Да Дня работнікаў лесу расказваем пра грані якасці Астравецкага вопытнага лясгаса
Словам, гарманічна спалучае ў сваёй дзейнасці пяць граняў-арыенціраў, якія агучыў Аляксандр Лукашэнка, аб’яўляючы 2024-ты Годам якасці.
ІНАВАЦЫЙНАСЦЬ
Дрэваапрацоўчы цэх, калі не браць у разлік такога гіганта, як Беларуская атамная электрастанцыя, смела можна лічыць адным з прамысловых флагманаў Астравеччыны.Створанае на базе былога беларуска-польскага прадпрыемства яно развіваецца сямімільнымі крокамі: абнаўляецца лесапільнае абсталяванне і лінейка выпускаемай прадукцыі, укараняюцца новыя камп’ютарныя тэхналогіі. І нават з сітуацыі санкцыйнага ціску цэх і яго каманда знайшлі выгаднае для сябе выйсце.
Калі раней мы ўхіл рабілі на вытворчасць абразных піламатэрыялаў рознай кандыцыі, то са змяненнем сітуацыі давялося шмат увагі надаваць сушыльнаму працэсу.
Ва ўсіх лясгасах, у тым ліку і нашым, узнікалі праблемы менавіта з тым, як граматна высушыць драўніну. У камеру загружаецца дастаткова вялікі аб’ём дошкі, а на выхадзе атрымліваецца вялікая разбежка па вільготнасці. Патрэбна было выйсці на вузкі дыяпазон па гэтым паказчыку. Мы кансультаваліся са спецыялістамі-тэхнолагамі іншых лясгасаў. Наш майстар Аляксандр
Субач стаў працаваць над вырашэннем праблемы, агульнымі намаганнямі справіліся. Паспяховае адольванне перашкоды дазволіла зрабіць значны скачок у развіцці.
Стараемся не спыняцца на дасягнутым і па меры неабходнасці і магчымасцей набываць патрэбнае абсталяванне. З апошніх «абновак» – гэта станок лёжказарэзны «Тубарт-2.0», які мы набылі ў Расіі. З яго дапамогай можна рабіць вуглавыя злучэнні для бруса. Таксама набылі з падтрымкай Мінлясгаса стругальны чатырохстаронні станок – дастаткова сур’ёзны і нятанны агрэгат – для вырабу профільных элементаў. Акрамя гэтага, з’явіліся тарцовачная піла і свідравальны станок.
Адно з ноўхаў, якім можа пахваліцца наш цэх, – гэта вытворчасць зрубаў з прафіляванага бруса, прычым як разнастайных дробных архітэктурных форм, так і паўнавартаснага жылля, што называецца, пад ключ. Такі накірунак мы асвоілі адны з першых у Беларусі.
Што ўяўляе з сябе такі дом? Па-першае, гэта цалкам драўляная двухслойная канструкцыя з габляванымі сценамі. Такі зруб не «ўсядае», мае высокае энергазберажэнне, а таўшчыня сцен супаставіма з цаглянымі. Зазначу, што дэталі будучага дома робім з сухой драўніны. Усе элементы пранумараваны: пасля зборкі канструкцыі лічбы не будуць бачны.
З улікам таго, што ў нас ёсць патрэбны матэрыял, на выраб аднаго домакамплекта ў сярэднім трацім 2 тыдні. Уявіце сабе: для таго, каб перавезці ўсе дэталі такога зрубу, патрэбны дзве фуры. Гэта абумоўлена тым, што акрамя сцен, мы яшчэ робім падлогу і дах без пакрыцця.
Распрацаваны тыповыя праекты дамоў плошчай 60 і 100 квадратных метраў. Зазначу, што мы гатовы ісці насустрач нашым кліентам – і працаваць па індывідуальных заказах. Тым больш усё неабходнае для гэтага ў нас ёсць. Асаблівы гонар – спецыяльная камп’ютарная праграма. Інжынеру па цэнтралізацыі і метралогіі Аляксандру Назараву пад яе набылі ноўтбук. Яна дазваляе любую задумку чалавека апрацаваць і вывесці гатовыя чарцяжы для далейшай работы на станку.
