Чытаем сваё: пісьменнік Васіль Быкаў – сведка і ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны
Напэўна, цяжка знайсці чалавека, які не чытаў Быкава і ў якога не перахоплівала дух ад дэталёвых і пранізлівых карцін, намаляваных аўтарам з дапамогай слоў. У яго творах чытач нібы сам становіцца дзеючай асобай: ён не толькі назірае за тым, што адбываецца, але разам з героямі адчувае боль, пакутуе, перажывае, размаўляе, аказваецца адзін на адзін з ворагам ці на мяжы жыцця і смерці… «Сотнікаў», «Жураўліны крык», «Абеліск» – гэтыя творы прачытала ў 11-м класе. Тады адзначалася 60-годдзе Вялікай Перамогі, а я рыхтавалася да паступлення на філалагічны факультэт універсітэта. Настаўніца рускай мовы і літаратуры папярэджвала, што на ўступных экзаменах сярод тэм для сачыненняў хутчэй за ўсё будзе Вялікая Айчынная. І я, прызнаюся, не разглядала іншых накірункаў, таму старалася прачытать як мага больш твораў пра вайну.
Аднак якім жа было маё здзіўленне, калі сярод прапанаваных тэм не было прысвечанай падзеям 1941-1945 гадоў… Затое вольны варыянт тычыўся тэмы памяці ў літаратуры – і вось тут мне на дапамогу прыйшлі творы пра Вялікую Айчынную, у тым ліку і аўтарства Васіля Быкава.
Пісьменнік быў сапраўдным сведкам вайны, бо сам прайшоў яе, за ім замацавалася рэпутацыя смелага і мужнага байца. Перажытыя Быкавым падзеі не змаглі не застацца ў памяці – і пераўтварыліся ў гераічныя, кранальныя аповесці і апавяданні. Там знайшлі адлюстраванне вайна, псіхалагічны стан і маральны выбар персанажаў, здрада, пакуты і, вядома, гора і жахі. Аўтар, які бачыў усё гэта сваімі вачыма і адчуў на сабе, не проста перадаў мастацкім словам тое, што адбывалася, але зрабіў гэта вельмі тонка, дакладна, сапраўдна, без лішняга ўпрыгожвання.
Адштурхоўваючыся ад літаратурных твораў, у сачыненні я разважала, чаму мы павінны памятаць пра Вялікую Айчынную вайну і подзвіг нашых продкаў, якія падарылі нам Вялікую Перамогу і магчымасць жыць пад мірным небам. І зусім няважна, колькі гадоў будуць аддзяляць нас ад тых падзей.
А сёння, у час, калі ўсё часцей чуеш пра спробы перайначыць падзеі той вайны, асабліва неабходна чытаць творы Васіля Быкава – каб не забываць, што перажылі нашы дзяды-прадзеды і бабулі-прабабулі; каб зрабіць усё магчымае і не дазволіць паўтарыцца тым жахам; каб цаніць мір і спакой.
Зімой 1944 года, у час разгрому фашысцкіх войск пад украінскім горадам Кіраваградам, батальён, у якім ваяваў малодшы лейтэнант Васіль Быкаў, быў разбіты варожымі танкамі. З прастрэленай нагой хлопец трапіў у санроту. Фашысцкія танкі накінуліся на тылы. Параненым байцам, хоць крыху здольным рухацца, давялося ратавацца самім, адстрэльвацца і адыходзіць праз міннае поле, рызыкуючы падарвацца.
Гэтыя падзеі апісаны ў аповесці «Мёртвым не баліць».
А вы ведалі?
* Будучы пісьменнік з дзяцінства любіў чытаць, асабліва яму падабаліся кнігі пра прыгоды і чараўніцтва.
* Васіль Быкаў захапляўся маляваннем і мог бы стаць вядомым мастаком, пасля школы пайшоў вучыцца на скульптара, але вымушаны быў кінуць вучылішча і пайсці працаваць.
* Першыя апавяданні «У той дзень», «У першым баі» былі надрукаваны на старонках газеты «Гродзенская праўда», дзе працаваў Быкаў.
* За аповесць «Трэцяя ракета» пісьменнік атрымаў Літаратурную прэмію імя Якуба Коласа, за «Абеліск» і «Дажыць да світання» – Дзяржаўную літаратурную прэмію СССР, за «Воўчую зграю» і «Яго батальён» – Дзяржаўную прэмію БССР імя Якуба Коласа, за «Знак бяды» – Ленінскую прэмію.
* У кнізе «Мёртвым не баліць» ёсць біяграфічны факт: падчас Кіраваградскага бою будучы пісьменнік атрымаў раненне нагі і жывата – і яго памылкова запісалі ў загінулыя.
* Па творах Васіля Быкава знята каля 20 фільмаў, сярод якіх «Трэцяя ракета», «Альпійская балада», «Узыходжанне», «Круглянскі мост», «Дажыць да світання», «Абеліск» і іншыя.
