День Великой Октябрьской революции отметили в Островце
1
Святкаванне чарговай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Астраўцы па традыцыі азнаменавалася ўскладаннем кветак да помніка правадыру сусветнага пралетарыяту У.І. Леніну і ўрачыстым сходам, які прайшоў у дзіцячай школе мастацтваў. Падчас яго перад прысутнымі выступіў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, які расказаў пра значэнне Кастрычніцкай рэвалюцыі для станаўлення і развіцця незалежнай Беларусі. А старшыня раённага савета ветэранаў Расціслаў Арсенцьевіч Герт нагадаў пра справы даўно мінулых дзён, пра стварэнне і развіццё Савецкага Саюза, значэнне вялікага Кастрычніка для перамогі ў другой Сусветнай вайне, міжнародную абстаноўку напярэдадні і ў час яе.
Сёлета ў святкаванне гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі была пры-ўнесена і своеасаблівая міжнародная нотка: ва ўрачыстых мерапрыемствах прыняў удзел памочнік дырэктара Ленінградскай АЭС Юрый Георгіевіч Скок.У гэтага візіту, па словах Юрыя Георгіевіча, была двуадзіная мэта. Па-першае, прадстаўнік Ленінградскай АЭС прыехаў да нас, каб павіншаваць астраўчан ад імя іх сяброў з горада-пабраціма Сасновы Бор з нашым агульным святам. А па-другое, памочнік дырэктара Ленінградскай АЭС па даручэнні дырэктара станцыі Уладзіміра Іванавіча Перагуды прывёз пабрацімцам, перш за ўсё ўдзельнікам інтэлектуальных гульняў, шыкоўны падарунак: сапраўдную рынду – спецыяльны карабельны звон, якім адбіваюць склянкі на судне. Цяпер гэты звон будзе адбіваць “склянкі” на нашых штомесячных інтэлектуальных турнірах.
Падарунак вельмі сімвалічны. Па-першае, Ленінградская АЭС – адзіная ў Расіі, размешчаная на марскім узбярэжжы, і марская сімволіка тут вельмі дарэчы. Па-другое, падстаўка для рынды зроблена з сапраўднай рэактарнай сталі. І па-трэцяе, гэты падарунак дае надзею на далейшае супрацоўніцтва, у тым ліку і ў такім неасвоеным пакуль накірунку, як інтэлектуальныя гульні: як аказалася, на Ленінградскай АЭС таксама любяць пагуляць у “Што? Дзе? Калі?”. Хоць, як зазначыў Юрый Георгіевіч, наведаўшы наш зал у Мальскім Доме культуры, не з такім размахам, як у Астраўцы. Магчыма, у перспектыве мы зможам арганізаваць сумесны турнір інтэлектуалаў – чаму б і не?
Юрый Георгіевіч Скок – дарэчы, ураджэнец Гродна – прыехаў у Астравец у другі раз: упершыню ён наведваў наш горад падчас сёлетняга святкавання Дня незалежнасці. Па яго словах, Астравец мяняецца і расце проста на вачах. Асабліва прыкметныя пераўтварэнні ў першым мікрараёне, дзе ўжо амаль што гатовы да прыёму вучняў і выхаванцаў новая школа і дзіцячы садок – такому, як зазаначыў Ю.Г. Скок, могуць пазайздросціць і сасноваборскія дзеці і іх бацькі.Напрамкаў у нашым далейшым супрацоўніцтве Юрый Георгіевіч бачыць шмат, як па лініі атамных станцый – узаемадзеянне ў тэхнічных пытаннях, захаванні бяспекі, – так і ў культурным, спартыўным, інтэлектуальным накірунках. Словам, былі б жаданне і рух насустрач абодвух гарадоў і іх жыхароў – і нашы сувязі будуць пашырацца і развівацца.
-------------------
Ніна РЫБІК.
