День информирования в октябре стал богатым на вопросы
Дзень інфармавання, які прайшоў у кастрычніку ў цэнтральнай раённай бібліятэцы, быў багатым на пытанні. Актыўнымі ўдзельнікамі дня інфармавання сталі члены клуба “Актыўнае даўгалецце” – менавіта ад іх паступіла шэраг пытанняў, якія, між тым, датычацца многіх.Зніжкі для пенсіянераў
– Ці можа прадпрыемства бытавога абслугоўвання ўстанавіць зніжкі на сваю прадукцыю для пенсіянераў хаця б у Дзень пажылых людзей? – цікавіліся жанчыны, што сабраліся на дзень інфармавання.
Дырэктар унітарнага камунальнага прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва Валянціна Міхайлаўна Ляцкая паведаміла, што ў Дзень пажылых людзей прадугледжана зніжка ў 10 працэнтаў для ўсіх пенсіянераў, якія набываюць прадукцыю прадпрыемства.
Аўтамагазін завітае ў Каменку
Падчас дня інфармавання было ўзнята пытанне магчымасці заезду аўтамагазіна райспажыўтаварыства ў Каменку.
Як растлумачыла ў сваім адказе дырэктар Астравецкага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства Міраслава Раймундаўна Блашкевіч, пытанне было разгледжана адміністрацыяй філіяла, і цяпер два разы на тыдзень: у аўторак з 14.00 да 14.30 і ў чацвер з 14.20 да 15.00 – аўтамагазін будзе прыязджаць у Каменку.
Куды здаць шклотару?
Цікавіла ўдзельнікаў клуба “Актыўнае даўгалецце” і пытанне здачы шклатары ў Астраўцы.
Аказваецца, праблемы як такой не існуе, бо ў сваім адказе тая ж М.Р. Блашкевіч запэўніла, што шклатару можна здаць у любым прадуктовым магазіне – акрамя тых, дзе ўсталяваны камп’ютарныя сістэмы, – на сёння гэта “Гермес”, “Родны кут” і “Кляновы ліст”.
Кантэйнеры для смецця і аварыйныя дрэвы
Пенсіянеры цікавіліся, чаму каля старога могільніка ў Астраўцы прыбралі кантэйнеры для смецця? Іх таксама турбавала пытанне выдалення старых дрэў з астравецкіх могільнікаў.
На пытанні астраўчан адказ даў дырэктар раённага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Браніслававіч Стурліс. Ён праінфармаваў, што кантэйнеры для смецця ўжо ўстаноўлены, а вось са старымі дрэвамі давядзецца пачакаць: як толькі з’явіцца магчымасць, яны будуць спілаваны.
----------------------------------------
Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама.
Фота з сайта perspektiva-info.by.