Напрыклад, Уздзенскаму лясгасу запускалі гэтую праграму і наладжвалі абсталяванне для першаснага выпуску элементаў дома.
Наколькі ведаю, з лясгасаў нашага Гродзенскага вытворчага аб’яднання гэтай праграмай карыстаемся толькі мы і калегі з Навагрудчыны.
Думаю, што ў хуткім часе яе асвояць і астатнія, а драўляныя зрубы стануць брэндам нашай галіны.
ТЭХНАЛАГІЧНАСЦЬ
У параўнанні з іншымі падраздзяленнямі лесапункт самы малады. Ільвіная доля драўніны на Астравеччыне нарыхтоўваецца менавіта тут. Аказваецца сучасныя лесанарыхтоўчыя комплексы замяняюць работу 8-10 чалавек!
Начальнік лесапункта Руслан Герман:
Неаспрэчная перавага сучаснай тэхнікі ў тым, што пры механізацыі працэсу работа на дзялянках стала менш траўманебяспечнай і ў параўнанні з ручной працай, у сотні разоў вырасла яе прадукцыйнасць. Так, харвэстары, аснашчаны спецыяльнай камп’ютарнай сістэмай, якая дакладна і без хібаў вызначае памер, асартымент, колькасць драўніны. А фарвадар выконвае яе дасарціроўку, збор, пагрузку лесаматэрыялаў і транспарціроўку на прамежкавыя склады.
Наколькі ведаю, на распрацоўцы бураломаў на Гомельшчыне задзейнічана 64 лясгасы Брэсцкай, Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай абласцей. І такая салідарнасць, узаемадапамога і выручка дарагога каштуюць і сведчаць, што лясное брацтва існуе не на словах, а на справе.
ЭСТЭТЫЧНАСЦЬ
Атрымаць асалоду ад сузірання хуткаплыннай Віліі, якая, здаецца, падступае да самых ног, адпачыць на ўлонні першазданнай прыроды ў «Панскай сядзібе», убачыць зблізку высакародных аленяў, цыбатых ланяў і прыземістых заморскіх муфлонаў, прайсціся шляхам Альбекаў – гэта і не толькі прапаноўвае лясгас.
Інжынер па паляўнічай гаспадарцы Віктар Урбановіч:
Кампактнасцю, прыгажосцю пейзажаў вылучаецца паляўнічы комплекс «Панская сядзіба». Ён створаны на месцы былога панскага двара роду Блажэвічаў і размяшчаецца на мяжы двух вёсак – Задворнікаў і Дравянікаў.
Драўляны двухпавярховы дом узвышаецца над незвычайным ландшафтам, дзе ўсё прадумана да дробязяў для камфортнага і спакойнага адпачынку гасцей.
Упрыгожваюць сядзібу два адноўленыя штучныя вадаёмы, векавыя дрэвы і незвычайныя драўляныя скульптуры, створаныя лепшымі разьбярамі Беларусі на пленэрах у гэтым маляўнічым куточку Астравеччыны.
Ахвочыя могуць папарыцца ў лазні ці патрэніраваць руку і вока ў ціры па «бягучым кабане» і «лятаючых талерках». У сядзібе ёсць уся неабходная бытавая і іншая тэхніка і абсталяванне.
Знутры яна аздоблена трафеямі, скурамі жывёл і карцінамі на паляўнічую тэматыку.
Аматары актыўнага адпачынку могуць скарыстацца экалагічным турам і прайсціся па сцяжыне «У Альбекаў». Асаблівую цікаваць для турыстаў прадстаўляе насыпны курган, які, калі верыць легендзе, хавае скарб Напалеона.
Даведацца пра разнастайнасць дэкаратыўных дрэў і кустоў можна, зазірнуўшы ў дэндрапарк, які знаходзіцца літаральна за агароджай сядзібы. Гэты ўнікальны аб’ект работнікі лясгаса заклалі ў гонар былога першага ляснічага Астравецкага лясніцтва, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, кавалера двух ордэнаў Славы, заслужанага лесавода БССР Мікалая Пятровіча Кажамякіна. На трох гектарах гарманічна суіснуюць звыш 1 200 раслін амаль 60-ці відаў. Акрамя звыклых для нас туй і ядлаўцоў, тут можна адшукаць рэдкія арэх маньчжурскі, ціс, «сібірку» і кедр.
