Десять лет Евгения Орловского из 100 участковой службы
Традыцыйна 17 лістапада ў Беларусі прафесійнае свята адзначаюць участковыя інспектары міліцыі. А сёлета гэтая служба адзначае яшчэ і 100-годдзе з дня ўтварэння.
Пра службу, запамінальныя выпадкі і людзей расказвае адзін з прадстаўнікоў гэтай прафесіі – старшы ўчастковы інспектар Яўген Арлоўскі, чый стаж работы таксама юбілейны: 10 гадоў.
«Наступны дзень пачынаецца з вечара»
– Звычайна планую чарговы дзень у канцы змены, каб з раніцы пачаць выконваць задачы, якія паставіў сабе сам і што паступілі ад кіраўніцтва. Цяпер пад маім, так бы мовіць, наглядам знаходзяцца самыя буйныя вёскі Міхалішкаўскага і часткі Гервяцкага сельсаветаў. Паколькі я старшы па пасадзе, курырую работу яшчэ двух участковых. Працуем па буднях і выхадных, дзяжурым у групе хуткага рэагавання, якая выязджае на здарэнні па ўсім раёне. А фактычна ўчастковы на сваёй тэрыторыі знаходзіцца на сувязі 24 на 7. Інакш проста немагчыма. Напрыклад, здарылася ў чалавека штосьці ноччу, ён звяртаецца за дапамогай, ты ж не скажаш: пачакайце да раніцы. Складана? Ды не. Я прывык, ды і вопыту за столькі гадоў набраўся. На пасаду ўчастковага прыйшоў з інспекцыі па справах непаўналетніх Першамайскага аддзела ўнутраных спраў горада Мінска, дзе адпрацаваў паўтары гады. І не пашкадаваў, што аддаў перавагу не сталіцы, а Міхалішкам і абранай службе. Здаецца, тут я на сваім месцы. На нашай службе не засумуеш: час дыктуе свае ўмовы, патрабаванні таксама мяняюцца. Раней у прыярытэце больш былі лічбавыя паказчыкі, цяпер – прафілактыка. А наогул якія б патрабаванні ні былі, у мяне задача адна: каб на ўчастку быў парадак і людзі спалі спакойна.
«Цікавых выпадкаў хапае»
– Рознае здараецца. Часам бывае сам лёс зводзіць з чалавекам, якому трэба дапамагчы. Напрыклад, у апошнія гады галаўны боль для праваахоўнікаў – віртуальныя махляры. Падыходжу аднойчы да апорнага пункта ў Міхалішках, а непадалёк жанчына ўзрушаная ходзіць. Аказалася, шукала, з кім да райцэнтра даехаць, бо ў банк тэрмінова трэба. Паведаміла ў роспачы: «Мне тут вашы калегі тэлефанавалі, махляры мой карт-рахунак узламалі. Падказалі вось крэдыт узяць, на іншы рахунак пакласці – так свае грошы засцерагу…» Гляджу на жанчыну, а тая як зачараваная – штосьці казаць, тлумачыць і пераўпэўніваць бессэнсоўна. Узяў за руку, як дзіця, і пайшлі мы паціху ў ашчадкасу крэдыт вяртаць. На шчасце, паспелі. А каб не трапіўся ёй на шляху, на адну ахвяру віртуальных ашуканцаў было б больш.
Расказваць можна доўга. Адны сітуацыі ўспамінаеш з усмешкай, але здараюцца і такія, што вясёлага мала.

