Дети смеялись, играли и получали призы
Святочнае мерапрыемства, прысвечанае Міжнароднаму дню абароны дзяцей, прайшло ў лесапаркавай зоне Астраўца. Тут сабраліся не толькі маленькія жыхары горада, але і дзеці з бліжэйшых населеных пунктаў, якія цяпер наведваюць прышкольныя летнікі.
Нягледзячы на хмаркі, якія час ад часу хавалі за сабой сонейка і пагражалі дажджом, дзяцей і дарослых у лесапарку сабралася шмат.
Пачалося мерапрыемства з урачыстай часткі. Усіх, хто прыйшоў 1 чэрвеня ў лесапарк, прывітаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама А.Я. Клімчэня. Аляксандр Яўгеньевіч павіншаваў са святам, падзякаваў дзецям, іх педагогам і бацькам за актыўнасць, пажадаў добрага летняга адпачынку.
Начальнік аддзела адукацыі В.В. Млечка ў сваім выступленні не толькі павіншаваў дзяцей з іх святам, але і расказаў, што робіцца ў краіне дзеля шчасця нашых дзяцей.
Старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Н.У. Сянюць расказала, што кожны год за сродкі гэтай арганізацыі набываліся пуцёўкі ў летнікі для адораных дзяцей, тых, чые сем’і аднесены да сацыяльна-небяспечных. І сёлетні год таксама не стаў выключэннем.
У дзень абароны дзяцей стартавала дабрачынная раённая акцыя “Спяшайцеся рабіць добрыя справы”, арганізатарам якой стала раённая арганізацыя “Белая Русь”. Зрабіць добрую справу мог кожны – набыць чырвонае сэрцайка ці чырвоны паветраны шар, якія сталі сімваламі акцыі. Дарослыя і дзеці падыходзілі да чырвонай скрынкі, апускалі ў яе грошы і за гэта атрымлівалі сімвалічны падарунак. Ужо пазней у лесапарку можна было бачыць шмат удзельнікаў – з сэрцайкамі на адзенні ці з чырвонымі шарыкамі ў руках.
Была падчас святочнага мерапрыемства і вельмі прыемная для дзяцей і дарослых частка – пераможцаў і прызёраў абласных і рэспубліканскіх конкурсаў ўзнагародзілі граматамі і памятнымі падарункамі. Па чарзе выходзілі на сцэну ўдзельнікі каманды КВЗ, дзяўчаты з гуртка “Залатая саломка”, харэаграфічны ансамбль “Астравок” і іншыя юныя зорачкі – і атрымлівалі заслужаныя ўзнагароды. Граматы і падарункі таксама ўручылі лепшым педагогам цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якія падрыхтавалі пераможцаў і прызёраў конкурсаў.
А затым пачалося сапраўднае свята…
У госці да дзяцей зазірнула Маша і Мядзведзь з мультфільма, які так любяць дзеці. Разам яны танцавалі, гулялі і, канешне ж, загадвалі запаветныя жаданні, якія, трэба думаць, абавязкова збудуцца.
Свае песні і танцы падарылі гледачам выхаванцы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і харэаграфічны ансамбль “Астравок”.
Не маглі не напомніць дзецям напярэдадні летніх канікулаў пра здароўе і яго каштоўнасці. Настаўнікі з Гудагайскай школы прадставілі на суд маленькіх гледачоў цікавую і, што галоўнае, – карысную гульнявую праграму “Каштоўнасці здароўя”.
А каму глядзець канцэрт не вельмі хацелася, мог згуляць у тэніс ці шашкі, пакатацца з вялікай надзіманай горкі, набыць прыгожыя сувеніры, зробленыя рукамі дзяцей, паласавацца смачнымі пірожнымі і піражкамі і нават змяніць прычоску.
А бліжэй да абеду дожджык усё ж напалохаў дзяцей – але разыходзіліся ўсе з добрым святочным настроем.
Алена ЯРАШЭВІЧ.