Дапаможам Максіму пачуць спеў птушак!

Максім Савельеў жыве з мамай у Астраўцы. Яму 9 гадоў. Мама выхоўвае сына адна: бацька хлопчыка трагічна загінуў. Максім – добры, спагадлівы, цікаўны і таварыскі. Праўда, сяброў у яго з кожным днём становіцца менш. Прычына – хвароба: інваліднасць Максім атрымаў у тры гады, калі ў яго выявілі прыроджаны парок сэрца. А ў пяць гадоў яму паставілі двухбаковую хранічную нейрасэнсорную тугавухасць, хлопчык пачаў насіць слыхавы апарат. Але слых зніжаўся і ў 6 гадоў прапаў амаль зусім.


А потым былі дзіцячыя ЛАР-аддзяленні Гродзенскай абласной бальніцы і Рэспубліканскай клінічнай бальніцы паталогіі слыху, голасу і мовы. Гарманальная тэрапія, унутрывенныя прэпараты, якія расшыралі сасуды, вітаміны, баракамера… – усё гэта дало станоўчыя вынікі. Слых вярнуўся, але не поўнасцю. І ўсё было б добра – але праз паўгода ўсё зноў паўтарылася.
Зноў былі кропельніцы, уколы, лячэнне – і, на радасць маме і Максіму, станоўчы вынік. Але зноў жа – не надоўга… І калі раней лячэння хапала на паўгода, то цяпер – толькі на месяц, а то і менш.
Максім наведвае звычайную школу. Ён хутка засвойвае матэрыял і лёгка выконвае заданні па матэматыцы. З мовамі – цяжэй, зноў жа з-за таго, што падводзіць слых.
Вы толькі ўявіце, як цяжка жыць на свеце, калі ты не можаш пачуць мамін голас, спеў птушак, шолах дажджу, сігнал аўтамашыны ці тлумачэнне настаўніцы!
Любімы занятак Максіма – маляванне. Каляровыя фарбы цяпер запаўняюць яму той свет, які ён не чуе. Практычна ўвесь вольны час хлопчык праводзіць за мальбертам з фарбамі ў руках. У 2010 годзе ён пачаў наведваць заняткі класа мастацкага жывапісу школы мастацтваў – і яго творы не раз прымалі ўдзел у выставах.
Але з кожным днём слых у Максіма пагаршаецца – і ўсё часцей ён вымушаны заставацца дома. І таму прапускае заняткі і, вядома, адстае па прадметах ад сваіх аднакласнікаў.
Па заключэнні кансіліума ўрачоў бальніцы і супрацоўнікаў кафедры Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Максіму Савельеву неабходна пратэзіраванне слыху гібрыдным апаратам. Сёння дзяржаўных закупак гэтых апаратаў не праводзіцца, а каштуе ён немалых грошай. На набыццё сістэмы кахлеарнай імплантацыі «Гібрыд» патрабуецца 27 тысяч еўра. Грошы на апарат ужо пачаў збіраць дабрачынны фонд «Шанс». Па стану на 20 студзеня засталося сабраць 19861 еўра.
Але і кожны з нас можа дапамагчы Максіму і напоўніць яго жыццё гукамі. Усё, што трэба – пералічыць любую суму грошай на спецыяльна адкрыты рахунак, або прынесці свае ахвяраванні ў прэзідыум раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын – у рэдакцыю газеты «Астравецкая праўда».


Дарагія сябры! Зусім нядаўна Максім чуў і мог вучыцца ў звычайнай школе, а цяпер ён пазбаўлены такой магчымасці. Вашы ахвяраванні дапамогуць разумнаму і таленавітаму хлопчыку вярнуцца ў школу, кантактаваць з іншымі дзецьмі, развівацца і весці паўнацэннае жыццё. Толькі разам мы можам вярнуць слых Максіму. Давайце тварыць дабро – бо толькі яно параджае дабро!
Рэквізіты для пералічэння дабрачынных ахвяраванняў:
– Благотворительный счёт № 3135000000100 в ОАО «Белгазпромбанк»
г. Минск, код 742
Получатель: Фонд «Шанс»; УНП 805001111
Назначение платежа: пожертвование на лечение ребенка Савельева Максима.
– Электронными деньгами EasyPay можно перечислить средства на благотворительный счет фонда, воспользовавшись автоматической формой оплаты на сайте фонда «Шанс» – chance.by.
– Электронный кошелек WebMoney в белорусских рублях: B199756836033. Назначение платежа: «пожертвование на лечение ребенка Савельева Максима».
– Также можно воспользоваться платежной системой Интернет-банк.
– Вы можете перечислить пожертвование с помощью пластиковой банковской карты VISA и MasterCard посредством платежной системы WebPay, воспользовавшись автоматической формой оплаты на сайте фонда «Шанс».


