невялікі конкурс на веданне беларускай літаратуры, пераможца якога атрымаў у падарунак кнігу пісьменніка.
А потым усе дзеці дружна накіраваліся ў дзіцячую бібліятэку, дзе іх чакалі творы Валерыя Квілорыя – такія вясёлыя, дынамічныя, цікавыя і захапляльныя.
Таццяна ГІРДЗЕЙ.