«У прыярытэце – барацьба з хатнім насіллем»
– Для мяне заўсёды быў страшным, незразумелым і непрымальным той факт, калі на слабейшага за сябе, асабліва на жанчыну, падымаюць руку – гэта недапушчальна! Таму асаблівую ўвагу ўдзяляю барацьбе з хатнімі тыранамі. На жаль, іх ахвяры рэдка звяртаюцца ў міліцыю. Вось і даводзіцца самому, калі ёсць падазрэнне на гэтае правапарушэнне, размаўляць і дапытвацца ў пацярпелага. Канешне, многія спачатку не прызнаюцца, кажучы, што проста няўдала аступіліся. А праз некаторы час і ў бальніцу могуць трапіць пасля такіх вось «падзенняў». Не прызнаюцца самі, іду распытваць іх суседзяў, сяброў, знаёмых. Нядаўні выпадак. Сустракаю на вуліцы жанчыну – твар увесь у «ліхтарах». Пытаю, што здарылася, – не прызнаецца. Пасля доўгіх угавораў здалася – аказалася, сужыцель так прыраўнаваў. Паехалі на медэкспертызу – на целе больш за 30 пашкоджанняў. Пасля пацярпелая прызналася, што не першы раз так з ёй высвятлялі адносіны. Упэўніў жанчыну напісаць заяву, узбудзілі крымінальную справу за катаванне – і сужыцель атрымаў 2 гады турмы строгага рэжыму.
А колькі ёсць знешне добрапрыстойных сем’яў, дзе на самой справе жывуць тыраны, але ўсе дамачадцы маўчаць – баяцца агалоскі, ганьбы, што стануць аб’ектам сацыяльнага расследавання. Але ж ніхто адразу такія кардынальныя меры прымяняць не будзе – пра тое пастаянна нагадваю, выступаючы ў працоўных калектывах, сустракаючыся з насельніцтвам. Хаджу таксама па дамах і тлумачу, што хатняе насілле ні ў якім выпадку ўтойваць не трэба. Сёння ён падняў руку, заўтра ўдарыць не адзін, а дзесяць, дваццаць разоў, а паслязаўтра можа і наогул забіць.
На жаль, сямейна-бытавыя правапарушэнні былі заўсёды. Але радуе, што мяняецца заканадаўства і цяпер у міліцыі куды больш рычагоў уздзеяння на хатніх агрэсараў. Паступіў сігнал – праводзім праверку і можам адразу вынесці ахоўнае прадпісанне. А гэта значыць, хатняга тырана высяляем, забіраем ключы ад дома і перадаём пацярпеламу, з якім ён не мае права ні на якія стасункі.
Ці церпяць ад хатняга насілля мужчыны? У маёй практыцы такога не было. А вось калегі часам прымалі заявы тыпу муж выклікаў на жонку міліцыю, бо яна вярнулася з карпаратыва нападпітку, аблаяла яго – і такім чынам нанесла псіхалагічныя пакуты. Але гэта хутчэй змахвае на помсту мужчыны за такі ж учынак, толькі з боку жанчыны: прыйшоў дадому п’яны, пачаў скандаліць – яна патэлефанавала на 102.
Іншая справа – састарэлыя бацькі ці непаўналетнія. Была ў мяне сітуацыя, калі дачка не даглядала нямоглую маці, а пенсію яе прапівала. Прыцягнуў жанчыну да адказнасці. Цяпер з гэтым прасцей: дзякуючы аглядным камісіям такія факты выяўляюцца хутка.

«Мог быць не толькі ўчастковым»
– Можна сказаць, паспрабаваў на смак службу амаль ва ўсіх падраздзяленнях міліцыі грамадскай бяспекі. Ужо казаў, што пачынаў у інспекцыі па справах непаўналетніх, пасля быў участковым, затым выконваў абавязкі старшага дзяжурнага аператыўна-дзяжурнай службы, часова ўзначальваў крымінальна-выканаўчую інспекцыю, выконваў абавязкі начальніка ізалятара часовага ўтрымання. З ДАІ мы пастаянна супрацоўнічаем, разам выязджаем на здарэнні, таму таксама ў курсе іх работы. Словам, паспрабаваў сябе ў многіх абавязках і магу з упэўненасцю сказаць, што маё месца – у прафілактыцы. Таму, калі з’явілася магчымасць, адразу вярнуўся на ранейшую пасаду. Падабаецца работа з людзьмі. Так, гэта няпроста, але да іх заўсёды можна знайсці падыход і выйсце са складанай сітуацыі.
