Цветочный рай
«Актыўнае даўгалецце» – гэта ўжо дружны, згуртаваны калектыў, які аб'яднаў пенсіянераў рознага ўзросту. Гэта тыя, хто нядаўна выйшаў на пенсію і каму ўжо за 80. Але ўсе яны, поўныя энергіі, аптымізму, маладыя душой. Прыходзяць на пасяджэнне клуба адпачыць ад жыццёвых праблем, успомніць мінулае, падзяліцца сваім меркаваннем, даведацца нешта новае і проста пагутарыць. Ім падабаецца ўдзельнічаць у падрыхтоўцы і правядзенні пасяджэнняў, разважаць, абменьвацца меркаваннямі ў коле аднадумцаў. Для нашых чытачоў-пенсіянераў клуб – месца не толькі правядзення вольнага часу, але і духоўных зносін. Члены клуба стараюцца «трымаць руку на пульсе часу». Ім заўсёды цікава разам: адзначаць святы, прыдумваць і арганізоўваць самыя розныя конкурсы, вандраваць, праводзіць цікавыя мерапрыемствы.
Вось і на чарговай сустрэчы арганізавалі свята кветак “Май-кветкавы рай”. Г.А. Вайцяхоўская, К.Ц. Пятроўская, М.П. Леановіч падзяліліся кветкамі, што вырасцілі ў сваіх палісадніках, Т.С. Петрусевіч прапанавала пасадачны матэрыял, расказала пра спосабы размнажэння, тэхналогіі вырошчвання кветак. С.І. Мешкіс прэзентавала зробленыя вольным часам вышыванкі з выявамі кветак. “Калі ты бачыш, як вакол усё квітнее, адчуваеш ні з чым непараўнальную радасць! Хочацца ўдыхнуць неперадавальна смачны водар кветак і надоўга затрымаць дыханне, каб гэтая прыгажосць напоўніла тваю істоту. Я жадаю ўсім удзельнікам такога стану радасці ад любімай справы” – раскрыла свой сакрэт маладосці Ніна Станіславаўна Марыняк.

А яшчэ была цудоўная лірычная кампазіцыя “Кветкі-вочы зямлі”, якая прагучала ў выкананні супрацоўнікаў бібліятэкі Наталлі Рабцавай і Юліі Ефішавай, гучалі вершы, бываліцы і нават ода дзьмухаўцу ад Святланы Пятроўны Бацюлевай. Кожны мог праявіць сябе як лепшы знаўца кветак, выканальнік песень пра кветкі.
У цэнтры ўвагі былі выстаўкі рэтрапаштовак з кветкамі, якія збераглі і паказалі ўдзельнікам пасяджэння Г.М. Серая, Д.Ф. Чарнушэвіч, С.І. Мешкіс, і выстаўка бібліятэчных выданняў “Кветкі ў мастацтве”, ”Кветкаводу-аматару”.
А аб'яднала ўсіх цяплом сваёй душы вядучая свята Данута Францаўна Чарнушэвіч.
-----------------------------------------------------
Вольга ПіНчук, намеснік дырэктара
Дук“Астравецкая раённая бібліятэка”.