У кіламетры ад «Панскай сядзібы» на 220 гектарах раскінулася вальерная гаспадарка. Наш лясгас адзін з першых у Беларусі стаў развіваць гэты накірунак і, як паказала практыка, паспяхова. Акрамя плямістых аленяў, мы вырошчваем і высакародных, якіх завезлі з Белавежскай пушчы для стварэння новай папуляцыі. У той час у раёне налічвалася мала прадстаўнікоў гэтага каштоўнага віду. Праз некаторы час 30 высакародных аленяў мы выпусцілі ў натуральнае асяроддзе, і цяпер можна сустрэць іх памножаныя статкі ў нашых лясах.
Дарэчы, у спецыяльным назіральным вальеры можна пакарміць з рук ланяў.
Для тых, хто стаміўся ад горада і вірлівага тлуму, ідэальным месцам адпачынку і еднасці з прыродай стане паляўнічы комплекс «На Віліі» ў Быстрыцы, які размешчаны на беразе аднайменнай ракі.
ЭКАЛАГІЧНАСЦЬ
Упэўнена, што не толькі ў многіх астраўчан, але і ў беларусаў у цэлым на генетычным узроўні закладзены любоў да прыроды і лесу. Трапіўшы ў бярозавы гай ці сасновы бор, дзе немагчыма надыхацца свежым гаючым паветрам, прыходзіць дакладнае ўсведамленне, чаму нашы лясы называюць лёгкімі Еўропы…Інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі Анастасія Кандратовіч:
Калыскай лесу смела можна лічыць наш гадавальнік, які за непрацяглую гісторыю свайго існавання (нагадаю, у сувязі з павелічэннем Астраўца яго перанеслі за межы горада і заклалі з нуля) некалькі разоў атрымліваў статус узорнага.
Лесагадавальнік, як і сам горад, за гэты час разросся і папрыгажэў: на 12-ці гектарах раскінуліся пасяўное, школьнае аддзяленні, школкі для вырошчвання драўнінна-хмызняковых парод, матачнікі, цяпліцы, халадзільныя камеры для захоўвання пасадачнага матэрыялу, кропельны паліў… Усё гэта памножанае на старанне работнікаў дае свой плён: сеянцаў і саджанцаў хапае не толькі пад уласныя патрэбы, але і на рэалізацыю іншым лясгасам краіны і ў Расійскую Федэрацыю.
Будучае дрэва мала правільна прыкапаць у глебу, за ім яшчэ, як і за дзіцем, трэба старанна даглядаць. Асвятленні, праполкі, дапаўненні – далёка не ўвесь пералік неабходнага, каб дрэўцы ўкараняліся, набіраліся сіл і раслі. Толькі пасля 7-гадовага ўзросту пасадкі пры спрыяльнай сітуацыі пераводзяцца ў пакрытую лесам плошчу. Для гэтага праводзіцца інвентарызацыя.
Прыжываемасць залежыць не толькі ад самога сеянца-саджанца, але і надвор’я, і нават таго, хто яго садзіў.
Радуе, што кожны год працоўныя калектывы, грамадскія аб’яднанні і школьнікі дапамагаюць нам у аднаўленні лясоў. Думаецца, што многія неаднойчы бралі ўдзел у добраахвотных акцыях «Тыдзень лесу», «Адновім лясы разам» і зробяць гэта яшчэ неаднойчы.
Асабліва радуюся, калі старшакласнікі адказна ставяцца да задачы і гэтак жа старанна, як і дарослыя, працуюць на дзялянцы. Праз дзясятак гадоў яны з гонарам змогуць сказаць: «Гэта лес, пасаджаны маімі рукамі!»
БЯСПЕКА
Лес трэба не толькі вырасціць, але зберагчы ад пажараў і шкоднікаў. Першыя, па статыстыцы і як паказвае жыццё, часцей за ўсё ўзнікаюць па віне чалавека… Канулі ў лету тыя часы, калі на спецыяльных пажарных вышках варту неслі людзі. Цяпер на ўзбраенні лесапажарных дружын сучасныя тэхніка, абсталяванне і камп’ютарныя праграмы.