Скачать квитанцию на оплату лечения



*****

Прэзідыум раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын па рашэнні праўлення арганізаваў збор сродкаў для дапамогі цяжка хворым дзецям-інвалідам. У “Астравецкай праўдзе” ў нумарах №№ 92 за 3 снежня, 99 за 29 снежня мінулага года мы расказвалі, ад каго паступілі грошы і каму яны перададзены.
Дабрачынныя ахвяраванні працягваюць паступаць – як ад арганізацый, так і ад прыватных асоб.


Раённая арганізацыя Беларускага саюза моладзі працягвае шэфства над маладым інвалідам Паўлам Мацкевічам. Члены гэтай маладзёжнай арганізацыі з РУП ЖКГ сабралі 284 тысячы рублёў, з цэнтральнай кацельні – 60 тысяч, з СВК “Гудагай” – 236620 рублёў, завода “Радыёдэталь” – 120 тысяч, СВК імя Гашкевіча – 200 тысяч рублёў. Супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў сабралі 500 тысяч рублёў. Усе гэтыя сродкі – 1400620 рублёў – перададзены сям’і юнака.….
…У рэдакцыю завітаў малады чалавек, які папрасіў не называць у газеце сваё імя. Ён прынёс 1 мільён 400 рублёў і папрасіў перадаць іх некаму з хворых дзяцей. “Вы лепш ведаеце, каму гэтыя грошы больш патрэбны”, — сказаў ён на развітанне.
150 тысяч рублёў перадала для дапамогі хворым дзецям Інэса Чаславаўна Карпіцкая. Жанчына разам з мужам выхоўвае пяцёра дзяцей, трое з якіх – прыёмныя. У гэтай мнагадзетнай сям’і дакладна няма лішняга матэрыяльнага дастатку. І тым не менш там вырашылі, што ёсць сем’і, дзе грошы патрэбны яшчэ больш, чым ім.
50 тысяч рулёў перадала для дапамогі хворым дзецям яшчэ адна мнагадзетная маці, Алена Уладзіславаўна Карпей.
Дабрачынныя ахвяраванні сабралі і перадалі ў раённую арганізацыю Беларускага саюза жанчын працоўныя калектывы: ад супрацоўнікаў “Белаграпрамбанка” паступіла 330 тысяч рублёў, ад раённай пракуратуры – 120 тысяч, ад раённай інспекцыі па падатках і зборах – 290 тысяч. Супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сабралі для дапамогі хворым дзецям 560 тысяч рублёў, калектыў РУП ЖКГ – 607 тысяч, Кямелішкаўскі сельвыканкам – 205 тысяч.
Усе гэтыя грошы – 3 мільёны 712 тысяч рублёў – мы пералічылі на дабрачынны рахунак для лячэння Максіма Савельева са шчырым спадзяваннем, што з дапамогай добрых людзей з усёй Беларусі, а таксама – дабрачынных ахвяраванняў землякоў да гэтага таленавітага і разумнага хлопчыка вернецца слых. Здароўя табе, Максім, цярпення і вытрымкі тваёй прыгожай і мужнай маме!
Жадаючыя аказаць дапамогу Максіму ці іншым хворым дзецям-інвалідам могуць пералічыць свае ахвяраванні на ўказаныя дабрачынныя рахункі ці прынесці іх у рэдакцыю, дзе працуюць старшыня і сакратар, раённай жаночай арганізацыі – мы перададзім іх па прызначэнні.


Ніна РЫБІК.