День без автомобиля
22 верасня адзначаецца Сусветны дзень без аўтамабіля, у які ўсім аўтамабілістам і матацыклістам прапаноўваецца хаця б на дзень адмовіцца ад выкарыстання транспартных сродкаў, якія спажываюць нафтапрадукты. Акцыя накіравана на прыцягненне ўвагі грамадства да праблем шкоднасці выкідаў у навакольнае асяроддзе ад аўтамабільнага транспарту і змяншэнне іх негатыўнага ўплыву на здароўе насельніцтва.
Спантанна падобныя “дні” праводзіліся ў розных гарадах з пачатку нафтавага крызісу 1973 года, аднак у кастрычніку 1994 на канферэнцыі ў Таледа (Іспанія) быў агучаны першы заклік да перыядычнай рэалізацыі такіх праектаў.
Першыя два гады Дні без аўтамабіляў праводзіліся ў Рэйк’явіку (Ісландыя), Батэ (Вялікабрытанія) і Ля Рашэлі (Францыя). У 1995 годзе для падтрымання падобных дзён быў створаны нефармальны Кансорцыум World Car Free Days (Сусветныя дні свабоды ад аўтамабіляў), а першая нацыянальная кампанія была праведзена ў 1997 годзе ў Вялікабрытаніі, другая – у 1998 годзе ў Францыі, а ў 2000 годзе Еўрапейская Камісія распаўсюдзіла кампанію на ўсю тэрыторыю Еўрапейскага Саюза. А яшчэ з 2000 года Еўракамісія павялічыла працягласць мерапрыемства да цэлага тыдня «European Mobility Week». У 2000 годзе падобныя дні сталі праводзіцца ва ўсім свеце ў рамках праграмы World Car Free Day, якую праводзіць арганізацыя Carbusters (“Паляўнічыя на аўтамабілі”).
Наша краіна ўпершыню далучылася да сусуветнай акцыі ў 2008 годзе. Спецыялістамі было падлічана, што дзень без аўтамабіля ў Беларусі дазваляе папярэдзіць выкід у паветра больш чым за 250 тон забруджваючых рэчываў.
У сярэднім пры прабегу аўтамабілем у год 15 тысяч кіламетраў ім спальваецца больш за 2 тоны паліва і спажываецца каля 30 тон паветра. Пры гэтым у атмасферу выкідваецца каля 700 кг угарнага газу, 400 кг дыяксіду азоту, 230 кг вуглевадародаў і іншых забруджваючых рэчываў, агульная колькасць якіх складае больш за 200 найменняў.
Астравецкая раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прапануе ў гэты дзень вадзіцелям пакінуць свае аўто ў гаражах і на стаянках, а ў выпадку неабходнасці перасесці на грамадскі транспарт альбо на веласіпеды. Ці прагуляцца пешшу – карысна і для прыроды, і для здароўя.
А. ЦЭЙКА, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
С. РОДЗЬ, старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ.
Изображение с сайта firstnews.ru