Начальнік лесагаспадарчага аддзела Юрый Касцюкевіч:

– З ранняй вясны і да позняй восені лясная пажарная ахова пераходзіць у рэжым актыўнага дзяжурства: папярэдзіць, своечасова выявіць і патушыць узгаранне ў лесе – адна з галоўных задач работнікаў нашай галіны ў гэты перыяд.
З 2021 года лясгас аб’яднаў у дыстанцыйную сістэму па выяўленні і прадухіленні пажараў «Лесной страж» чатыры вышкі з камерамі ў Астраўцы, Валэйкішках, Гервятах і Белай Вадзе. Яны на 100% ахопліваюць лясны фонд раёна. Акрамя гэтага, мы можам назіраць за камерамі ў Ашмянах, Жодзішках і Лынтупах, каб можна было адсачыць перасячэнне з двух аб’ектаў і больш дакладна вызначыць месца патэнцыйнага ўзгарання. У аўтаматычным рэжыме гэтая праграма выяўляе ачагі і задымленне: фатаграфуе месца і адлюстроўвае анлайн яго прыблізныя каардынаты. Сігнал імгненна паступае на адзіны пульт, а аператар разбіраецца ў сітуацыі – гэта дазваляе ў самыя сціснутыя тэрміны выявіць узгаранне ў лесе і патушыць яго. За сістэмай «Лесной страж» назіраюць ва ўсіх лясніцтвах, у лясгасе для гэтых мэт ёсць спецыяльны дзяжурны. Пры патрэбе нашы лесапажарныя брыгады, якія створаны ва ўсіх 9-ці лясніцтвах, выязджаюць у так званую разведку.
Таксама патэнцыйныя ўзгаранні адсочваюцца з дапамогай спадарожнікаў: на інтэрнэт-карце фіксуюцца цеплавыя анамаліі.
Для барацьбы з вогненнай стыхіяй ёсць 3 пажарныя аўтамабілі, гусенічны ўсюдыход і іншы неабходны інвентар.

Хоць і надвор’е сёлета ўстойліва спякотнае і дастаткова сухое, у лясным фондзе не зафіксавана ніводнага ўзгарання. Значыць, прымаюцца дзейсныя меры па ахове лесу ад пажараў. Радуе, што і насельніцтва адэкватна і сумленна ставіцца да абмежаванняў ці забарон на наведванне лесу і прытрымліваецца іх.
Дарэчы, пра гэта, а таксама пра клас пажарнай небяспекі можна даведацца з дапамогай інтэрактыўнай карты, якая размешчана на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі.
Для выяўлення парушальнікаў выкарыстоўваем так званыя фотапасткі (па дзве ў кожным лясніцтве і яшчэ такая ж колькасць ёсць у інжынера па ахове і абароне лесу), патрулюем фонд.
Для лепшай каардынацыі работы па ліквідацыі лясных пажараў у мінулым годзе ўкаранілі кароткахвалёвую радыёсувязь. Новая сістэма дазваляе быць на сувязі ў самых зацішных куточках, дзе не цягнуць мабільныя тэлефоны. Ды і калі аператыўна трэба разварочваць пажарныя рукавы, карыстацца ранцамі, лапатамі, радыёстанцыі куды больш зручныя.
Аднак, асабліва ў апошнія гады, лесу пагражае не толькі агонь, але і шкоднікі-насякомыя, хваробы і іншае. Самая актуальная для цяперашняга часу небяспека – гэта пашкоджанне ельнікаў караедам-тыпографам. На жаль, у нас таксама выяўлена некалькі ўчасткаў з лакалізацыяй гэтых шкоднікаў. Зазначу, што адзіная і самая эфектыўная барацьба з імі – гэта высечка пашкоджаных дрэў у максімальна кароткія тэрміны і вываз драўніны. Для адсочвання сітуацыі з караедам на пацярпелых тэрыторыях на месцах высечкі ўстанаўліваем ферамонныя пасткі і кожныя 10 дзён правяраем колькасць насякомых, якія туды трапілі…Словам, абараняем і ахоўваем лес.
…Пяць асноўных граняў-арыенціраў работы Астравецкага вопытнага лясгаса служаць красамоўным падмацаваннем таго, што людзі тут працуюць якасна не толькі ў Год якасці.