Давайте познакомимся: гордость Островецкого района Татьяна Орсик


Не столькі за сябе, колькі за ўсіх працаўнікоў банкаўскай сферы Астравеччыны рада галоўны спецыяліст па абслугоўванні прыватных кліентаў аддзела рознічнага продажу цэнтра банкаўскіх паслуг №428 Белаграпрамбанка г. Астраўца  Таццяна Орсік. Яна першая з калег, чыё фота занесена на раённую Дошку гонару. Пра шлях у прафесію і дзіцячыя мары пагаварылі з Таццянай Мікалаеўнай. 

– Пачнём размову з дзіцячай мары.

– А яе не было. Лялек лячыла, вучыла пісаць і чытаць, хоць назваць медыцыну і педагогіку марай не магу. Пытанне паступаць у медыцынскі разглядалі з бацькамі, але прахадныя балы былі высокімі, мы пабаяліся, што не прайду. Таму, калі маці накіравала мяне ў эканамічную сферу –  пайшла. У яе былі знаёмыя, якія працавалі з фінансамі, – яна ведала спецыфіку іх работы. Сама ж, да слова, настаўнік, не хацела, каб дзеці прадоўжылі яе справу. Казала: гэта вельмі складаная і адказная работа. Так пасля заканчэння сярэдняй школы я паступіла ў «нархоз», як тады называлі эканамічны інстытут. З таго часу і працую па прафесіі. Я гуманітарый, і любімым прадметам была гісторыя. Таму прыкладвала шмат намаганняў, каб вывучыць матэматыку. Наведвала заняткі ў рэпетытара ў Мінску. Тады ездзілі да яго пасля 10 класа на цэлы месяц. Час быў такі, што адправілі мяне ў сталіцу адну, жыла ў маміных знаёмых. Займаліся з раніцы да вечара без выхадных. А экзамены ва ўніверсітэт былі ў жніўні. У выніку здала матэматыку на «пяцёрку», мела залаты медаль – і паступіла на факультэт фінансаў і банкаўскай справы.  

– Аднак у банк вы прыйшлі не адразу?

– Так. Спачатку па размеркаванні накі­равалі ў аблфін у Гродна. Аднак па сямейных абставінах, з-за хваробы мамы, вырашыла вярнуцца ў Воранава, дзе працавала ў падатковай інспекцыі. Пасля замужжа і пераезду ў Астравец уладкавалася ў фінаддзел райвыканкама. І толькі пасля гэтага перайшла ў банк. Астравец таго часу? Канешне, памятаю. Гэта вакол дома балота ў прамым сэнсе слова і адсутнасць гарачай вады. Першым часам мне было цяжка прывыкнуць, а цяпер гэта мой горад, можна сказаць, родны. Тут выраслі мае дзеці, я тут усё і ўсіх ведаю. 

– Банкаўская і падатковая сферы адроз­ніваюцца? Дзе працаваць прасцей?

– Падатковая інспекцыя збірае падаткі. На той час мы таксама праводзілі каме­раль­ныя праверкі –  не скажу, што было лёг­ка. Правяралі ўсе арганізацыі – для гэтага неабходна ведаць бухулік. Пасля работы не заставаліся, а вось камандзіроўкі бы­лі звычайнай справай – ездзілі па ўсім раёне. Працаваць было цікава. Гэта быў час ста­наўлення падатковай сістэмы краіны. Калі мы з мужам прыехалі ў Астравец, у падатковай месцаў не было, і я паўгода працавала ў Беларусбанку ў Альдоны Ста­ніславаўны Сухадольскай, затым – у фін­ад­дзеле.  І ўвесь гэты час адчувала, што больш падабаецца ў «падатках», шкадавала, што не змагла туды ўладкавацца. Цяпер жа не шкадую. Банк – гэта маё.

– …І менавіта ў Белаграпрамбанку вы працуеце больш за два дзесяцігоддзі?

