Да 60-годдзя Астравецкага вопытнага лясгаса гартаем старонкі гісторыі
Афіцыйным днём нараджэння лясгаса лічыцца 7 ліпеня 1966 года, калі быў падпісаны загад галоўнага ўпраўлення лясной гаспадаркі пры Савеце Міністраў БССР. На базе чатырох лясніцтваў Смаргонскага лясгаса (Астравецкага, Варнянскага, Кемелішкаўскага і Міхалішкаўскага) утварылі новы лясгас – Астравецкі. Яго першым дырэктарам стаў Уладзімір Дашкевіч.
У 1974 годзе лясгас узначаліў Аляксандр Буй.
У 1990 годзе капітанскі мосцік заняў Стратонік Лях.
З цягам часу 4 лясніцтвы «разрасліся» да 9. Пры кожным кіраўніку адбываліся станоўчыя змены: арганізаваны лесагадавальнік, дрэваапрацоўчы цэх, пабудаваны складскія памяшканні, павялічваліся лясныя плошчы…
Але бадай што самыя значныя змяненні нашай лясной гаспадаркі адбыліся падчас кіраўніцтва Рыгора Долгага, які ў 2002 годзе ўзначаліў лясгас. З яго прыходам другое дыханне атрымала і паляўнічая гаспадарка, і дрэваапрацоўка. Грунтоўна абнавілі адміністрацыйныя будынкі лясніцтваў, для работнікаў стварылі камфортныя ўмовы для працы і адпачынку. З нуля быў закладзены новы лесагадавальнік, які неаднаразова атрымліваў статус узорнага.
Драўніну ўжо даўно нарыхтоўваюць не столькі людзі, колькі сучасныя машыны – фарвардары і харвэстары.
Дзеці абіраюць дарогу бацькоў і становяцца прадаўжальнікамі лясных дынастый: варта прыгадаць Мазыркаў, Германаў, Дзісько, Салаўёў…
60 гадоў – гэта паважаны юбілей, які аб’ядноўвае інавацыі сучаснага лесакарыстання і мудрыя запаветы ветэранаў галіны. Гэта пераемнасць стала галоўным у працы ўсіх работнікаў Астравецкага вопытнага лясгаса, чыя высакародная місія застаецца нязменнай – зберагаць і прымнажаць лясное багацце роднага краю.
