Данута Субаткевіч дзеліцца ўражаннямі ад форуму беларускіх жанчын
Напярэдадні Дня жанчын у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прайшоў форум “Жанчына і будучыня вёскі”, на які былі запрошаны 118 прадстаўніц лепшай паловы чалавецтва з усіх раёнаў нашай краіны. Астравеччыну на ім прадстаўляла ўрач Данута Субаткевіч. Пасля вяртання са сталіцы папрасілі яе падзяліцца ўражаннямі.
– Яны незабыўныя! – не хавала свайго хвалявання Данута Раманаўна. – Нас сабралі ў Авальнай зале, якую раней я бачыла толькі ў тэлевізійных рэпартажах. Жанчыны прадстаўлялі ўсе рэгіёны краіны, сферы дзейнасці і прафесіі. Нас прывітаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергіенка. Ён сказаў шмат прыгожых і правільных слоў пра ролю жанчыны ў развіцці грамадства. Многія ўдзельніцы падзяліліся сваімі думкамі, расказалі пра справы і здабыткі. Кожнай уручылі кветкі і падарункі. Было вельмі прыемна і радасна.

У фае Авальнай залы працавала выстава “Пяшчота зямлі беларускай у жаночых далонях”. Чаго там толькі не было! Проста дзіву даешся: якія ў нас цудоўныя майстрыхі і працаўніцы: усё яны ўмеюць, усё ім падуладна. І як іх шмат!


Яшчэ адным падарункам стаў выдатны канцэрт.
Цудоўным завяршэннем гэтага асаблівага для ўсіх удзельніц форуму дня стала экскурсія ў Палац Незалежнасці.Гонар перапаўняе сэрца: якая ж прыгожая, працавітая, багатая, перш за ўсё на добрых і разумных людзей, наша родная Беларусь!