– З той пары, як прыйшла пасля фінаддзела. За гэты час наш банк не раз мя­няў назву, перажыў рэструктурызацыю. Дваццаць гадоў таму нас у штаце было 50 чалавек, сёння толькі 10. Але работы заўсёды шмат. Памятаю, прыходзілі дахаты ў апошні дзень месяца далёка за апоўнач, бывала, і пад раніцу, а дзеці былі маленькія… 

– Што можаце сказаць пра свой вопыт «тады» і «цяпер»?

– Спачатку працавала ў карпаблоку – з арганізацыямі, якія абслугоўваліся ў нашым банку. Апошнія гады, пасля чарговай «рэфармацыі», працую з насельніцтвам. Мае кліенты ў большасці сваёй з сельскай мясцовасці. З многімі прапановамі банка людзі сустракаюцца ўпершыню, таму ім трэба ўсё падрабязна расказаць,  патлумачыць. Пераход на іншую спецыфіку работы складаным не быў. Але гэта было нешта новае, што патрабавала «паднавіць» і пашырыць свае веды. Ды і ў карпаблоку працавала ў асноўным з кіраўнікамі арганізацый і бухгалтарамі – а гэта адны і тыя ж людзі, якіх ты ведаеш не адзін год. Тут жа кожны кліент – новы чалавек. 

Кліентаў, якія прыходзяць у банк, апошнім часам стала менш. Гэта звязана з цыфравізацыяй. Атрымаць крэдыт, карту і іншыя паслугі сёння можна не пераступаючы парог нашай установы. 

– Якімі якасцямі, на вашу думку, павінен валодаць спецыяліст, які працуе з людзьмі?

– Незалежна ад сферы, у якой ён  працуе, у першую чаргу – уважлівасць і добра­зычлівасць. Нават калі нешта «не па табе», не падабаецца – не паказваць гэтага. А яшчэ – цярплівасць, каб спакойна  растлумачыць чалавеку тое, што ён не можа зразумець, пры гэтым, магчыма, паўтарыць давядзецца пяць разоў. 

– Як настройваецеся на работу, асаб­лі­ва калі «ўсё ідзе не так»?

– Я ў такім узросце, што ў мяне «ўсё так». (Смяецца.) Ранішняга «хапа», калі нешта не паспела або незнарок праліла каву на блузку, ужо няма: дзеці выраслі. Прачынаюся, спакойна збіраюся, павольна іду на работу. Калектыў у нас маленькі, мы адзін аднаму усміхнёмся – і добры настрой на ўвесь дзень гарантаваны. А дома адпачываю ў цішыні, праглядваючы навіны па тэлевізары і сацыяльныя сеткі ў тэлефоне, люблю пачытаць пра кветкі –  гэта маё захапленне. 

– Ці здаралася вам працаваць з незвы­чайнымі кліентамі?

– У нашым разуменні незвычайны – гэта з нейкай прэтэнзіяй. (Смяецца.) У мяне такіх, здаецца, не было. 

– Калі марыце пра адпачынак, вы?..

– Лепшы адпачынак для мяне ў Мінску, дзе жывуць дзеці і ўнучка. Таму зарання планую, чым іх парадаваць, як будзем ра­зам праводзіць час. Графік складзены так, што на год у адпачынку бываем двойчы – адзін раз абавязкова летам. А гэта добрае надвор’е і родныя побач. Што можа быць лепш?

– А калі вяртаецеся на работу?..

– Першыя дні адпачынку ў мяне сапраў­д­ная эйфарыя: ура! Першыя два тыдні адпачываю. А вось на апошнім, трэ­цім, ужо некамфортна: хочацца пайсці на працу! Таму ў першую гадзіну абменьваемся навінамі з калегамі – і з галавой у работу. Усё, як і не сыходзіла.

Паразважайце

 – Банкаўскі работнік не можа…
 – Адкласці работу на заўтра. Спагнанне за гэта будзе сур’ёзным. Наш дэвіз: дарабі – і ідзі. А яшчэ: усё  для кліента.

– Калі б не банк, то..
– З вышыні адпрацаваных гадоў – усё роўна нешта з фінансавай сферы. 

– А калі б не Астравец, то…
– Вялікі горад. Мабыць, сталіца. Бо там мае дзеці. Іншае месца – не. Толькі Астравец.




Текст:
Фото: Ольга Хотянович